Дакладныя “стрэлы” “Сабакі на сене”

№ 12 (984) 19.03.2011 - 25.03.2011 г

Пякучае сонца Неапаля распаляе нежартоўныя жарсці і шматходавыя інтрыгі, што нязменна завяршаюцца перамогай кахання. Відаць, менавіта ў гэтым Лопэ дэ Вега пабачыў код неўміручай папулярнасці яшчэ стагоддзі таму. Час дакрануцца да спадчыны класіка надышоў і для Драматычнага тэатра Беларускай арміі. Трупа, якая трымаецца крэда тэатра моцнага пачуцця, прадстаўляе публіцы пастаноўку паводле аднаго з самых папулярных твораў аб прыродзе кахання — спектакль “Сабака на сене”.

/i/content/pi/cult/314/5479/pic_13.jpgУ праграмцы адразу падаецца агаворка: гледачу прапаноўваецца музычная камедыя па аднайменнай п'есе ХVII стагоддзя ў інсцэніроўцы Аляксея Дударава. На шчасце, драматург не паддаўся моднай сёння ў тэатральным асяроддзі тэндэнцыі пераказваць знакаміты твор "сваімі словамі". У аўтарскай версіі класічны тэкст, у асноўным, толькі скарацілі, што натуральна для сучаснага тэатральнага працэсу, ды падмацавалі яго некалькімі арыгінальнымі песнямі на музыку Уладзіміра Кандрусевіча.

Мяркую, некаторыя змяненні беларускі драматург апраўдвае кантэкстам часу. Прынамсі, публіка ДТБА спачувае злосці Дзіяны, калі тая прачнулася ад пацалунка мужчыны, які раптоўна апынуўся ў яе пакоі, а вось большасці сучаснай моладзі, магчыма, давялося б яшчэ доўга тлумачыць, чаму так хвалюецца за свой гонар маладая ўдава ХVII стагоддзя, калі ўначы ў яе вялікім доме да кагосьці са служанак прыйшоў кавалер...

У гэтым святле італьянскі франт маркіз Рыкарда (Аляксандр Уласенка) набывае рысы, характэрныя для сталічных метрасексуалаў з іх амаль жаночымі прычоскамі, накладнымі вейкамі і занадна дагледжанымі пазногцямі, ды адразу пазнавальную міміку і моўныя рысы адной з расійскіх медыйных персон шоў-бізнесу. Такім чынам, Аляксандр Уласенка, надаўшы свайму персанажу тыповыя рысы дэндзі ХХІ стагоддзя, змог вытрымаць тую залатую сярэдзіну, калі гумар не пераходзіць у пошласць.

Аўтару інсцэніроўкі ўдалося арганічна ўвесці шматлікія змяненні, так правёўшы іх праз усю пастаноўку, што не заўсёды і адчуеш тое. А вось чаго "Сабаку на сене" пазбегнуць не ўдасца - дык гэта параўнанняў з аднайменным мастацкім фільмам Яна Фрыда. Карціна з дзяцінства вядомая кожнаму, таму ненаўмысна некаторыя акцёры ДТБА не-не - ды і паўтараюць тыпажныя знаходкі.

Але гэтая недарэчнасць адыходзіць на другі план, калі бачыш, з якой асалодай трупа заглыбляецца ў гісторыю аб навуцы казаць пра каханне між радкоў, аб існай годнасці і поўным адарванні ад маны. І гэта датычыцца не толькі тэмпераментнага дуэта выканаўцаў галоўных роляў - Дзіяны (Надзея Зубкевіч) і Тэадора (Андрэй Мілюхін), але і ўсяго акцёрскага ансамбля. Маючы ў сваім рэпертуары спектаклі вялікага трагічнага напружання, выканаўцы відавочна рады паспытаць магчымасці прафесіі і ў камедыйным жанры.

Натуральнаму існаванню артыстаў дапамагае /i/content/pi/cult/314/5479/pic_14.jpgўдалая сцэнаграфія Барыса Герлавана. Ізноў звярнуўшыся да любімай люстраной паверхні, гэтым разам мастак насычае падм о с т к і шматлік і м і люстрамі ў чалавечы рост. Камбінуючы іх у розных варыянтах, Герлаван злёгку ператварае прастору ў неабходны для чарговай мізансцэны пакой. Рухомая сцэнаграфія дапамагае адпаведна тэксту паступова паскараць тэмпарытм дзеяння, а таксама напружвае запал любоўных жарсцяў, шматразова прымнажаючы эмацыйныя жэсты палкіх закаханых.

Дзякуючы рабоце рэжысёра-пастаноўшчыка - галоўнага рэжысёра тэатра Марыны Дударавай, - у спектаклі "выстрэльвае" кожны прадмет, прыдуманы мастаком. Грані люстраў, мэбля, нават гронка вінаграду - усё падрабязна ўпісваецца ў малюнкі мізансцэн і абыгрываецца, каб надаць дадатковую характарыстыку паводзінам героя. У выніку складваецца моцна збітая пастаноўка, напоўненая скразным акцёрскім дзеяннем.

Такую падрабязнасць у працы з матэрыялам пабачыш не ў кожнай сталічнай прэм'еры. Што і казаць, калі ў тэатры спецыяльна адводзілі час пад урокі валодання веерам, вывучалі, як правільна насіць сукенкі і касцюмы высакародных асоб ХVII стагоддзя, шмат патрацілі на пастаноўку пластыкі, адпаведную італьянскім сеньёрам. Зрэшты, менавіта з-за дасканалага "заглыблення ў эпоху" прэм'ера "Сабакі на сене" была перанесена на некалькі месяцаў ад першапачаткова вызначанай даты.

Дарэчы, Марына Дударава ўводзіць у п'есу новы персанаж - з першых хвілін публіка бачыць Міма (Даніла Мілееў), які і пачынае ў пластыцы распавядаць гісторыю. Гэтыя інтэрмедыі перад суперзаслонай, што бралі на сябе функцыю больш распаўсюджанага зацямнення - падзялення карцін твора, - паступова пераплятаюцца з асноўнай сцэнічнай дзеяй. Такое досыць арганічнае новаўвядзенне прыводзіць айчынных пастаноўшчыкаў да даволі нечаканага рашэння фіналу: сапраўднае каханне ператварае адну са служанак Дзіяны ў спадарожніцу Міма.

Раптам стомлены сонцам Неапаль аказваецца ў снежнай завірусе. Гэты цуд для персанажаў п'есы, паводле задумы беларускіх аўтараў, падкрэслівае ўсепераможную веліч кахання. Запал італьянскіх жарсцяў можа стаць цудам для беларускай вясны, якая расквеціцца асалодай ад сустрэчы з ладна распаведзенай сучаснай версіяй класічнай гісторыі.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"