Уборы для прым

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылася выстаўка “Прыгажосць уратуе свет”, прысвечаная жаночаму сцэнічнаму касцюму.

/i/content/pi/cult/314/5484/pic_24.jpgВыстаўка знаёміць з таленавітымі актрысамі сучаснай Беларусі, раскрывае складанасць, шматграннасць працы пры стварэнні яркага і зразумелага для гледача, а галоўнае - прыгожага жаночага вобраза. На ёй прадстаўлены касцюмы, упрыгожанні, фотаздымкі і асабістыя рэчы, звязаныя з творчасцю вядомых актрыс. Гаворка - пра шыкоўныя ўборы прым Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета (Тамара Ніжнікава, Ніна Шарубіна, Тамара Глаголева, Настасся Масквіна) і Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра (Наталля Гайда). На вялікай экспазіцыйнай прасторы прадстаўлены касцюмы знакамітых актрыс Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (Галіна Арлова, Марыя Захарэвіч, Зінаіда Зубкова) і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (Вольга Клебановіч, Бэла Масумян, Ганна Маланкіна, Алена Пастрэвіч, Аксана Лясная).

Пра значную ролю сцэнічнага касцюма распавёў пад час адкрыцця выстаўкі галоўны рэжысёр тэатра імя М.Горкага Сяргей Кавальчык. Цікавыя аповеды аб лепшых касцюмах і звязаных з імі запамінальных момантах у працы пачулі госці вернісажу ад артыстак Ганны Маланкінай, Зінаіды Зубковай і Алены Пастрэвіч. А салісткі Опернага тэатра Ніна Шарубіна, Тамара Глаголева і Настасся Масквіна праспявалі арыі і рамансы.

Таццяна КАНДРАТОВІЧ, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры