“…Дунай” супраць “…Возера”

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр вярнуўся са смаленскіх гастролей акрылены: праз год наш калектыў абяцалі запрасіць на тамтэйшы фестываль “Каўчэг”, што ладзіцца Міністэрствам культуры Расіі, паступалі і іншыя заманлівыя прапановы.

/i/content/pi/cult/314/5485/pic_26.jpg- З чым ехаць на будучы форум, - падзяліўся планамі мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч, - будзем думаць. Бо імідж - на высокім узроўні, трэба яго замацоўваць. Можа, возьмем адну з бліжэйшых класічных прэм'ер. А гэта "Сільва" Імрэ Кальмана (роўна праз тыдзень, 26 сакавіка). Потым, не выключана, звернемся да "Графа Люксембургскага" Ферэнца Легара, хацелася б паставіць і камічную оперу "Званочак" Гаэтана Даніцэці. На парадку дня - нацыянальны рэпертуар. Уладзімір Кандрусевіч скончыў працу над мюзіклам пра Соф'ю Гальшанскую, шукаем грошы на пастаноўку, бо такі спектакль павінен быць відовішчным, прэзентабельным. Марым паставіць і балет "Клеапатра" Вячаслава Кузняцова, але, баімся, наша харэаграфічная трупа пакуль не пацягне такія маштабы: гэты спектакль патрабуе размаху, максімальнай "поўнаметражнасці" з вялікай колькасцю артыстаў і, зразумела, шыкоўную выканаўцу галоўнай партыі.

Дарэчы, смаленскія гастролі дадаткова пераканалі: праз нейкі час усё гэта ў нас будзе, бо балетная трупа паверыла ў сябе, у яе працы з'явілася, так бы мовіць, надзейнасць. "Кармэн-сюіту" і фрагмент "Шчаўкунка" мы паказвалі ў апошні вечар. Былі вымушаны танцаваць пад фанаграму: аркестр да гэтага часу ўжо з'ехаў, бо павінен быў удзельнічаць у святочным канцэрце ў Мінску. Напярэдадні ж у Смаленск прыязджалі артысты Вялікага тэатра Расіі з "Лебядзіным возерам". Як выступаць пасля іх? Але хваляваліся дарма! Пра паспяховасць усіх гастролей сведчыць ужо той факт, што замест запланаваных пяці спектаклей давялося даць дадатковы.

Прэса, вядома, задавала самыя правакацыйныя /i/content/pi/cult/314/5485/pic_27.jpgпытанні: маўляў, дзе ваша інавацыйнае стаўленне да класікі? "Лятучая мыш", якой мы адкрывалі гастролі, падалася ім старамоднай. Яно і зразумела: спектакль быў пастаўлены 30 гадоў таму, яшчэ на сцэне Дома афіцэраў, напярэдадні адкрыцця цяперашняга будынка, і дзесяцігоддзе таму адноўлены. Але гледачы былі ў захапленні: пасля Вальса "На чароўным блакітным Дунаі" авацыі не сціхалі ледзь не пяць хвілін. Ацанілі і нашых спевакоў (тую ж Маргарыту Александровіч), і наш аркестр, якім у розныя вечары кіравалі Алег Лясун, Юрый Галяс, Марына Трацякова. Сцэна Смаленскага драматычнага тэатра, дзе мы выступалі, - вялікая, акустыка нават лепшая за нашу. А вось аркестравая яма - малая. Музыкантам давялося пацясніцца, бэк-вакал у "...Чыкага" стаяў на ўваходзе, але склад мы не змяншалі- хіба ад званоў адмовіліся: іх і перавозіць цяжкавата.

У тамтэйшай публікі- добры музычны густ, выхаваны ў свой час дырыжорам Віктарам Дуброўскім: той у 1989м заснаваў Смаленскі народны аркестр, які цяпер носіць яго імя. А пачынаў ён сваю кар'еру, дарэчы, у Мінску - галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра нашай філармоніі, і шмат супрацоўнічаў з ім надалей. Так што лёсы творчых дзеячаў двух гарадоў спляталіся неаднойчы.

Памятаюць у Смаленску і мінулыя гастролі нашага тэатра - у 1987-м і 90м, таму з асаблівай любоўю сустракалі Наталлю Гайду. На "Аршыне мал алане" была ўся азербайджанская дыяспара - ад старых да малых, прыходзілі цэлымі сем'ямі. Аляксандра Асіпца ўвогуле за "свайго" прынялі: не верылі, што ён наш саліст, а не азербайджанскі. Цудоўна прымалі Віктара Цыркуновіча, Аляксандра Крукоўскага, двух Дзянісаў - Нямцова і Мальцэвіча, Антона Заянчкоўскага... Ды ўвогуле ўсіх!

На здымках: сцэны са спектакляў "Аднойчы ў Чыкага" і "Шчаўкунок".

Фота Сяргея СУЛАЯ

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"