Перад намі разгортваецца разумная і тонкая камедыя, якая ўзнімае пытанні сэнсу жыцця, аптымізму і мужнасці, што супрацьстаяць смутку блізкай старасці. Героі — і тут асаблівая заслуга ансамбля артыстаў і таленту рэжысёра — знаходзяць сілы, каб не паддавацца журбе, адзіноце, песімізму, а, як і раней, жыць светла, любіць блізкіх, радзіму, берагчы дабрыню і ўсё тое лепшае, што мае наш народ. Патрыятычная нота вельмі важка і магутна гучыць у гэтым вясёлым і сумным, мудрым і гарэзлівым спектаклі.
Жыццё і пачуцці абаяльнай і эмацыянальна пранікнёнай настаўніцы Соф’і (Г.Вевер), яе мужа артыста (В.Беднашэя), медсястры (Э.Бацянкова) і былога афіцэра марскога флота (А.Бычкоў) выклікаюць у гледачоў жывую цікавасць і з’яўляюцца павучальнай гісторыяй для моладзі. Мажліва, гэтая “пераклічка” ідэй, любоў да бліжняга, пазнавальнасць рэалій часу цікавыя для гледачоў розных пакаленняў? Галоўная гераіня дазнаецца, што ў тым горадзе, куды запрасілі яе мужа-артыста на ролю караля Ліра, жывуць іхнія аднакласнікі: медсястра Надзея і былы падводнік Галабурда. І Соф’я ўзгадала знакаміты некалі школьны квартэт. Ах, як яны спявалі любімыя песні! Ці змогуць яны аднавіць ансамбль? Ці будзе жаданне, ці не страцілі прагу да жыцця аднакласнікі,у кожнага з якіх сёння свой лёс?..
Сюжэт развіваецца хутка, інтрыга набірае абароты. Яны сустракаюцца, і з першых жа хвілін іх аб’ядноўваюць не ўспаміны, а песня — мелодыя юнацтва. І становіцца зразумела, што праз многія дзесяцігоддзі яны, па сутнасці, не змяніліся, жыццё іх не паламала, бо ўся “чацвёрка” здолела захаваць асноўнае — чуласць і жаданне дапамагчы адно аднаму.
Кожны з акцёраў — варта адзначыць дакладны рэжысёрскі малюнак спектакля Б.Арлоўскага — у пэўных эпізодах адыгрывае “першую скрыпку”, выяўляючы індывідуальнасць свайго персанажа. І, здавалася б, камедыя не надта прадугледжвае псіхалагізм, у асноўным трымаючыся на знешніх эфектах, жартах, нечаканых паваротах сюжэта (так адбываецца і ў гэтым спектаклі), але акцёры псіхалагічна вельмі пераканаўчыя, шчырыя ў сваіх учынках, здольныя трымаць паўзу. І — насамрэч добра спяваюць!Камічная “частка” спектакля грунтуецца, па большасці, на вострахарактарных ролях В.Беднашэі і Я.Каньковай, але і яны не забываюцца вельмі тонка перадаць лірызм, меладраматычныя ноткі, смутак. Пяць лёсаў, пяць зусім розных характараў, але штосьці ў іх ёсць агульнае. Гэта тое агульнае, дзеля чаго і пісалася п’еса, дзеля чаго і ажыццяўлялася пастаноўка спектакля: пакуль чалавек жывы, ён мусіць любіць жыццё, абараняць дабро і справядлівасць, не баяцца кахання і гаварыць пра каханне, служыць радзіме.
Як і мае быць у класічнай камедыі, усё завяршаецца добра, на аптымістычнай ноце. “А годы летят, наши годы, как птицы, летят” — гучыць у фінале песня, якая лейтматывам праходзіць праз гэты надзвычай эмацыянальны спектакль. У глядзельнай зале — гучныя апладысменты, нехта нават падпявае артыстам. Яшчэ доўга ўзрушаныя гледачы не разыходзяцца — яны ўжо палюбілі герояў і паверылі ў іхнія перакананні. Бясспрэчна, гэта ўдача і аўтара, і ўсяго калектыву Гомельскага драматычнага тэатра.
Пісьменнік на прэм’еры прызнаўся, што нарэшце ён знайшоў “свайго” рэжысёра і “свой” тэатр, з якім з задавальненнем будзе працаваць і над новай камедыяй.
Дарэчы будзе сказаць пра той факт, што апошнім часам у рэпертуары нашых тэатраў, на жаль, амаль няма пастановак, якія б сцвярджалі пафас жыцця, любоў дасённяшняй Беларусі. Гэта — першая ластаўка. А пра тое, што спектаклю наканавана доўгае жыццё, сведчыць хаця б поспех, якім ён быў узнагароджаны на гастролях у Брэсце і які пацвярджае думку: лепшае натхненне для чалавека — гэта любіць жыццё і жыць прыгожа, годна, паводле праўды. Дзякуй, тэатр!
Ірына КАЧАТКОВА