Пазабюджэтны стымул у сезон ініцыятыў

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Хоцімшчына: кола праблем вакол агляднага кола

/i/content/pi/cult/313/5469/Clip_46.jpgНовы этап развіцця cяла: самадастатковасць аддзела культуры  

Да Хоцімска я дабіраўся цягам дзевяці гадзін і не пашкадаваў, бо мяне чакаў шэраг журналісцкіх неспадзяванак. Першая: пад час апытання жыхароў гарпасёлка ніводзін не выказаў прэтэнзій да дзейнасці аддзела культуры. Шчыра кажучы, з такім сутыкнуўся ўпершыню. Старшакласнікі, людзі сярэдняга і сталага веку адгукаліся аб начальніку аддзела культуры самым станоўчым чынам. Мікалай Хучаў, маўляў, на пасадзе каля шасці гадоў, але зрабіць паспеў многае. Прынамсі, агляднаму колу не дае сапсавацца, а яно - галоўны культурны брэнд раёна. Неспадзяванка другая. Перад тым як правесці райвыканкамаўскую "лятучку", я трапіў на аддзелаўскую планёрку. Яе ўдзельнікі ясна далі зразумець: хоць аддзел і заняў па леташніх выніках трэцяе месца ў вобласці, але праблем у сферы - мора, і не мае іх толькі той, хто не працуе. Усе гэтыя праблемы вынесены пад рубрыку "Народ пытаецца і прапануе". І, урэшце, трэцяя неспадзяванка. Пад час "лятучкі" прагучала некалькі крэатыўных ідэй, што, як падаецца, павінны падштурхнуць да дзеяння работнікаў культуры ў іншых рэгіёнах краіны.  

 

Народ пытаецца і прапануе: з аддзелаўскай планёркі  

Старэюць фонды і камп'ютары  

Вось яны, прафесійныя праблемы, агучаныя спецыялістамі ў галіне:

Надзея БАРАДЗІНА, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея:

- Рамонт установы ў 1997 годзе быў зроблены без гідралізацыі. Сцены ў выставачнай зале спрэс мокрыя, цвілыя...

Раіса КАСТАЛОНАВА, дырэктар ЦБС:

- Кніжныя фонды ў нас - састарэлыя...

Алена ПРОШКІНА, дырэктар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы:

- Гэткая ж састарэлая і апаратура ў пэўных сельскіх клубах...

Алена ЛАГУНОВА, дырэктар ДШМ:

- Вучні тэатральнага і мастацкага аддзяленняў з-за недахопу плошчаў займаюцца ў Доме рамёстваў...

 Ігар АБУШКЕВІЧ, дырэктар Забялышынскага СДК:

- У нас даволі інтэнсіўная канцэртная дзейнасць, а музычнай апаратуры - 20 гадоў...

Любоў КЛЯЦОВА, бібліятэкар Трасцінскай сельскай бібліятэкі:

- Бібліятэчны камп'ютар даўно і безнадзейна састарэў...    

 

Намеснік старшыні Хоцімскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Жанна КАЗАКОВА і начальнік мясцовага аддзела культуры Мікалай ХУЧАЎ працуюць на пасадах не першы год, справу ведаюць да драбніц, таму агульнымі фразамі пад час нашай гутаркі не "аперыравалі".

Яўген РАГІН:

- Жанна Васільеўна, аддзел культуры вашага раёна - адзін з лепшых на Магілёўшчыне. Тым не менш, ваша асноўная прэтэнзія да аддзелаўскіх структур?

Жанна КАЗАКОВА:

- Заўжды патрабую ад работнікаў культуры большай уласнай ініцыятывы... Так, аддзел досыць мабільны, заўжды аператыўна рэагуе на любую надзённую патрэбу дня... Але іншым разам, на мой погляд, "заядае" руціна. Нічога не маю супраць інструкцый і рэкамендацый вышэйстаячых органаў, але для таго, каб ісці наперад, патрэбна ініцыятыва, пошук новага.

Яўген РАГІН:

- Новага не стае?

Жанна КАЗАКОВА:

- Лічу, што так. Возьмем, да прыкладу, музей. Абавязковы, так бы мовіць, выставачна-экспазіцыйны мінімум там цяпер прысутнічае. Аднак заўжды падштурхоўвала музейшчыкаў да "новенькага". Урэшце, адрадзілі вясельны абрад на падставе мясцовых традыцый... Мая ўласная дачка, калі выходзіла замуж, паслугай скарысталася з радасцю.

Яўген РАГІН:

- Паслуга - платная?

Мікалай ХУЧАЎ:

- Платная і даволі вялікім попытам карыстаецца. Палову вяселляў Хоцімска абслугоўвае наш музей. Канешне, грошы невялікія. Але ці ж толькі ў гэтым справа? Асобныя маладыя з раёна ўпершыню музей наведалі... Наконт, ініцыятывы я, безумоўна, згодны. Хаця б з той нагоды, што Міністэрства культуры заклікае ствараць у рэгіёнах адмысловыя знакавыя фестывалі... Нам ёсць ад чаго адштурхоўвацца. Улетку ля агляднага кола ў гарадскім парку збіраецца ці не ўвесь Хоцімск. Ладзім тут усе клубныя мерапрыемствы і народныя святы. Застаецца "выкрышталізаваць" ідэю арыгінальнага фэсту, на які запросім не толькі суседнія раёны з Беларусі, але і з Расіі. Гэтыя творчыя стасункі ў нас - доўгія і трывалыя.

Яўген РАГІН:

- Жанна Васільеўна, падтрымаеце ідэю матэрыяльна?

Жанна КАЗАКОВА:

- Буду казаць так, як яно ёсць. З фінансаваннем - праблемы, але пры першай магчымасці ініцыятыва будзе падтрымана. Самі заробяць, і мы крыніцы дадатковага фінансавання вышукаем. Кадры ў нас усё ж - высокапрафесійныя.

Яўген РАГІН:

- Мне сёння шмат распавядалі пра "кадравую рэвалюцыю", што адбылася ў аддзеле цягам апошніх гадоў...

Жанна КАЗАКОВА:

 - Пяць гадоў таму, калі прыйшла на пасаду намесніка старшыні, дык кожную планёрку пачынала з гаворкі, што не да твару аддзелу плесціся па колькасці работнікаў са спецыяльнай адукацыяй у "хвасце" вобласці...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Цяпер 95 працэнтаў нашых спецыялістаў маюць спецыяльную адукацыю. Каля 30 маладых людзей з Хоцімска і раёна навучаюцца сёння ў ВНУ... Вакансій няма, нават харэографаў маем.

Яўген РАГІН:

- Шчыра кажучы, не надта характэрная для рэспублікі карціна: кадравы дэфіцыт вас не турбуе. Але ж з ініцыятыўнасцю праблемы. Мо няма стымулу для пошуку крэатыву? Адсюль, відаць, і руціннасць клубных ды бібліятэчных захадаў...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Так яно, па сутнасці, і ёсць. І праблема тут, я перакананы, не столькі раённага, колькі рэспубліканскага маштабу...

Яўген РАГІН:

- Давайце разбірацца паступова. І ў клубнай, і ў бібліятэчнай сістэмах асноўная перашкода ў працы - састарэлая апаратура і камп'ютарная тэхніка...

Жанна КАЗАКОВА:

- І нашаму раённаму бюджэту тут не пад сілу выправіць сітуацыю.

Яўген РАГІН:

- Аддзел культуры, па вялікім рахунку, сам сябе забяспечвае сродкамі ад пазабюджэтнай дзейнасці.

Жанна КАЗАКОВА:

- Пагаджаюся...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Нічога не маю супраць гэтага. Аддзел культуры павінен быць адзінкай самадастатковай. Але... Ільвіную долю заробленых пазабюджэтных грошай выдаткоўваем, як вядома, на кампенсацыю камуналкі, аплачваем падаткі, выкарыстоўваем для прэміравання сваіх работнікаў... Усё гэта так. На бюджэт спадзявацца сёння не выпадае. Добра вядома і тое, што за бюджэтныя сродкі якасную апаратуру не набудзеш: цягам паўгода прачакаеш "прахаджэння" цэлага стоса папер, а ў выніку атрымаеш адказ: "Нельга!". Панацэя - пазабюджэт. А яго пасля вышэйназваных выплат застаецца - як кот наплакаў. У ідэале сітуацыю бачу так: зарабіла ўстанова культуры мільён рублёў, і гэтыя грошы не забралі, а наадварот - заахвоцілі хоць невялічкай, але грашовай датацыяй на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Думаю, прапанова - вельмі мэтазгодная, альтэрнатывы проста не адшукаю.

Жанна КАЗАКОВА:

- Усё так, але не ў нашай кампетэнцыі вырашаць гэтае глабальнае пытанне. Мой суб'ектыўны пункт гледжання такі: паколькі мы выконваем даведзеныя заданні, мэтанакіравана займаемся энергазберажэннем, дык аплату камунальных плацяжоў магла б узяць на сябе дзяржава.

Яўген РАГІН:

- Тады, напэўна, і стымул для зарабляння з'явіцца. А пакуль усё трымаецца на прафесіяналізме, дакладней кажучы, працаваць як мокрае гарыць сумленне не дазваляе... Да прыкладу, быў сёння ў Доме рамёстваў, бачыў сувенірную краму, напоўненую надзвычай цікавым таварам, але пачуў ад супрацоўнікаў, што рэалізоўваць творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для аддзела культуры таксама не надта выгадна. Дзіўная рэч атрымліваецца...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Усё правільна. З дапамогай Дома рамёстваў рэальна зарабіць грошы і пакласці іх на свой спецрахунак мы можам толькі двума спосабамі. Першы: арганізаваць выстаўку і браць грошы не за продаж сувеніраў, а за ўваходныя білеты. Другі: прымаць заказы па афармленні інтэр'ераў... Цяпер сродкі за рэалізаваныя бочкі, абажуры, жбаны наша бухгалтэрыя пералічвае ў бюджэт, яны да нас не трапляюць. Дык дзе стымул? Ці не прасцей зрабіць так, каб трыццаць, умоўна кажучы, працэнтаў гэтых грошай ішлі ў бюджэт, а астатнія - у заробак майстроў, на набыццё абсталявання, бо ў нас і па сёння няма вялікай муфельнай печы.

Жанна КАЗАКОВА:

- Усё ж салон пры РДР - гэта не шараговая крама, і патрабаванні да яе фінансавай дзейнасці, я лічу, павінны быць спрыяльнымі для аддзела культуры... Але, зноў-такі, такое важнае пытанне не вырашаецца на райвыканкамаўскім узроўні.

Яўген РАГІН:

- Тут вось якая яшчэ праблема. Старажытны дом, дзе месціцца РДР, - прыгожы, утульны, але месца ў ім хранічна не хапае...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Як паветра патрэбна і харэаграфічная зала.

Жанна КАЗАКОВА:

- У іншых раёнах, дакладна ведаю, нерухомасці хапае. У нас яе проста няма, хіба што нейкія прамысловыя памяшканні...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Выйсце тут, неаспрэчна адно: пачынаць будоўлю з нуля. Але цяпер узвесці сучасны Палац культуры ніяк не атрымаецца, бо грошы патрэбны велізарныя.

Яўген РАГІН:

- Пра палац гаворкі няма. Аднак вы казалі, што хочаце за-__  мяніць драўляную хацінку аддзела на больш-менш прыстойны адміністрацыйны будынак, дзе хапіла б месца і для работы гурткоў.

Мікалай ХУЧАЎ:

- Лічу, гэта - самы аптымальны варыянт.

Жанна КАЗАКОВА:

- Без будаўніцтва, словам, не абысціся.

Яўген РАГІН:

- Як разумею, для гэтага неабходна спонсараў шукаць? Наколькі гэта рэальна для маленькага гарадскога пасёлка?

Мікалай ХУЧАЎ:

- Разглядаем усе прапановы.

Жанна КАЗАКОВА:

- Шмат дапамагаюць нашы дэпутаты. Яшчэ - Надзея Андрэеўна Ермакова, старшыня Праўлення "Беларусбанка"... Вялікіх прыватных прадпрыемстваў у нас няма, дзяржаўных - таксама. Але спонсараў шукаем.

Яўген РАГІН:

- Хоцімшчына - край маляўнічы, радыяцыяй не крануты, дый суседняга Расія - пад бокам. Творчыя стасункі з суседзямі вы наладзілі, чарга, напэўна, - за стасункамі эканамічнымі, пад будучы сумесны фестываль пад умоўнай назвай "Вакол кола". Дарэчы, маеце шанц атрымаць грант, калі паспяхова паўдзельнічаеце ў конкурсе творчых праектаў, што неўзабаве мяркуе абвясціць Міністэрства культуры.

Жанна КАЗАКОВА:

- Агляднае кола - наш гонар і брэнд. І даходы ад яго выкарыстання - неблагія... А ідэя пра конкурс мне вельмі падабаецца.

Мікалай ХУЧАЎ:

- Неадкладна будзем распрацоўваць канцэпцыю фестывалю... Калі ж зноў зайшла гаворка пра наша паркавае кола, дык не магу не згадаць тут вось яшчэ якую, вельмі нечаканую для нас, праблему. Літаральна днямі інстанцыі, што курыруюць паркавыя атракцыёны, прыслалі прадпісанне: за тры месяцы да адкрыцця "колавага" сезона патрэбна займець на гэта ліцэнзію. Цяпер чухаю патыліцу: праз месяц у нас парк адкрываецца. Якая ліцэнзія, калі дыягностыку ўсіх механізмаў кола нам зрабілі, і дазвол на эксплуатацыю мы ўжо маем? Дык ці патрэбна ліцэнзія, падрыхтоўка якой прымусіць нас тры месяцы бяздзейнічаць? Усе гэтыя нестыкоўкі псуюць настрой і з каляіны выбіваюць. А вы кажаце пра стымул...

Яўген РАГІН:

- Будзем спадзявацца, нестыковак пазбегнеце. Ці ж вам іх баяцца, калі яны - ледзь не на кожным кроку?..

Мікалай ХУЧАЎ:

- Крыўдна, бо маю на руках заключэнне: пры норме тэхнічнай зношанасці дзесяць працэнтаў, паказчык па нашым коле не перавысіў за трыццаць гадоў 0,5 працэнта. Я не хачу, каб наш галоўны атракцыён быў бяздумна закрыты...

 Яўген РАГІН:

- Сярод праблем існуе, аказваецца, і транспартная...

Мікалай ХУЧАЎ:

- Першыя тры гады дзве "газелі" прыносілі нам грошы. Цяпер увесь аддзел працуе на рамонт гэтых машын. Між тым, Браншчына і Смаленшчына пастаянна запрашаюць паўдзельнічаць у канцэртах, дый нашы аддаленыя вёскія патрабуюць пастаяннага абслугоўвання.

Яўген РАГІН:

- Якія намёткі ў вас, дарэчы, па развіцці сельскіх тэрыторый?

 Мікалай ХУЧАЎ:

- Ёсць у нас аддаленыя вёсачкі, дзе захаваліся неблагія клубныя хаткі, шкада іх спісваць. Канешне, насельніцтва ў гэтых паселішчах змяншаецца, клубы - незапатрабаваныя. Вось і думаю, чаму б на іх базе не пачаць ствараць уласныя аграсядзібы. Замест дырэктара клуба будзе гаспадар сядзібы, замест акампаніятара - кухарка.

Яўген РАГІН:

- А вось гэта сапраўдны крэатыў! Думаеце, ідэя рэальная?

Жанна КАЗАКОВА:

- Патрэбна заканадаўча ўсё прапісаць. А ідэя сапраўды вельмі прывабная.

Мікалай ХУЧАЎ:

- Навошта нам прыватніка чакаць? Давайце самі прадпрымальнікамі станавіцца.

Яўген РАГІН:

 - Вось вам і чаканая ініцыятыва, Жанна Васільеўна.

Жанна КАЗАКОВА:

- Няма мяжы для дасканаласці... Я, да слова, не надта задаволена тым, як наладжана работа з моладдзю ў сельскіх установах культуры. Наш старшыня райвыканкама Фёдар Вішнеўскі вельмі слушна кажа: "Івана Іванавіча выхоўваць позна, выхоўваць трэба Ванечку". І выхоўваць менавіта культурай. І якасць мерапрыемстваў тут - рэч далёка не апошняя.

Мікалай ХУЧАЎ:

- У нас рэгулярна ладзяцца справаздачныя канцэрты. Так, асобныя нумары сельскіх устаноў іншым разам метадслужбай "адбракоўваюцца", на раённую сцэну не трапляюць. Як правіла, тыя, каго калісьці крытыкавалі, імкнуцца ўзняць уласную творчую планку.

Жанна КАЗАКОВА:

- Паўтаруся, пяць гадоў таму ў клубнай сістэме не было ні спецыялістаў, ні дысцыпліны. Сітуацыю, трэба аддаць належнае Мікалаю Адамавічу, мы выправілі.

Яўген РАГІН:

- Павелічэнне колькасці народных і ўзорных самадзейных калектываў - справа прафесійнай годнасці?

Мікалай ХУЧАЎ:

- Я б інакш сказаў. Цяпер гаворка ідзе пра скарачэнне работнікаў бюджэтнай сферы. Дык вось, перакананы, у нашай галіне скарачаць трэба пасады, а не людзей. Калі работнік клуба стаў мастацкім кіраўніком народнага ансамбля, у каго ж рука падымецца яго скарачаць? Таму пастаянна кажу калегам: "Развівайцеся творча, стварайце калектывы, дабівайцеся вынікаў!". У нас цяпер - дзевяць народных і ўзорных гуртоў, а да канца года з'явяцца яшчэ два.

Жанна КАЗАКОВА:

- Я не прыхільніца таго, каб скарачаць работнікаў культуры, каб змяншаць колькасць запатрабаваных насельніцтвам устаноў. Вельмі важная і высакародная функцыя ў іх: адказваць за духоўнае здароўе грамадства... Так, мы добра папрацавалі з кадрамі, знялі адно з балючых пытанняў. Трэба рухацца далей, вырашаць іншыя праблемы, рабіць гэта творча і ініцыятыўна.

 

/i/content/pi/cult/313/5469/Clip_45.jpg Дэталь да агульнай карціны

"Мне зверху бачна ўсё"   

 Кола ў Хоцімску не вынаходзілі. Яго проста набылі некалькі дзесяцігоддзяў таму, каб займець адметнасць, якой, па-мойму, няма ні ў адным райцэнтры Беларусі. Адметнасць, па словах дырэктара парку Людмілы Маскалёвай, сябе апраўдала. Летась жыхары гарадскога пасёлка і раёна, госці са Смаленшчыны і Браншчыны заплацілі 22 мільёны рублёў, каб з упэўненасцю сказаць: "Мне зверху бачна ўсё..."  

Кола, як і парк, знаходзіцца на балансе аддзела культуры. На 1,6 гектара ў вясенне-летні сезон дзейнічае шэсць атракцыёнаў. Абслугоўваюць іх сезонныя рабочыя, што атрымліваюць 35 працэнтаў ад выручкі. Прыкладна 6 мільёнаў рублёў аддзел штогод выплачвае за правядзенне "колавай" дыягностыкі. Пэўная сума, натуральна, ідзе на рамонт і афарбоўку хоцімскага "брэнда". Усё астатняе - чысты прыбытак. Вось такая бухгалтэрыя. Я памятаю, колькі радасці было ў дзяцей, калі за РДК у маёй роднай Ветцы з'явілася "гарадская" карусель. Вось толькі век у яе аказаўся, на жаль, нядоўгі. А кола ў Хоцімску, на шчасце, усё круціцца.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"