Беларусы ў Літве з рускай класікай

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Удзельнікам ІХ Міжнароднага фестывалю рускай духоўнай музыкі ў Вільні быў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча. Уражаннямі з нашым карэспандэнтам падзяліўся мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст краіны, прафесар Міхась ДРЫНЕЎСКІ.

 /i/content/pi/cult/125/547/Belarusy v Litve.jpg
— Міхаіл Паўлавіч, думаю, для многіх нашых чытачоў адкрыццём стала не столькі паспяховае выступленне вашага хору (бо кожны яго выхад на сцэну — свята для публікі), а само існаванне ў Літве такога фестывалю.
— Тым не менш, ён стаў ужо традыцыйным — ладзіўся дзевяты раз. Арганізатарамі яго выступаюць Дэпартамент нацыянальных меншасцей і эміграцыі пры Урадзе Літвы і Міністэрства культуры краіны. Можна і не гаварыць, наколькі такі фестываль і, галоўнае, духоўная музыка, што яго спарадзіла, збліжаюць людзей розных узростаў і нацыянальнасцей.
— Якую праграму вы выконвалі?
— Асаблівасцю сёлетняга фестывалю стала прысвячэнне яго 130-годдзю з дня нараджэння вядомага рускага кампазітара Паўла Часнакова. Адпаведна, кожны з удзельнікаў (акрамя харавой групы нашага калектыву і камернага хору з Варонежа, былі яшчэ тры літоўскія хоры — адзін свецкі і два царкоўныя) рыхтаваў да паездкі не толькі ўласную праграму, але і яго творы. Віленскае музычнае таварыства “Руская класіка” паклапацілася пра нотны матэрыял: па электроннай пошце мы атрымалі шэсць нумароў “Літургіі святога Іаана Златавуста”, напісанай Паўлам Часнаковым. Хормайстар Віктар Шыкавец зрабіў удалае пералажэнне, разлічанае на нашу харавую групу. І ў складзе зводнага хору фестывалю гэтая музыка выконвалася двойчы: на адкрыцці свята — у Прачысценскім кафедральным саборы ў Вільні і на закрыцці — у Рускім драматычным тэатры Літвы. Акрамя таго, у абодвух канцэртах мы паказвалі і ўласную праграму. А яшчэ далі выязны сольны канцэрт у Вісагінаўскім цэнтры культуры “Банга”. У гэтым горадзе жыве шмат беларусаў: ён знаходзіцца за 160 кіламетраў ад Вільні і зусім непадалёк ад Ігналінскай АЭС, дзе працуе большасць яго жыхароў. Мы неаднойчы бывалі там, апошнім разам — амаль з дзесяцігоддзе таму. І ў музеі Цэнтра культуры беражліва захоўваюцца ўсе нашы афішы мінулых гадоў.
— Ужо адно гэта сведчыць, што сустракалі вас цёпла.
— Усім удзельнікам арганізатары ўручылі ганаровыя дыпломы і памятныя прызы, фестываль шырока асвятляўся ў прэсе і на тэлебачанні. На адкрыцці і закрыцці фестывалю прысутнічаў дыпламатычны корпус, у тым ліку Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. Ён двойчы сустракаўся з нашым калектывам, выказваючы самыя шчырыя словы падзякі. Сваім захапленнем дзяліліся з намі і звычайныя слухачы, і літоўскія музыканты — тым больш, што пасля сольніка ў Вісагінасе адбылася сустрэча нашага хору з работнікамі Цэнтра культуры і прадстаўнікамі творчых калектываў горада. Гаспадары асабліва адзначалі высокае майстэрства нашых артыстаў, удалы рэпертуар, арыгінальнасць і складанасць твораў, не стамляліся нахвальваць нашы ярка нацыянальныя сцэнічныя строі.

Надзея БУНЦЭВІЧ