“ЗОРКІ” або “іскры”?

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад Дзмітрыя Пугачэўскага з Наваполацка. На васьмі старонках (падаём яго ў скарачэнні), з падрабязнай табліцай, надзвычай эмацыйна і зацікаўлена аўтар узняў вельмі актуальную тэму — крытэрыяў ацэнкі на конкурсах, у прыватнасці — эстрадных. Сапраўды, гэтая праблема патрабуе не толькі каментарыяў, але і далейшага абмеркавання, да якога мы запрашаем нашых чытачоў.

"Неяк у антракце аднаго эстраднага конкурсу, калі журы збіралася падвесці вынікі, я выйшаў у фае і сустрэў знаёмую сямейную пару, якая сабралася сыходзіць дадому. "Вы што, не хочаце даведацца пра самае цікавае - размеркаванне месцаў?" - запытаўся я. "Дык якраз гэта - самае нецікавае! Мы проста не хочам губляць веру ў чалавека: а суддзі хто?" - адказалі мае сябры, якія мелі, дарэчы, музычную адукацыю.

 Наша ХХI стагоддзе вызначаецца эпохай татальнай дэмакратызацыі грамадства, свабоды сумлення, галоснасці і ўседаступнасці любых відаў інфармацыі з дапамогай Сусветнага павуціння. У выніку рэзкага павышэння інфарматыўнай актыўнасці насельніцтва ў сучасным жыцці знайшлі шырокае распаўсюджанне інтэрактыўныя шоў-праграмы і эстрадныя конкурсы. Эпоха, што атрымала ў культуралогіі найменне "постмадэрнізм", ахарактарызавана неймавернай эклектыкай, змешваннем жанраў, стыляў, формаў, густаў і магчымасцей - як тэхнічных, так і сацыяльных. Усюдыісныя "фабрыкі зорак" і конкурсы, пачынаючы з міжнародных і заканчваючы карпаратыўнымі, бесперапынна, як на канвееры, штампуюць усё новых і новых эстрадных "зорак".

Але сапраўдныя зоркі, як вядома з астраноміі, - гэта велізарныя згусткі энергіі, і таму валодаюць здольнасцю бясконцага дарэння яе свету, служачы арыенцірамі надзеі і даўгавечнасці ў хаосе нявызначанасці. Што ж мы бачым на сцэне? <...> Можа, гэта не зоркі, а звычайныя пылападобныя імглістасці, іскры, якіх кувалдай шоў-бізнесу павыбівалі з жалезабетонных нарыхтовак? Можа, гэта ўсім вядомыя андэрсэнаўскія "голыя каралі"?

<...> Дзе вы ў эфіры ў наш час знойдзеце імкненне да мастацкай праўды, наватарства, ды часта хоць бы проста крэатыўнасць? Можа - у ценю. На святле ж - прымітыўная, што не дацягвае нават да геданізму, забаўляльнасць. Рэдкія выключэнні толькі пацвярджаюць правіла: сапраўднае золата - на дне, на паверхні... дэфіліруе пыхлівасць.

Адмоўным бокам "постмадэрнісцкага медаля" стала бяспрыкладнае ў гісторыі размнажэнне пасрэднасці, безгустоўшчыны, таннага плагіяту. Нават на прафесійнай сцэне, а ўжо на аматарскай!.. Караоке - катрынка XXI стагоддзя, што з'явілася літаральна ў к

/i/content/pi/cult/313/5464/12-1.jpg

ожнай кватэры, - у наш час стала ўпадабанай забавай. Сучасным Фросям Бурлаковым (у горшым сэнсе слова) цяпер няма ніякай патрэбы ехаць у сталіцу і чамусьці там вучыцца. Пятнаццаць хвілін у Інтэрнэце - і любая фанаграма, любы аркестр у цябе ў кішэні! І вось, замест таго, каб дома цішком радавацца "выкрадзенай здабычы", зорка-караошнік ужо са сцэны пераконвае нас у велічы сваіх музычных здольнасцей.

<...> Але сапраўды: на якіх падставах, зыходзячы з якіх меркаванняў, ажыццяўляецца такое, мякка кажучы, "суб'ектыўнае" ацэньванне? Ды не з якіх! Нават на міжнародных конкурсах, на вачах у мільёнаў тэлегледачоў, пастаянна можна бачыць безапеляцыйнасць суддзяў, якія аперыруюць, у лепшым выпадку, двума параметрамі: "за тэхніку" і "за артыстызм"! У нашых жа "мцэнскіх паветах" - і яшчэ прасцей: існуе толькі адзін крытэрый адзнакі - эмацыйны, па прынцыпе "падабаецца - не падабаецца"!

 І падобная заява - не плод нейкага хворага ўяўлення: аўтар гэтых радкоў знаёмы з сітуацыяй не па чутках. Больш за тое: зусім нядаўна, сам, будучы ўдзельнікам аднаго такога мерапрыемства, паспрабаваў прыцягнуць увагу журы да праблемы судзейства, для чаго ў нумары пра С.Ясеніна выкарыстаў вядомую байку І.Крылова. І быў... зняты з конкурсу. Ужо пасля свайго выступлення, заднім чыслом!

