27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра

№ 13 (985) 26.03.2011 - 01.04.2011 г

З пачуццём глыбокай павагі віншую ўсіх работнікаў тэатраў Беларусі з прафесійным святам — Міжнародным днём тэатра!

 

 Гэтаму святочнаму дню - 27 сакавіка - заўсёды спадарожнічае асаблівы душэўны настрой. Міжнародны дзень тэатра - гэта свята ўсіх тых шчыра адданых тэатральнаму мастацтву творцаў, якія ў сваёй штодзённай працы звяртаюцца да глыбінь чалавечай душы, абуджаючы ў сэрцах і розуме кожнага з нас моцныя перажыванні. Па сутнасці, штодзённа клапоцячыся аб тым, каб чалавек ніколі не забываў, што ён - істота, надзеленая вялікім дарам - ствараць прыгажосць.

Беларусь па праве можа ганарыцца сваімі выдатнымі майстрамі сцэны, чыя творчасць шмат гадоў служыць невычэрпнай крыніцай натхнення для розных пакаленняў гледачоў, прыцягвае ўвагу да грунтоўных філасофскіх і светаадчувальных аспектаў чалавечага быцця, спрыяе далейшай гуманізацыі нашага грамадства.

 За мінулы год на беларускіх тэатральных падмостках з поспехам прайшлі VI Міжнародны фестываль тэатраў лялек у г. Мінску, Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" ў г. Брэсце, V Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.кантакт" у г. Магілёве, рэалізаваны новыя прэстыжныя тэатральныя праекты, такія, як Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў, Мінскі міжнародны калядны оперны форум і шмат іншых, адбыліся гучныя прэм'еры, смелыя мастацкія эксперыменты. Беларускі тэатр таксама быў на самым высокім узроўні прадстаўлены і за межамі нашай краіны пад час гастролей, удзелу ў замежных тэатральных фестывалях. Усё гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што нацыянальны тэатр застаецца цэнтрам культурнага жыцця краіны, упэўнена рухаецца па шляху захавання і прымнажэння духоўных каштоўнасцей беларускага народа.

Але тэатр і надалей працягвае сваё развіццё: з мэтай удасканалення творчага майстэрства прафесійных тэатраў Рэспублікі Беларусь у бягучым годзе ўпершыню распачаты рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія", які пройдзе ў фармаце агульнарэспубліканскай культурнай акцыі. А Дзяржаўная праграма рэканструкцыі тэатраў Беларусі да 2013 года дазволіць значна ўзмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу дзяржаўных тэатраў краіны.

Дазвольце ў гэты святочны дзень пажадаць на доўгія гады ўсім майстрам сцэны, супрацоўнікам тэатраў плёну ў працы, бліскучых прэм'ер, невычарпальнага натхнення, захопленых і ўдзячных апладысментаў, светлай і жыццесцвярджальнай творчасці.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА