Рэйтынг па маніторынгу

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Ці паддаецца гармонія алгебры?

 

Зрэшты, конкурсы сёння - атрыбут не толькі эстраднага мастацтва. І тэатральная сфера не адстае ў гэтым, штораз узнімаючы пытанні аб пошуку ўніверсальнай схемы, здольнай ацаніць тую або іншую пастаноўку. Само імкненне распазнаць, што ж з плёну інтэлектуальна-творчай дзейнасці чалавека з'яўляецца сапраўдным творам мастацтва і стане праз стагоддзі класікай, а што сыдзе ў нябыт, займала розумы цягам усёй гісторыі сусветнай культуры. І, думаю, не менш чым на Нобелеўскую прэмію прэтэндаваў бы той, хто б змог вынайсці ідэальную формулу судзейства ў мастацтве і ў рэальнасці, на вачах у сотняў і тысяч "сведкаў" праверыць-такі алгебрай гармонію.

Згадваючы свой вопыт удзелу ў тэатральных фестывалях, магу засведчыць, што не так ужо і часта маё меркаванне аб убачаным цалкам супадала з рашэннямі журы, і тое не выклікала ўва мне ўнутранага пратэсту. Ды толькі я да гэткай "дыялектыкі" заўсёды ставілася па-філасофску, памятаючы, што ўспрыняцце твораў мастацтва ў прынцыпе сваім - справа суб'ектыўная. Іншае пытанне: каму і навошта патрэбны сёння конкурсы і ўзнагароды? Чаму людзі, якія прыходзяць у сферу мастацтва, не толькі шукаюць шляхі да творчага самавыяўлення, але і трацяць уласныя сілы, час на тое, каб "паспаборнічаць" за кубак пераможцы? Безумоўна, адказ на гэтае пытанне, які ляжыць на паверхні, - усім хочацца прызнання сваіх творчых заслуг, увагі да таго, што ён робіць і належнай адзнакі гэтай дзейнасці. Аднак ці здольнае менавіта фестывальнае спаборніцтва задаволіць гэтыя, цалкам справядлівыя, жаданні?

У апошнія гады ў тэатральных колах перманентна разгортваецца пытанне аб тым, ці патрэбнае на фестывалях прафесійнае журы? Маўляў, сёння фестываль - гэта, у першую чаргу, свята для гледачоў, а значыць момант вызначэння лепшага страчвае сваю вастрыню і актуальнасць. Ды толькі ў адказ на гэта існуе і іншае меркаванне: любая буйная творчая акцыя, якая патрабуе не толькі сур'ёзных арганізацыйных высілкаў, але і значных фінансавых укладанняў, павінна мець канкрэтны вынік. І гэта - правільна. Аднак усе мы прывыклі, што найлепшы вынік - той, які можна "памацаць" ды "паставіць на палічку". А таму вельмі часта размовы пра тое, што нашмат больш варты той эфект, які застаецца ў памяці і сэрцах удзельнікаў фестывальнай імпрэзы, далучанасць рэгіёна, горада, канкрэтных гледачоў да сусветнага тэатральнага працэсу, успрымаюцца з некаторай насцярожанасцю: маўляў, падмацаваць усе гэтыя высокія намеры яшчэ і дыпломамі са статуэткамі было б усё ж нядрэнна. Думаецца, гэта з'яўляецца адной з прычын таго, што на Беларусі сёння практычна адсутнічаюць "бяскон курсныя" тэатральныя фестывалі, якіх у сучаснай Еўропе на дадзены момант - большасць.

Іншая справа, што любы фестывальны конкурс - гэта "выбары лепшага" ва ўмов а х жорстка вызначанага кантэксту і кантынгенту: яны абумоўліваюцца фестывальнай афішай, творчымі задачамі і канцэпцыяй фестывалю ды шмат якімі іншымі акалічнасцямі. А на фоне гэтага - жаданне арганізатараў "ахапіць увагай" усіх і ўсё, у выніку чаго з'яўляюцца намінацыі з фармулёўкамі "за захаванне і зберажэнне...", "за вернасць...", "за смелы пошук і нешараговасць мыслення..." і г. д. І вось тэатральны фестываль, які за апошнія дзесяцігоддзі радыкальна змяніў свайго галоўнага адрасата і перастаў рабіць стаўку на аўдыторыю прафесіяналаў, сутыкнуўся з тым, што акурат гледачы пачынаюць праяўляць усё большую актыўнасць у справе вызначэння лідараў. Робяць гэта, натуральна, - на падставе ўласных густаў і прыхільнасцей. І не спяшаюцца згаджацца з тым, што іх меркаванне далёка не заўсёды аказваецца падтрымана прафесіяналамі.

 Не сакрэт, што многіх не пакідаюць і мары пра адзін "сур'ёзны" фестываль, які стаўся б глабальнаўсеагульным конкурсам і адным махам вызначыў лідараў па ўсіх без выключэння творчых накірунках. Сёння акурат такія надзеі ўскладаюцца на Нацыянальную тэатральную прэмію, якая неўзабаве мусіць распачаць "рэвізію" ў беларускім сцэнічным мастацтве. Ды толькі наўрад ці варта думаць, што адной яе акажацца дастаткова для таго, каб сфарміраваць адэкватнае ўспрыняцце тых творчых працэсаў, што адбываюцца ў нашым тэатры, і стварыць "бездакорны" рэйтынг айчынных творцаў. Бо для гэтай мэты больш падыходзяць вузкаспецыяльныя, часам нават закрытыя, конкурсы, дзе адсочваюцца адзіндва "параметры" (хаця ў дачыненні да мастацтва вылучыць іх асобна і аддзяліць ад іншых творчых складнікаў бывае надзвычай складана) - тут, як у спорце, можна вызначыць, у каго з акцёраў лепшая дыкцыя, хто з рэжысёраў больш выкшталцона валодае мастацтвам пабудовы мізансцэн і які з тэатральных мастакоў больш дасведчаны ў дэталях той або іншай канкрэтнай гістарычнай эпохі. Ды толькі, захапляючыся дэталёвым маніторынгам канкрэтных прафесійных складнікаў таго ці іншага спектакля, вельмі важна не забывацца на тое, што галоўным сакрэтам удалага, яркага спектакля з'яўляецца, у першую чаргу, - уменне знайсці нешараговыя спалучэнні навыкаў і прыёмаў, стварыць тое, што прафесіяналы называюць "мастацкім вобразам спектакля". І калі ён, гэты вобраз, цябе ўражвае і зачароўвае, наўрад ці падымецца рука "прэпарыраваць" яго для таго, каб вызначыць, "з чаго ж ён складзены".

 рэдактар аддзела тэатра і кіно