За крысо тваёй “вопраткі”

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Ці хаваецца за фарсам філасофія?

 

 /i/content/pi/cult/313/5462/9-1.jpgІ на ТЮГаўскай сцэне рэжысёр Уладзімір Савіцкі не здрадзіў сваёй ідэі пастановак твораў беларускіх аўтараў. Напярэдадні сакавіцкіх святаў ён прадставіў прэм'ерны спектакль "Пан міністар" Францішка Аляхновіча, тым самым пацвердзіўшы ўласны праграмны тэзіс аб тым, што ў якасці кіраўніка не бачыць Рэспубліканскі тэатр юнага гледача адно толькі пляцоўкай для дзіцячых казак.

Драматургія Францішка Аляхновіча на беларускай сцэне - з'ява вельмі нават рэдкая, калі не сказаць адзінкавая. Прытым, што ў свой час - у першай трэці мінулага стагоддзя - чалавек гэты аказаў даволі значны ўплыў на станаўленне прафесійнага сцэнічнага мастацтва, а ягоная кніга "Беларускі тэатр" была, па сутнасці, першым даследаваннем нацыянальных тэатральных вытокаў і традыцый. Не дзіва, што кожны рэжысёр, які сёння звяртаецца да твораў Аляхновіча, з пэўным правам дэкларуе аб тым, што адкрывае айчынным гледачам імя забытага аўтара.

 Аднак Уладзімір Савіцкі пайшоў у гэтым далей і не проста "адкрыў" нам п'есу Аляхновіча "Пан міністар", а паспрабаваў адшукаць аргументы для таго, каб запэўніць: твор гэты мусіць стаяць у адным шэрагу з "Тутэйшымі" Янкі Купалы. А таму ўвесь яго спектакль, па сутнасці, стаўся не столькі пастаноўкай канкрэтнага драматургічнага твора, а менавіта - дыялогам-палемікай з Купалавай п'есай. Як рэжысёр Уладзімір Савіцкі сваімі спектаклямі стала дэманструе прыхільнасць не да забаўляльнаэфектных відовішчаў, а да тэатра, што прымушае гледачоў "мысліць доўга": ён быццам бы наступае на крысо тваёй эмацыянальнай "вопраткі", вымушаючы спыніцца і засяродзіць ўвагу на канкрэтнай думцы або зададзеным пытанні. І тым адрозніваецца ад многіх іншых айчынных пастаноўшчыкаў, якія прывыклі існаваць у прасторы спектакля "штрыхпункцірна" - маўляў, дзеянне не павінна прастойваць, а таму няма чаго падоўгу таўкціся на адным і тым жа месцы-думцы. Таму і ў новым спектаклі яго рэжысёрскі інтарэс распасціраецца далей за звыклу/i/content/pi/cult/313/5462/9-2.jpgю інсцэнізацыю Аляхновічавай камедыі: рэжысёр паспрабаваў адшукаць актуальнага тэатральнага героя, супаставіць і параўнаць яго з тым Мікітам Зносакам з "Тутэйшых", які стаўся для многіх адкрыццём у 90-я гады мінулага стагоддзя.

Філімон Пупкін у выкананні Аляксея Палазкова - не проста фарсавы кар'ерыст на манер "з гразі ў князі". Ён - сумесь недалёкага прахіндзея і пажадлівага аматара жанчын. З гэткай жа настойлівасцю, з якой ён пхнецца ў міністры, Пупкін падглядвае за маладзенькай Любачкай. І на працягу ўсяго спектакля акцёр так і не вызначае адназначна, якая ж з дзвюх "праг" героя асабіста для яго больш важная. Ды, аднак, сам "расклад" выглядае так, што пасада - гэта пэўныя магчымасці і, так бы мовіць, сродак, у той час як жаночыя ласкі ўсё ж- мэта.

Спектакль, заяўлены як фарс, развіваецца, аднак, больш цяжкаважна, рэжысёр увесь час намагаецца быццам бы пераканаць нас, што на самой справе Аляхновіч у сваім творы закладаў нашмат больш глыбокія думкі. І гэткае жанравае сутыкненне, імкненне ўбачыць тонкую эзопаву мову там, дзе валадарыць зададзеная аўтарам лабавая сатыра, толькі запавольвае само сцэнічнае дзеянне, так што на палове пастаноўкі пачынаеш думаць аб тым, навошта так доўга абсмоктваць адну-адзіную прымітыўную фарсавую сітуацыю. І калі ў заключнай частцы спектакля Пупкін раптам распачынае доўгі, поўны асабістых прэтэнзій, маналог на тэму беларускай мовы, яе актуальнасці, арганічнасці для свайго атачэння, становіцца зразумела: пры ўсіх шматлікіх падабенствах і паралелях з "Тутэйшымі", Пупкін і Зносак усё ж- розныя пернікі. Апошні, называючыся тутэйшым, проста не ўсведамляе сябе як асобу, прыналежную да пэўнага нацыянальнага і культурнага слою, - акурат гэта і выклікала ў гледачоў усю гаму пачуццяў ад абурэння да шчырага шкадавання гэтага чалавека. Пупкін жа, наадварот, надзвычай дакладна разумее, хто ён і з якога цеста злеплены. І "хаджэнне ў міністры" для яго - не пошукі ўласнага месца ў жыцці, а неабходнасць прыкрыць уласнае пачуццё непаўнавартасці, якое культывуюць у стаўленні да яго ўсе навакольныя.

 У фінале амаль дзвюхгадзіннай фарсавай вакханаліі раптам чуецца крык пеўня, мітусня персанажаў на сцэне спыняецца, і глядач уздыхае з палёгкай: "царства" вурдалакаў развейваецца...

На здымках: сцэны са спектакля "Пан міністар".