На саісканне прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Дзейна-сімфанічныя асобы

/i/content/pi/cult/313/5461/8-4.jpg

7 і 8 сакавіка ў прэзентацыі новай сольнай праграмы Аляксандра Саладухі "Берагі" ў Канцэртнай зале "Мінск" гучалі шэсць новых песень Алега Елісеенкава. У хуткім часе з'явяцца яшчэ дзве, якія знаходзяцца ў працы. Усяго для гэтага альбома кампазітар запланаваў 9 - 10 сваіх твораў. Але хуткасць іх з'яўлення - далёка не адзіная адметнасць яго творчага плёну. Песні Алега Елісеенкава, хто іх ні спяваў бы - ён сам ці нехта з зорак - пазнаюцца адразу. Без а б ' я ў л е н н я прозвішча аўтара!

 Н е я к "прыхаваць" іх, "зрэтушыраваць" чужой аранжыроўкай ці не зусім адпаведным выкананнем таксама немагчыма. Бо ёсць у іх, незалежна ад тэмпу і вобразнага зместу, гэткі асаблівы нерв. Не рытм, не! І, тым больш, не механічнасць зададзеных ударнай устаноўкай рыфаў, што прыносяць запамінальнасць песням іншых аўтараў. Тут штосьці іншае, а менавіта - адчуванне нацягнутай струны, бляску ў вачах, той унутранай энергетыкі, якая, мабыць, і завецца натхненнем.

Песні Алега Елісеенкава - бы самастойныя дзейныя асобы агульнага спектакля. Справа зусім не ў іх тэатралізацыі! Яны, калі можна так сказаць, дзейнічаюць і ўздзейнічаюць: звяртаюць на сябе ўвагу, прымушаюць услухоўвацца, а не мільгаюць нейкім агульным фонам. І гэта пры іх папраўдзе фантастычнай колькасці! Мабыць, дзейснасць яго песеннай дзейнасці - спадчына акадэмічнага мінулага? І таму яму так удаецца рамансавая лірыка, а не толькі завадныя танцавальныя кампазіцыі? Да таго ж, некаторыя з яго лепшых песень быццам балансуюць на мяжы з імпрэсіянісцкай каларыстычнасцю камернай музыкі, а ў зробленых ім аранжыроўках адчуваецца сапраўдная сімфанічнасць мыслення, тое ўменне "трымаць" драматургію, што выдае ў ім добрую кампазітарскую школу народнага артыста Беларусі, прафесара Дзмітрыя Смольскага.

Алег Мікалаевіч даўно ўжо выкладае сам. У асобную "дзейную песню" выліліся і яго памкненні дапамагчы спеўнай моладзі. Але гэта не перашкаджае галоўнаму - нараджэнню ўсё новых песенных пацерак, што не вісяць, знітаваныя ў цяжкія каралі, на шыі выканаўцаў, а быццам разлятаюцца ў розныя бакі - рознакаляровымі шарыкамі ў аблачынках. А тое, што на долю А.Саладухі прыпадае іх больш, тлумачыцца шматгадовым супрацоўніцтвам. І гэткай жа дзейснай натурай спевака.