Каэфіцыент для конкурсу і шоу

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Убачыць канкурсанта, а не “каралеўскае атачэнне”

 

Пакінем па-за межамі каментарыя стаўленне нашага чытача да постмадэрнісцкіх з'яў у мастацтве: насамрэч, ні ў гэтым кірунку, ні ў самім тэрміне няма нічога дрэннага. Справа, як заўсёды, - ва ўнутраным, зместавым напаўненні, а не ў "тэхніцы пісьма". Таму звернемся да галоўнага - конкурсаў. І ацэнак, што в ы с т а ў л я ю ц ь канкурсантам. Калі быць больш дакладнай - схемы таго самага ацэньвання.

 Змагаючыся за аб'ектыўнасць судзейства, аўтар спрабуе распрацаваць сістэмны падыход да ацэнкі конкурснага выступлення, прапаноўвае сваю методыку ацэнкі эстрадных нумароў. У прыватнасці, ён заклікае ўлічваць наступныя 10 крытэрыяў (многія з іх, на жаль, не расшыфраваны ў лісце падрабязна, таму гэта спрабуем зрабіць мы). Вось яны: гарманічнасць (паводле тлумачэння аўтара - адпаведнасць формы зместу), выразнасць, артыстызм, арыгінальнасць, ідэйнасць, гнасеалагічнасць (іншымі словамі - схільнасць да спасціжэння), псіхафізіялагічнасць (у дадзеным выпадку, пэўна, - як адпаведнасць сцэнічных паводзін песеннаму вобразу), катарсічнасць (верагодна, як імкненне да ачышчэння душы праз твор), калакагатыйнасць (трэба разумець як яднанне добрых фізічных і маральных якасцей, гармонія знешняга і ўнутранага абліччаў), натхнёнасць.

 Акрамя гэтага, пры ацэнцы аматарскай творчасці Д.Пугачэўскі прапануе ўвесці каэфіцыент асабістага ўдзелу. А гэта значыць, памнажаць агульны вынік, складзены з дзесяці вышэйназваных ацэнак (кожная з іх - па дзесяцібальнай сістэме), на 1,2, на 1,5 ці адразу на 2. Каэфіцыент 1,2 аўтар мяркуе прызначаць "пры іншых роўных умовах - за сваю аранжыроўку, за невыкарыстанне чужой (самім не створанай) фанаграмы, чужога відэароліка, непрыцягванне асістэнтаў, акампаніятараў, бэк-вакалу, падтанцоўкі і інш.". Каэфіцыент 1,5 - "за выкананне нумара пад уласны акампанемент". А ўдвая вышэй ацэньваць выступленне "за выкананне нумара пад уласны акампанемент, аўтарскі відэаролік і да т. п.".

 Боль аўтара за наша эстраднае мастацтва і кірункі яго развіцця, за конкурсны рух, што з кожным годам набірае абароты, але не заўсёды прыносіць відавочны плён, цалкам зразумелы. Вартае падтрымкі і само імкненне перайсці з адно эмацыйнага ўзроўню ацэнкі да навуковага, інтэлектуальнага. Але давайце ўявім рэальныя ўмовы працы журы. Дарэчы, мне таксама неаднойчы даводзілася быць у яго складзе, таму магу зыходзіць яшчэ і з уласнага вопыту. Працягласць песні - каля трох з нечым хвілін. І за гэты час - выставіць 10 адзнак па такіх мудрагелістых, а часам увогуле даволі цьмяных для разумення пунктах? Нерэальна.

Да таго ж, пры ўсёй сістэмнасці падыходу, існуе і такое паняцце, як комплекснасць. У мастацтве ж комплексны позірк на тую або іншую з'яву ўвогуле павінен быць галоўным. Што мне як слухачу з таго, калі па кожным з дзесяці прапанаваных параметраў канкурсант трывала знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне, потым атрымлівае, да прыкладу, каэфіцыент "2" - і такім чынам трапляе ў лідары? Калі яго выступленне элементарна не запомнілася - дык ці зможа ён знайсці сваё месца менавіта на эстрадзе? Не зусім тактоўным, на мой погляд, уяўляецца і супрацьпастаўленне гультаёў і працаголікаў. Пры такім падыходзе Сальеры заўсёды пераможа Моцарта: ён жа прыклаў больш намаганняў!

