Тэст з варыяцыямі

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Мадуляцыя з камедыі ў трагедыю

/i/content/pi/cult/313/5463/9-3.jpg

Гастролі Смаленскага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава, што днямі завяршыліся ў Мінску, сталіся не толькі святам, але і, як і ўсякія прыезды артыстаў, яшчэ і своеасаблівай праверкай. Не толькі тых, хто гастралюе, але і тых, хто гасцей прымае - і адначасова быццам "прымярае" іх выступленні на сябе, "тэсціруючы" тым самым і сваю публіку.

Таму адкрыццё гастролей гогалеўскім "Рэвізорам" сталася больш чым сімвалічным, дый сам спектакль аказаўся адной з самых яркіх падзей. Раней яго ў нас маглі пабачыць хіба гамяльчане і госці горада, якія трапілі на Міжнародны фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ў лістападзе 2008-га. Цяпер да гэтай шмат у чым эксперыментальнай пастаноўкі Анатоля Ледухоўскага змаглі далучыцца жыхары нашай сталіцы.

 Гогалеўскі тэкст з вельмі ашчаднымі, тонка зробленымі купюрамі часам набывае новы сэнс, дапаўняецца калажным цытаваннем шэкспіраўскага "Гамлета", іншымі постмадэрнісцкімі прыёмамі. Шырока выкарыстоўваецца і моўная поліфанія: усе чыноўнікі, у адрозненне ад п'есы, - разам са сваімі жонкамі, якія паўтараюць прапановы і каментарыі сваіх мужоў з "варыяцыямі".

Сцэнаграфія так званага чорнага кабінета спалучаецца з тэатрам ценяў (у "паядынку" ілжэ-рэвізора з Гараднічым), мяшкамі са смеццем (у ролі наймодных крэслаў-груш) і белым раялем, які паўстае то шлюбным ложкам, то амаль труной, то "птушкай-тройкай" з "Мёртвых душ", то дрожкамі. Спектакль заснаваны на шматлікіх асацыятыўных ланцужках, лейтматывах-сімвалах (тут і снег-пух-пыл, і "прыбіральшчыца" з мятлой), дзякуючы чаму перад намі ўзнікае не толькі гісторыя асобна ўзятага павятовага горада, але і ўсёй Расіі: з часоў баярскай думы да савецкай эпохі, перабудовы і сучасных крымінальных разборак. Змены ў фінале (замест замкнёнай формы з прыездам не ўяўнага, а ўжо сапраўднага рэвізора - забойства Бобчынскага з Добчынскім і самога Хлестакова) яшчэ больш падкрэсліваюць жудасна-чорную безвыніковасць. І гэтая мадуляцыя з камедыі ў трагедыю найлепшым чынам адпавядае з/i/content/pi/cult/313/5463/9-4.jpgадуме і самой эстэтыцы М.Гогаля, чый партрэт спачатку ператвараецца ў абраз са свечкай, на які моляцца персанажы, а потым, "размножыўшыся", нагадвае дошку гонару.

На жаль, гэты цудоўны інтэлектуальны спектакль з рэжысурай сусветнага ўзроўню не прайшоў выпрабаванне ні нашай публікі, адвучанай ад тэатральных роздумаў (і частка яе пакідала залу), ні самой смаленскай трупы. Прэс-канферэнцыя з удзелам галоўнага рэжысёра Віталя Баркоўскага (ён, нагадаем, пераехаў у Смаленск з Коласаўскага тэатра) і вядучых артыстаў ператварылася ў філасофскі "круглы стол" на тэмы "тэатр і глядач", "акцёр і рэжысёр". Тут была прэзентавана і манаграфія Таццяны Катовіч "Структура спектакля: воля да постмадэрнізму", прысвечаная В.Баркоўскаму. Але нават на гэтай сустрэчыанонсе "Рэвізор" не атрымаў годнай "унутранай" ацэнкі саміх смалян.

Можа, тыя падсвядома адчувалі, што падобная пастаноўка будзе вымушаць ацэньваць па той жа высокай мастацкай шкале і астатнія работы? Бо гастрольныя спектаклі пераканалі: смаляне добра іграюць саміх сябе, псіхалагічна адчуваюць (найперш - у трагедыйным плане) чалавека глыбінкі ("Вішнёвы сад" А.Чэхава, "Грэх" паводле М.Горкага), таму шэкспіраўскія жарсці ("Рамэа і Джульета") нагадваюць у іх местачковыя бойкі "сценка на сценку" - толькі чамусьці з прэтэнзіяй на класічнае, а не на сучаснае ўвасабленне, хаця, улічваючы акцёрскі расклад, спектакль хочацца назваць "Меркуцыа" і завяршыць яго адразу пасля смерці гэтага героя. Сярод праблем, якія давядзецца вырашаць цяперашняму галоўнаму рэжысёру, - дасягненне добрай дыкцыі і акцёрскай натуральнасці. Але ёсць і тое, чаму можна павучыцца: пастаноўка прэм'еры ў разліку на пэўнага маладога артыста - амаль што ягоны бенефіс (Андрэй Курганаў у "Бенвенута, Атэла!"). У нашым тэатры таксама ставілі (і нават пісалі!) музычныя спектаклі ў разліку на Наталлю Гайду. А папраўдзе бенефісным быў толькі мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча "Джулія", бліскуча ўвасоблены артысткай, але - ужо прымай трупы.

Завяршаючы гастролі, В.Баркоўскі адзначыў такія рысы нашых гледачоў, як такт, густ, інтэлігентнасць. Выказаў спадзеў, што Смаленскі тэатр будзе прыязджаць яшчэ неаднойчы. Сапраўды, абменныя гастролі- выйгрыш падвойны! А вынікі паездкі нашага Музычнага тэатра ў Смаленску падвядзём у наступных нумарах.


На здымках: сцэны са спектакляў "Вішнёвы сад", "Грэх

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"