Шчаслівая флейта з эталоннай калекцыі

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Нядаўна ў нашу краіну была дастаўлена канцэртная флейта, набытая сусветна знакамітым Уладзімірам Співаковым для студэнткі ІІ курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Юліі Шчасновіч. Прэзентацыя інструмента адбылася 23 сакавіка на пашыраным пасяджэнні Савета навучальнай установы.

/i/content/pi/cult/315/5498/3-1.jpg

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, уручаючы флейту маладой выканаўцы, адзначыў: "Співакоў невыпадкова заўважыў беларускіх музыкантаў і з такой цеплынёй іх падтрымлівае. Наша Акадэмія музыкі - адна з вядучых ВНУ з ліку падобных на постсавецкай прасторы. Штогод трыццаць - сорак яе выхаванцаў становяцца пераможцамі прэстыжных міжнародных конкурсаў".

Дарэчы, гэта не першы каштоўны інструмент, атрыманы нашымі музыкантамі. Летась адбылася прэзентацыя скрыпкі Гварнеры, нядаўна ў Акадэміі музыкі быў усталяваны арган, прэзентацыя якога пройдзе ў хуткім часе. У перспектыве - набыццё яшчэ адной скрыпкі, альта, віяланчэлі, каб склаўся спачатку струнны квартэт, а надалей - і цэлы аркестр цудоўных інструментаў. Установе неабходна эталонная калекцыя інструментаў, якая і пачала фарміравацца.

 Гасцямі БДАМ, акрамя Т.Стружэцкага, сталі саветнік - пасланнік Пасольства Расіі ў Беларусі Алег Ягораў, Пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі Ніна Мазай.

У сваім слове ў адказ Юлія Шчасновіч падзякавала ўсім, хто спрычыніўся да гэтай падзеі.

А невялікі канцэрт, што завяршыў урачыстасць, дазволіў ацаніць і новы інструмент, і майстэрства флейтысткі, і педагагічны талент загадчыка кафедры драўляных духавых інструментаў БДАМ, прафесара Барыса Нічкова, у класе якога займаецца Юлія. Звонкі, прыгожы голас флейты гучаў не агульным "несфакусіраваным" шлейфам віртуозных пасажаў, а бліскучым россыпам колкіх дыяментаў, што складаюць зорны малюнак на начным небе. Такія ж ноткі-бліскаўкі ўпрыгожвалі канцэртны строй выканаўцы - яшчэ адзін падарунак вялікага маэстра. Фінальны ж Вальс Б.Гадара даў магчымасць атрымаць асалоду ад флейтавай пяшчоты, азоранай жывым подыхам кантылены.

На здымку: Юлія Шчасновіч з новай флейтай.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА