“Модны капялюшык” неўтаймаванай “амазонкі”

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Ася Грыгаровіч-Экстэр: ад кубафутурызму да чыстай канструкцыі

/i/content/pi/cult/313/5467/Clip_38.jpgПрацягваем свой расповед пра Асю Грыгаровіч-Экстэр. Мінулым разам мы спыніліся на сярэдзіне 1910-х. Нашай гераіні ўжо тады мала было станковага жывапісу, і Экстэр з адкрытым забралам кінулася ў іншыя сферы выяўленчай культуры: праілюстравала футурыстычныя зборнікі "Малако кабылы", "Першы часопіс рускіх футурыстаў", рабіла эскізныя малюнкі сукенак, абрусоў, падушак, абажураў, шырмаў. А калі знакаміты рэжысёр Камернага тэатра Аляксандр Таіраў пабачыў наватарскія творы Экстэр, ён тут жа запрасіў яе да сябе. І яна з задавальненнем аформіла спектаклі "Фаміра Кіфарэд" па п'есе І.Аненскага, "Саламея" А.Уайльда, "Рамэа і Джульета" У.Шэкспіра.

(Заканчэнне. Пачатак у № 10.)

Сцэнаграфія Экстэр выклікала ў тэатральным грамадстве такое магутнае ўражанне, што аб гэтым горача дыскутавалі на кожным маскоўскім скрыжаванні. Хтосьці з тэатралаў узгадваў, як у 1916 годзе ў Кіеве Экстэр размалявала целы актрыс для тэатральных пастановак. І яе ў гэтым сэнсе можна лічыць першаадкрывальніцай бодзі-арту. "Па большасці палотнаў бачна, - казаў Таіраў,- што жывапісу Экстэр цесна ў рамках, што мастачка надзелена талентам канструяваць у прасторы. Як мне было не шукаць з ёй саюза?" І сапраўды, Аляксандра Аляксандраўна бачыла спектакль як адзіны ансамбль дзеі і афармлення. Дзеянне ажыўляла колер, які прыносіў на сцэну акцёр у сваім касцюме. А касцюмы і дэкарацыі Экстэр канструявала па адзіным прынцыпе дзёрзкага спалучэння розных аб'ектаў і паверхняў. І маскоўская тэатральная публіка проста была ашаломлена феерычным відовішчам кубістычных канструкцый і колеравых мас. Тэатр так захапіў мастачку, што яна пісала Таіраву: "Я перанесла макет сцэны ў спальню, каб думаць пра спектакль нават у сне..." Аўтар вядомай кнігі "Паўтаравокі стралец", паэт і кубафутурыст Бенедыкт Ліўшыц (расстраляны ў 1938 годзе) узгадваў: "Раніцай я, як было напярэдадні дамоўлена, прыехаў з рэчамі на кватэру Экстэр... Аляксандра Аляксандраўна яшчэ спала. Светла-аранжавая гасцёўня, увешаная нюрэнбергскімі барэльефамі, была адзіным месцам ва ўсім доме, дзе вока адпачывала ад вакханаліі колераў..." Захоплены нястрымным жывапісным тэмпераментам, Ліўшыц далей кажа: "Гэта было безупыннае творчае гарэнне, якое абрывалася толькі ў сне".

Каб дакладней данесці да чытача сутнасць сцэнаграфічнага наватарства Экстэр, прывяду словы вядомага мастацкага крытыка А.Эфраса, што тычацца "Рамэа і Джульеты": "Спектакль прайшоў бы бясследна, калі б... Інтэр'ер і экстэр'ер тэатра да гэтай прэм'еры прыням незвычайны выгляд. Вестыбюль, лесвіца, фае, нарэшце, сам партал сцэны былі пакрытыя суцэльным, учэпістым, дыхтоўным кубафутурыстычным жывапісам... Зрухі і разрывы роспісаў Экстэр, зробленыя з гарачай (скажу: страснай) пераканаўчасцю, ахоплівалі нас адразу перад уваходам, вялі ўверх, праводзілі ў фае і замыкаліся ў глядзельнай зале... Рытмы, якія былі падхоплены зломамі форм балконаў, іншых архітэктурных форм, падкрэсліваліся і прымнажаліся ў малюнках тэатральных касцюмаў. Геаметрычныя плоскасці на каркасах нібы ўзносілі ў прасторы сцэны свае складкі, спіралі і акругласці".

Самае цікавае ў тэатральнай дзейнасці Экстэр было /i/content/pi/cult/313/5467/Clip_39.jpgў тым, што яе наватарскае сцэнічнае відовішча амаль выціснула рэжысуру Таірава, гэтага прызнанага тэатральнага рэфарматара, і, галоўнае, засланіла ігру яго жонкі, таленавітай актрысы і прыгажуні Алісы Коонэн! Зайздрослівая прымадонна ніяк не магла дараваць Экстэр яе аглушальнага поспеху. І здарылася так, што паслухмянаму Таіраву нічога не заставалася, як расстацца з мастачкай, аб чым ён да канца жыцця вельмі шкадаваў, бо такіх дэкаратараў і касцюмераў ў яго Камерным тэатры больш ніколі не было.

Сапраўды, яна была "амазонкай і скіфскай вершніцай" - так яе празваў той жа Ліўшыц за тую страсць, энергетыку, ваяўнічасць, якую яна праяўляла не толькі ва ўсіх дыскусіях пра сучаснае мастацтва, але і ў сваёй утрапёнай мастацкай практыцы. Вось, напрыклад, дынамічная карціна "Венецыя", дзе перапоўненыя святлом і колерам плоскасці нагрувашчваюцца адна на адну, нахіляюцца, саслізгваюць, але кампазіцыя пры гэтым якімсьці цудам захоўвае яснасць і ўстойлівасць. Здаецца, калі змяніць хаця б адну дэталь, - усё праваліцца ў пекла, рассыплецца. Для Экстэр містычная Венецыя будучага - гэта цудоўны горад, які нагадвае рэальную Венецыю, з хрустальнай празрыстасцю форм і агульным уражаннем адлюстравання ў вадзе, якое выпадае з-пад увагі вока. Хтосьці сказаў, што музычнасць колеру і рытмаў карцін Экстэр настолькі моцная, што, здаецца, збываецца мара кампазітара Аляксандра Скрабіна пра гарманічны сінтэз гуку, колеру і слова. А я ў гэтым сэнсе ўзгадаў Осіпа Мандэльштама: "Тяжелы твои, /Венецыя, уборы. /В кипарисных рамах зеркала. /Воздух твой граненый. /В спальне тают горы голубого-дряхлого стекла..."

Кастрычніцкая рэвалюцыя ўнесла свае карэктывы ў жыццё мастачкі і вельмі моцна ўдарыла па бліскучай мастакоўскай кар'еры Экстэр. У 1918 годзе ў Адэсе памёр ад халеры яе муж Мікалай Яўгенавіч, амаль адначасова пакінула белы свет і маці Асі. І, каб неяк абстрагавацца ад накату праблем, у Кіеве яна ўвайшла ў склад Таварыства дзеячаў украінскага пластычнага мастацтва, удзельнічала ў падрыхтоўцы Усеўкраінскага з'езда работнікаў мастацтваў, нават адкрыла майстэрню дэкаратыўнага мастацтва па выкананні афарміцельскіх і тэатральных твораў і дзіцячую мастацкую школу ў Адэсе. Праз год, да 1 мая 1919-га, каб не памерці з голаду, Экстэр і яе вучні аформілі буйнымі маляўнічымі пано адэскія вуліцы, аб чым яна потым вельмі шкадавала, лічачы гэтую работу нізкапробнай. Акрамя таго, размалявала агітпоезд і агітпараход "А.Пушкін". Але ў полымі грамадзянскай вайны і такая "халтура" стала рэдкай. Праўда, па магчымасці разам з сябрамі выбіралася на пленэры і пісала эцюды на Труханавым востраве. Бывала, што прыязджала ў вёску Вербаўка, і там стварала дэкаратыўныя роспісы разам з народнымі майстрыхамі. Гэтае імкненне да "народнага дэкаратывізму" мастачка захавала назаўсёды, і на фінішы жыцця ў сваёй маленькай майстэрні пад Парыжам вырабляла надзвычайнай прыгажосці керамічны посуд, у якім кубістычная форма ідэальна злівалася з украінскімі матывамі.

