Альтэрнатывы і перспектывы

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

VI Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” уступае ў сваю заключную, аналітычную, частку.

/i/content/pi/cult/315/5493/2-4.jpg

 Фестывальная праграма, што яшчэ не завяршылася, традыцыйна нагадвае "крылатыя арэлі", што хістаюцца ў надзвычай шырокім дыяпазоне: ад звыклага, псіхалагічнага тэатра да пастановак яркай формы і вострага адчування сцэнічнай прасторы; ад пантамімы і пластыкі да спавядальных спектакляў-тэкстаў. Але поруч з імі - размовы аб спецыфіцы тэатральнага існавання ў сучасных культурных варунках, майстар-класы па сцэнічнай мове - Людмілы Мальцавай, акцёрскім трэнінгу - Рыгора Казлова, асобым спосабе існавання ў сцэнічнай прасторы - Мікалая Каляды. Асоба апошняга, да слова, выклікала ва аўдыторыі "М.@rt.кантакту" надзвычай цікавую дыскусію аб правах і абавязках рэжысёра ў тэатры, аб ступені і межах творчага "ператраўлівання" драматургічнага матэрыялу і адказнасці за той прадукт, які ў выніку гэтай работы выходзіць да гледача.

На "дэсерт" для фестывальных гурманаў засталіся яшчэ дзве цікавыя творчыя акцыі. Першая - суботняя Майстэрня маладой рэжысуры, у рамках якой кумір маладзёжнай часткі форуму цягам некалькіх апошніх гадоў Яўген Карняг прадставіць свой эскіз да спектакля "Інтэрв'ю" па матывах казак братоў Грым. Ну, а заключнай падзеяй мусіць стаць сама "Падзея" - прэм'ерны спектакль Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, пастаўлены па п'есе Уладзіміра Набокава галоўным рэжысёрам тэатра-гаспадара форуму Кацярынай Аверкавай. Акурат ім 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, закрыецца "М.@rt.кантакт". Але перад гэтым закрыццём свае вердыкты вынесуць як прафесійныя эксперты, запрошаныя ў Магілёў, так і маладзёжнае журы.