А вось разважанні аўтара пра фанаграмнасць мастацтва, пра падмену музычнай адоранасці канкурсантаў майстэрствам аранжыроўшчыкаў і гукарэжысёраў - цалкам справядлівыя. Але, калі ў журы ўваходзяць прафесіяналы, яны адразу гэта чуюць. І ўлічваюць!

Звярну ўвагу і на тое, што конкурсы, нават у галіне спеўнай эстрады, бываюць рознай скіраванасці. Конкурс выканаўцаў - значыць, ацэньваецца спеўнае майстэрства, візуальнае ўспрыняцце вобраза (наяўнаць ці адсутнасць падтанцоўкі зусім не перашкаджае прафесійнаму журы вылучыць сцэнічныя паводзіны ўласна канкурсанта, а не яго "каралеўскага атачэння"). А вось выбар рэпертуару звычайна сведчыць пра эстэтычны густ. І таму - улічваецца! Калі ж гэта конкурс саміх песень, дык увага найперш канцэнтруецца вакол самой песні, а не яе выканання, якое можа быць і не зусім удалым. Зрабіць такі падзел на ўнёсак кампазітара, паэта, аранжыроўшчыка, спевака і выкладчыкаў таго спевака (у кагосьці ёсць прыродны талент, у кагосьці - "навучанасць") прафесіяналам таксама пад сілу.

Асабіста мае прапановы па ў д а с к а н а ленні конкурсных баталій былі б крыху іншымі. Гэта - абавязковы в і д э а з а п і с усіх выступленняў. Папершае, ён часта мог бы дапамагчы прыйсці самім членам журы да ўзаемаразумення. Бо ў любым спрэчным выпадку можна было б "адматаць стужку часу" і зірнуць на тое або іншае выступленне больш аб'ектыўна, без дадатковага шлейфа ўражанняў, пакінутых папярэднім выканаўцам (пасля слабых удзельнікаў спяваць лягчэй, пасля моцных - цяжэй). Па-другое, члены журы, зірнуўшы на выступленні толькі што вызначаных пераможцаў, маглі б канчаткова пераканацца (ці, наадварот, засумнявацца) у справядлівасці свайго калегіяльнага рашэння. Бо лаўрэацтва - гэта яшчэ і прагноз журы, што ў выканаўцы ёсць будучыня. Таму нават самыя дасведчаныя і спрактыкаваныя на такога роду ацэнках і прагнозах музыканты, паверце, вельмі баяцца памыліцца: насамрэч выстаўленне ацэнак, асабліва ў мастацтве, - справа абсалютна няўдзячная. І надзвычай складаная!

 І яшчэ. Апошнім часам, калі вялікую папулярнасць атрымліваюць разнастайныя інтэрактыўныя праграмы, "узброеныя" конкурснай асновай, калі элемент спаборніцтва пранікае літаральна ў кожнае забаўляльнае шоу, трэба навучыцца не блытаць падобныя відовішчы з сапраўднымі конкурсамі. Бо падпарадкоўваюцца яны, пры агульным прынцыпе "хто - каго", абсалютна розным законам. Таму для прафесіяналаў і тых, хто вырашыў сур'ёзна займацца абранай справай, часам куды важнейшым становіцца сам удзел у папраўдзе прэстыжным конкурсе, чым перамога на якім-небудзь сумнеўным.

Ну, а самым галоўным конкурсам для кожнага творцы (дый для кожнага чалавека ўвогуле) было і застаецца спаборніцтва з... самім сабой. Іншымі словамі, калі ты цяперашні лепей за сябе ўчарашняга - гэта перамога, незалежна ад занятага месца. А бывае - і наадварот...

рэдактар аддзела музыкі

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"