І так здарылася, што якраз у гэты цяжкі кіеўска-адэскі час Ася сустрэла выхадца з сям'і гандляра чаем, драматычнага акцёра Георгія Някрасава. Яны пераехалі ў Маскву і там 25 кастрычніка 1920 года зарэгістравалі шлюб, стаўшы жонкай і мужам. Акрамя тэатральных работ, у Маскве Ася распрацоўвала мадэлі для прамысловай вытворчасці тканін і адзення, супрацоўнічала з майстэрняй сучаснага касцюма і атэлье мод "Москвашвея", удзельнічала ў стварэнні параднай формы для чырвонаармейцаў. Не забывала і беспрадметнае, нефігуратыўнае мастацтва, звязанае з пошукамі новага сэнсу колеравых канструкцый ("Канструкцыя планаў. Рытмы колеру", "Канструктыўны нацюрморт" і інш.).

/i/content/pi/cult/313/5467/Clip_40.jpgУ 1924 годзе Экстэр выехала ў Італію для арганізацыі Савецкага павільёна на XIV Міжнароднай выстаўцы мастацтваў у Венецыі. Тут яна экспанавала і некаторыя свае творы, у тым ліку маштабную карціну "Венецыя", за што атрымала залаты медаль. У тым жа годзе яна з мужам і нянькай пасялілася ў Парыжы на вуліцы Брока, 154, а праз пяць гадоў, 17 кастрычніка 1929-га, яны канчаткова атабарыліся ў прыгарадзе Парыжа Фантэнэ-о-Роз. Гэта была эміграцыя. Шлях на радзіму быў назаўсёды перакрыты, хаця творы Экстэр і экспанаваліся на некаторых выстаўках, якія праходзілі ў канцы 20-х гадоў у Маскве і Кіеве. Чым яна займалася ў Францыі? Усім. Выкладала ў Акадэміі сучаснага мастацтва, афармляла спектаклі, прыдумляла розных марыянетак для кінематографа (прыдаўся вопыт працы ў пратазанаўскім фільме "Аэліта"), але галоўныя сілы аддавала дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яна афармляла інтэр'еры, размалёўвала кераміку, ілюстравала і канструявала дзіцячыя так званыя кнігі-панарамы, а таксама выканала вялікім тыражом некалькі рукапісных кніг для бібліяфілаў. Паводле ўспамінаў той самай актрысы Алісы Коонэн, якая тады наведала мастачку, "творчая энергія Экстэр біла ключом". Але апошнія гады яе жыцця асабліва ў гады вайны, былі азмрочаны цяжкай хваробай. Муж таксама быў вельмі хворы і ў 1945 годзе памёр. Ася страціла сувязь са сваімі сябрамі і вучнямі, аднак працягвала штосьці рысаваць і праектаваць помнік на магілу мужа. Праўда, пад час хваробы аб ёй пастаянна клапацілася добрая сястра міласэрнасці Мішэліна Строль. Тым не менш, Ася вельмі пакутавала ад галечы, і былі перыяды, калі яна проста жадала хутчэй сустрэць смерць... У лісце да скульптара Уладзіміра Іздэбскага мастачка пісала: "Мне вельмі тужліва, і я не бачу канца гэтаму... У рэшце рэшт, арганізм не можа больш супраціўляцца. У мяне сардэчныя болі, я страчваю прытомнасць, і мне цяжка хадзіць. Мне цяжка тут жыць. Калі б не мая хвароба, пайшла б куды вочы глядзяць... Але, неглядзячы на хваробу, працую штодзённа, і такім чынам час праходзіць хутчэй..."

Яна памерла 17 сакавіка 1949 года ў сваім доме і была пахавана на мясцовых могілках Фантэне-о-Роз. На магіле быў пастаўлены помнік, што яна раней спраектавала для магілы мужа, але ўстанавіць не паспела. Усю спадчыну і архіў Экстер завяшчала свайму сябру і вучню Сімону Лісіму. У мясцовай мэрыі захаваўся метрычны запіс ад 17 сакавіка 1949 года аб смерці Экстэр, які абвяшчае: "Мадам Жорж Някрасава, народжаная Аляксандра Аляксандраўна Грыгаровіч, 29, вуліца Бусіко". Цікава, што да апошняга дня мастачка заставалася грамадзянкай СССР.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"