Як прыдумаць балет?

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Больш пільна ўгледзецца ў маладую артыстку балета, якая, акрамя працы ў нашым Вялікім тэатры, робіць свае першыя крокі, навучаючыся на харэографа ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сапраўды варта: адзінкі абіраюць сваім шляхам прафесію пастаноўшчыка ў высокім мастацтве балета. Такім чынам, пазнаёмцеся: сёння гутарым з маладым беларускім балетмайстрам Любоўю АНДРЭЕВАЙ.

/i/content/pi/cult/314/5481/pic_16.jpg- Я з дзяцінства ўсім казала: "Хачу быць балетмайстрам", - усміхаецца дзяўчына. - Мяне часта перапытвалі: "Балерынай?" - "Не, балетмайстрам".

- Можа, гэта вам ад прозвішча перадалося? У пачатку 1960-х і, пазней, у пачатку 70-х галоўным балетмайстрам нашага тэатра быў Аляксей Андрэеў - былы саліст Марыінскага тэатра. Ці гэта ў харэаграфічным каледжы захацелася самой "эксперыментаваць" на іншых? Маўляў, зрабі так, цяпер гэтак - а я адыду, пагляджу...

Пытанне наўмысна было "правакацыйным": свае першыя пастаноўкі- надзвычай экспрэсіўныя, пра жарсці закаханых - Любоў Андрэева рабіла "на сябе". Паказаныя на справаздачных канцэртах каледжа, яны ўдала падкрэслівалі яе ўласныя балетныя якасці: прыгажосць самой постаці, абвостранасць імклівых рухаў, каронны вертыкальны шпагат. Дый працуе пастаноўшчык звычайна - за сябе і за ўсіх іншых. Канешне, пад час сустрэчы мы папрасілі прабачэння ў гераіні матэрыялу за тое, што ў мінулым нумары назвалі яе Любай Пятровай.

- Яшчэ да каледжа, зусім маленькай, калі я ўпершыню ўбачыла "Шчаўкунка" ў пастаноўцы Елізар'ева, дык зразумела: я таксама так хачу! Прыдумаць балет. Праўда, тады яшчэ не разумела, што гэта азначае.

- Цяпер, пэўна, уяўленне аб прафесіі - зусім іншае?

- Яно змянілася, калі пачала вучыцца. У каледжы я ставіла тады, калі хацела, і тое, што хацела. Натхнялі не нейкія жыццёвыя падзеі, а сама музыка - адразу нараджаліся эмоцыі, пластычныя вобразы. І былі тыя пастаноўкі то падарункам на дзень нараджэння педагогу, то сюрпрызам да справаздачных канцэртаў. Клара Мікалаеўна Малышава, у якой я займалася, ніколі не забараняла мне мае фантазіі, наадварот- падтрымлівала пастаноўчыя пачынанні. Цяпер жа, у класе Валянціна Мікалаевіча Елізар'ева, даводзіцца ставіць рэгулярна і на зададзеныя тэмы. Штотыдзень я павінна паказваць яму ўсё новыя работы. Была, да прыкладу, кампазіцыя "Моцарт і Сальеры": для кожнага трэба было знайсці сваю адметную пластыку, каб глядач без каментарыяў зразумеў, хто з іх хто. Першы семестр я завяршала фрагментам з балета "Легенда пра каханне", вядомага ў пастаноўцы Юрыя Грыгаровіча: неабходна было пераадолець уплыў знакамітага майстра і зрабіць пасвойму. А цяперашняе заданне - па-дэ-катр Пуні і штосьці на "Шэсць антычных эпіграфаў" Дэбюсі.

- І ўсё гэта, вядома, трэба не толькі прыдумаць/i/content/pi/cult/314/5481/pic_17.jpg, але і менавіта паставіць, каб можна было паказаць. Як вы сваіх "ахвяр" шукаеце - тых, на каго ставіце?

- Я так удзячная ўсім, хто мне дапамагае! У тэатры ў мяне з усімі добрыя стасункі, але асаблівыя словы прызнання - маім пастаянным выканаўцам, сярод якіх - Павел Пуха, Стас Семянюра, Віка Трэнкіна, Надзя Філіпава, Люда Хітрова. Ім жа не толькі даводзіцца рэпеціраваць у вольны час, але і дзеля мяне губляць свой адзіны выхадны: па панядзелках, калі ў тэатры няма спектакляў, яны прыходзяць разам са мной у Акадэмію, каб станцаваць тое, што я паставіла.

- А ваша ўласная праца ў тэатры? 25 лютага, дарэчы, публіка ўпершыню ўбачыла вас у партыі Мерсэдэс у "Дон Кіхоце"...

- Дагэтуль была і злая Фея Карабос у "Спячай прыгажуні", і шмат іншых характарных партый. Усім гэтым я абавязана майму педагогу-рэпецітару Таццяне Рамуальдаўне Шаметавец. Яна папраўдзе "лепіць" кожны балетны характар, тлумачыць, што азначае кожны рух. Гэта мне вельмі дапамагае і ва ўласных пастаноўках! Вельмі хочацца станцаваць цэнтральную партыю ў "Балеро". Увогуле, ва ўсіх балетах Елізар'ева столькі экспрэсіі! Раней мне не хацелася танцаваць - толькі ставіць. А цяпер, калі я спазнала яго спектаклі не толькі звонку, але і "знутры", так хочацца ўсё гэта яшчэ і станцаваць! Ды і глядзець балет я стала зусім іначай. Раней было "падабаецца - не падабаецца", а цяпер - чаму так, і ці можна іначай. Бо хочацца не пераймаць чужое, а знайсці ўласную мову.

На здымках: Любоў Андрэева ў жыцці і на сцэне ў Цыганскім танцы з "Дон Кіхота".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"