Крок насустрач

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Міжнародны фестываль асобых тэатраў "Крок насустрач" - пад такой назвай з 24 па 28 сакавіка ў беларускай сталіцы аб'яднаюцца на адной сцэне тэатральныя калектывы з Мінска, Бабруйска, Брэста, Вільнюса, Кіева, Санкт-Пецярбурга, што працуюць з людзьмі, якія маюць псіхафізічныя абмежаванні.

/i/content/pi/cult/314/5480/pic_15.jpgПрымеркаванае да хуткага Міжнароднага дня тэатра, гэтае свята стала магчымым дзякуючы ініцыятыўнай дзейнасці Грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі "Хэсэд-Рахамім", якую падтрымалі многія дзяржаўныя і грамадскія структуры, у прыватнасці - Міністэрства культуры краіны.

За час амаль дзесяцігадовай работы па рэабілітацыі і адаптацыі маладых людзей з фізічнымі і псіханеўралагічнымі захворваннямі ў рамках праграмы "Вясёлка" яе ўдзельнікі зведалі і радасці спартыўных перамог (у 2007 годзе яны бралі ўдзел у Сусветных Летніх Спецыяльных Алімпійскіх гульнях у Кітаі), і асалоду творчасці. Удзельнікі тэатра "Натхненне", які быў створаны ў 2005-м, на сённяшні дзень маюць ужо свой рэпертуар з васьмі спектакляў і трох перформансаў. Прычым галоўная асаблівасць усіх пастановак - іх ярка выражаны нацыянальны характар. І зусім не выпадковасцю, а, хутчэй, заканамерным вынікам мэтанакіраванай працы стала ўключэнне "Натхнення" ў Міжнародны каталог-рэестр асобых тэатраў "Пратэатр. Феномен "асобага мастацтва" і сучасная культура".

Акцёры з "Натхнення" прынялі ўдзел у VII Міжнародным інтэграцыйным тэатральным фестывалі "Сонечная хваля" і ў VI Міжнародным форуме "асобых" тэатраў "Непратаптаны шлях". А ў 2007 годзе ў Мінскім яўрэйскім абшчынным доме прайшоў Практычны фестываль "Цуд творчасці!", дзе не толькі былі прадэманстраваны тэатральныя пастаноўкі, але і прайшлі навучальныя майстар-класы. Мэтай апошніх стала прыцягненне спецыялістаў розных галін- культуролагаў, філосафаў, псіхолагаў, рэжысёраў, педагогаў - да выпрацоўкі міждысцыплінарных падыходаў да праблем "асобай творчасці".

Сёлетні "Крок насустрач" таксама не абмяжоўвае сваю праграму паказамі тэатральных работ. Пад час яго адбудзецца шэраг майстар-класаў, прысвечаных актуальным пытанням працы з людзьмі, што маюць псіхафізічныя абмежаванні, "круглы стол" "Ацаляючае мастацтва", а таксама фотавыстаўка "Ты не адзін".

"Існуе стэрэатып, - кажа кіраўнік праграмы "Вясёлка" і рэжысёр тэатра "Натхненне" Алена Яфрэменка, - што мастацтва інвалідаў можа быць цікавым самім інвалідам. Але ж мы паказваем і даказваем, што яно не толькі такое". "І,- дадае псіхолаг праекта Кацярына Сяргеева, - мы не жадаем літасці, а хочам, каб наша "асобае мастацтва" прыносіла радасць творчасці і натхнення".

На здымку: пад час выступлення тэатра "Натхненне".