Імпульсы для дыялога

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

Дні культуры Украіны ў Рэспубліцы Беларусь сталіся адной з галоўных падзей тыдня. Найперш завітаўшы ў Мінск, праз колькі дзён іх удзельнікі наведалі Культурную сталіцу Беларусі і Садружнасці-2011— Гомель.

/i/content/pi/cult/315/5497/2-1.jpg

 Вынікі ж сустрэчы міністраў культуры абедзвюх краін, дзе абмяркоўваліся далейшыя планы супрацоўніцтва, былі агучаны яшчэ на брыфінгу, які адбыўся перад адкрыццём урачыстасці ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

- Размова вялася, - распавёў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка,- пра перспектывы супрацоўніцтва пад час такіх знакавых фестываляў на нашай тэрыторыі, як "Славянскі базар у Віцебску", "Лістапад". Мы гаварылі аб неабходнасці новага імпульсу супрацоўніцтва паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі культуры і мастацтва абедзвюх краін, пра магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў у галіне кіно. Абмяркоўваліся перспектыва адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве (спадзяёмся, ён будзе ўсталяваны ўжо ў красавіку і бліжэйшым часам адбудзецца яго афіцыйнае адкрыццё), а таксама неабходнасць стварэння Культурнага цэнтра Беларусі ў Кіеве і шмат чаго іншага. Нагадаю, што гісторыя правядзення ўзаемных Дзён культуры Украіны і Беларусі бярэ пачатак з 1957-га. А за апошнія 20 гадоў, з часоў нашай Незалежнасці, гэта ўжо трэці такі абмен. Дзякуючы падпісанай летась Праграме супрацоўніцтва паміж краінамі культурныя кантакты яшчэ больш актывізаваліся. З 2008 года ў Беларусі адбылося больш за 150 мерапрыемстваў з удзелам украінскіх сяброў: фестываляў, выставак, канцэртаў. Але гэта толькі тыя акцыі, што праводзіліся ў дзяржаўных установах культуры. І Дні культуры становяцца кульмінацыяй такога супрацоўніцтва, якое адбываецца літаральна штодня.

 - Для нас вялікі гонар, - адзначыў міністр культуры і турызму Украіны Міхаіл Кулыняк, - прыехаць да вас з Днямі культуры ў год, калі мы святкуем 20-годдзе Незалежнасці Украіны. У сваю чаргу, мы запрашаем беларускія творчыя калектывы прыехаць да нас і прыняць удзел у гэтых урачыстасцях...

На пытанне "К", ці ўбачым мы на сцэне нашага Вялікага тэатра не толькі асобных запрошаных украінскіх салістаў, але і цэлыя оперныя спектаклі, М.Кулыняк запэўніў, што гэтае пытанне распрацоўваецца, і залогам далейшых /i/content/pi/cult/315/5497/2-2.jpgплённых абменаў паслужаць дамовы, заключаныя паміж нашым Оперным і калектывамі Кіева і Львова.

 З сольным канцэртам у двух аддзяленнях выступіў на сцэне Вялікага Нацыянальны заслужаны акадэмічны ансамбль танца Украіны. Гэты славуты калектыў - часты госць у Беларусі. Праграма, складзеная з лепшых нумароў розных гадоў, з'яднала асаблівасці народных танцаў розных рэгіёнаў Украіны і дала магчымасць параўнаць пастановачную манеру Паўла Вірскага, чыё імя носіць ансамбль, і цяперашняга мастацкага кіраўніка калектыву Міраслава Вантуха. А калі выконваўся знакаміты Гапак з оперы "Тарас Бульба", узгадаўся саліст нашай балетнай трупы Іван Савенкаў, які танцуе яго з такім жа імпэтам, як і самі ўкраінцы. Ці ж гэта не чарговы доказ таго, што культурны дыялог узбагачае абедзве дзяржавы!

 На здымках: Міхаіл Кулыняк і Павел Латушка пад час брыфінгу ў Вялікім тэатры;

адкрываў свята знакаміты ансамбль імя Паўла Вірскага.

 Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА, і Юрыя ІВАНОВА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"