<...> ...Можна колькі заўгодна казаць пра складанасць работы журы па ацэнцы якасці мастацкага нумара, але яшчэ дваццаць чатыры стагоддзі таму ў Арыстоцеля, які вылучаў да дзясятка крытэрыяў-патрабаванняў да твора мастацтва, ужо можна адзначыць спробу сістэмнага (!) падыходу да яго ацэнкі. Дык што ж, з тых часоў мастацтвазнаўства толькі дэградавала?

 <...> Усялякая крытыка павінна быць канструктыўнай, таму сфармулюем канкрэтную прапанову. Для дасягнення аб'ектыўнасці ацэнкі мастацкага майстэрства канкурсанта (прычым у рэальна выканальнай аптымізаванай форме) звернемся да сацыяльных навук. З усёй разнастайнасці відаў характарыстык твораў мастацтва - такіх, як эстэтычныя, гнасеалагічныя (пазнавальныя), педагагічныя, псіхалагічныя - выберам асобныя, на наш погляд, найбольш істотныя інтэгратыўныя крытэрыі яго ацэнкі і звядзём іх у табліцу, якую прыводзім тут.

 <...> Думаецца, дастаткова дзесяці, для круглага рахунку, крытэрыяў ацэнкі. Сістэма адзнак па кожным - пяці-, але лепш - дзесяцібальная. Аднак для ўліку індывідуальнага ўнёску канкурсанта ў вынік, калі ўсё ж ацэньваць САМАдзейнасць, абавязкова варта ўвесці КАУ - каэфіцыент асабістага ўдзелу:

= 1,2 - пры іншых роўных умовах - за сваю аранжыроўку, за не выкарыстанне чужой (самім не створанай) фанаграмы, чужога відэароліка; не прыцягненне асістэнтаў, акампаніятараў, бэк-вакалу, падтанцоўкі і г. д.;

= 1,5 - за выкананне нумара пад уласны акампанемент;

 = 2 - за выкананне нумара пад уласны акампанемент, аўтарскі відэаролік і г. д.

 Пагодзімся, вядома, і з тым, што бываюць унікумы, такія, як Баскаў, Павароцці, якія не ўкладваюцца ні ў якія рамкі і заслугоўваюць найвышэйшых адзнак, дзякуючы ўжо хіба толькі аднаму параметру - свайму голасу, дару Божаму. Для падобных выпадкаў заўсёды знойдзецца кампраміс, напрыклад, Гран-пры! Але колькі такіх выключэнняў сярод нас? Нам разабрацца б з "простымі смяротнымі". Ну пагадзіцеся, так няёмка бачыць, як лайдакі (або "ўбогія" на сцэне?), якім і "Мурку" "збацаць" слабо, "перамагаюць" (!) працавітых, што шчыруюць за "сябе і за таго хлопца". Наогул, часта можна проста дзіву давацца, гледзячы на смеласць судзейскіх рашэнняў, якія ставяць на адны шалі здольнасці кулямётчыка і майстэрства Робін Гуда, які паражае мэту адной стралой.

А сапраўды, адкуль сёння ў нашых "спецыялістаў ад мастацтва" такая прага да "мярцвячыны"? Няўжо для кагосьці сакрэт, што ў выніку выкарыстання фанаграмы нівелюецца сама ідэя драмы-дзеяння прабацькі эстрады - старажытнагрэчаскага тэатра, пераварочваецца з ног на галаву прыярытэт саліста у адносінах да суправаджэння, выракаецца на знішчэнне імправізацыя - "душа сцэны".

<...> Магчыма, хтосьці аспрэчыць прапанаваную методыку ацэнкі эстраднага нумара, крытэрыі, каэфіцыенты. Практыка - крытэрый ісціны - усё расставіць па сваіх месцах. Бясспрэчна адно: калі хочам казаць пра аб'ектыўнасць, мы павінны, па меншай меры, папярэдне распрацаваць стандартызаваны інструмент вымярэння. Колькі можна бразгаць "сваімі аршынамі" там, дзе даўно патрабуецца мікраметр?

<...> Калі ж не казаць пра аб'ектыўнасць судзейства, усё ператвараецца ў фарс!

 Так ці не, час вам, паважаныя спадары і суддзі, з "эмацыйнага" ўзроўню работы перайсці, нарэшце, на інтэлектуальны, заняўшыся справай прафесійна і прынцыпова, назваўшы рэчы сваімі імёнамі. Ці не вы - першыя ў адказе за бязмежжа асляпляльнай шэрасці сцэн і экранаў?! І, можа быць, тады на нашым жыццёвым гарызонце з'явяцца не пыл, не іскры ў вочы, а сапраўдныя зоркі, якія напоўняць свет прыгажосцю і сэнсам, сагрэюць цеплынёй і святлом...

 Дзмітрый ПУГАЧЭЎСКІ

Наваполацк"