Беларускі этнограф Еўдакім Раманаў у працы "Пути сообщения в Могилевской губернии в начале текущего столетия" разглядаў дарожную карту Расійскай імперыі, створаную ў 1809 годзе. На ёй былі змешчаны абазначэнні не толькі гарадоў і мястэчак, але нават заводаў ды паштовых станцый. З шляхоў на карце былі абазначаны галоўныя паштовыя дарогі, якія адыходзілі ад Масквы і Пецярбурга, губернскія, што звязвалі, у тым ліку, і Мінск з буйнымі навакольнымі гарадамі, а таксама павятовыя і так званыя шляхавыя, або "бітыя".
Менавіта апошнія мелі вялікае значэнне для развіцця мясцовых гаспадарак. Як згадвае Еўдакім Раманаў, у мясцовасцях, аддаленых ад гандлёвых шляхоў, як, да прыкладу, Сенненскі і Клімавіцкі паветы, прамысловасць адсутнічала, а земляробства знаходзілася на ўзроўні прымітыўнага грамадства. Нават у сярэдзіне ХІХ ст. у Сенненскім павеце можна было даволі часта сустрэць населеныя пункты, дзе тры-чатыры двары мелі агульныя земляробчыя прылады ці, да прыкладу, аднаго на ўсіх вала.
Этнограф адзначыў у сваёй працы і іншыя надзвычай цікавыя факты. Аказваецца, беларуская прымаўка "Ляціць, як агню ўхапіўшы" яшчэ ў 50-я гады ХІХ ст. мела літаральнае значэнне. З-за немагчымасці купіць крэсіва ў вёсках падтрымлівалі нязгасны агонь. Калі ж па недаглядзе агонь згасаў, за ім адпраўлялі пасланца ў суседнюю вёску. Выпрасіўшы гарачую галавешку і загарнуўшы яе ў тоўстую анучу, ён стрымгалоў ляцеў дадому, каб па дарозе яна не згасла.