Пластычнае крэда прафесара

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Неспакойны пакой з архідэямі

/i/content/pi/cult/313/5457/6-1.jpg

З народным артыстам СССР і Беларусі, знакамітым харэографам, прафесарам Валянцінам ЕЛІЗАР'ЕВЫМ мы гутарым у яго дома. Нагод - больш чым дастаткова. Нядаўна ён паставіў "Дон Кіхота" ва ўласнай рэдакцыі ў Токіа, крыху раней - "Спартака" ў Каіры. Ледзь не штомесяц - у журы (часта - старшынёй) самых прэстыжных балетных конкурсаў. Але, як ні дзіўна, пачынае Валянцін Мікалаевіч з расповеду пра сваю педагагічную дзейнасць.

Раз-пораз да размовы далучаецца ягоная жонка, вядомы оперны рэжысёр, аўтар некалькіх манаграфій, прафесар Маргарыта ІзворскаЕлізар'ева. Але ў такія моманты ўзнікае не звыклы "дуэт згоды", калі галасы ідуць нота ў ноту, толькі кожны - у сваім рэгістры, а поліфанічная повязь, дзе аказваюцца задзейнічаны самыя розныя віды гарманічнага спляцення-суіснавання думак, неабавязкова выказаных уголас, часам - проста праз позірк ці дотык рукі. Акурат так суіснуюць-сплятаюцца архідэі на сонечным акенцы ў гасцёўні, дзе мы сядзім: іх услухоўванне ў кожную фразу адчуваецца нават тады, калі яны знікаюць за фіранкай, пасунутай рукой Маргарыты. Усё правільна: калі ты чагосьці не бачыш, гэта не значыць, што яго няма. Валянцін Мікалаевіч можа сказаць ёй: "Ты на мяне "націскаеш", я не магу думаць". І яна бясшумна знікае - як у нейкай фантастычнай стужцы. А потым раптоўна з'яўляецца зноў - акурат у той момант, калі ён аглядаецца, быццам шукаючы падтрымкі ці абвяржэння.

- Гэта ўжо мой трэці набор. Першы быў самым шматколькасным, з яго выйшлі Раду Паклітару, які цяпер узначальвае "Кіеў-мадэрн балет", Наталля Фурман - яе "Беласнежка і сем гномаў" ідуць у Вялікім тэатры Беларусі, а Уладзімір Іваноў, які стаў галоўным харэографам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, - з майго другога выпуску. Сёлета быў набраны чарговы курс, усе месцы запоўнены, але навучаюцца пераважна на педагогарэпецітара. У класе будучых харэографаў-пастаноўшчыкаў - усяго адна вучаніца. Прынятыя, праўда, былі двое, але хлопец праз нейкі час "збег" - зноў-такі, у педагогі.

 - Што ж гэта яны ад вас так "бегаюць"? Можа, надта строгі вы прафесар?

- Прафесія такая: яна сама выбірае. Калі я вучыўся ў Ленінградзе, нас паступіла 15, а скончыла - усяго чацвёра. Адсеялася, як бачыце, 11 чалавек, а гэта - амаль тры чвэрці. Так што цяперашні адсеў у 50 працэнтаў не такі ўжо і вялікі, калі параўнаць. Галоўнае - хто застаўся.

- І хто ж?

- Люба Пятрова, я адсочваю яе рост яшчэ з харэаграфічнага каледжа: яна ўжо там ставіла. Апантаная, займаецца з задавальненнем, у яе багата магчымасцей, бо ёсць і жаданне, і здольнасці.

- Але ж прафесія харэографа, пэўна, не зусім жаночая? Ці - зусім не жаночая?

 - Можаце прадоўжыць: як і прафесія рэжысёра, кампазітара... Пералічвайце ўсё, звязанае з творчасцю,- не памыліцеся. І... не будзеце мець рацыі. Бо талент нараджаецца не па палавых прыкметах. Наадварот, ужо самі псіхалагічныя асаблівасці жанчын здольныя ўнесці ў прафесію новыя прывабныя рысы. Іншая справа, што рэалізаваць сябе мужчыне бывае прасцей. І арганізацыйна вырашаць многія пытанні- таксама. Бо харэаграфія аб'ядноўвае вельмі шмат кірункаў працы, якімі ты вымушаны займацца, пачынаючы пастаноўку. І галоўнае тут - арганізаваць сам працэс, які будзе працаваць на цябе. Балет - мастацтва сінтэтычнае, музычна-тэатральнае, і калі "не дацягвае" хаця б адзін нейкі складнік - разбураецца ўсё.

 - Партытура і спектакль, - Маргарыта Мікалаеўна па-рэжысёрску канкрэтызуе разважанні мужа, - гэта розныя рэчаіснасці. І такое іх разуменне трэба выхоўваць не толькі ў будучых кампазітараў, рэжысёраў, харэографаў, але і ў мастакоў, якія будуць займацца сцэнаграфіяй.

- Прафесіі гэтыя зусім не колькасныя. Калі ў нашай краіне ўсяго два "профільныя" тэатры, нам не патрэбна цэлая армія харэографаўпастаноўшчыкаў. Але патрэбны высокія прафесіяналы.

- Ёсць жа яшчэ драматычныя тэатры, дзе апошнім часам ставіцца ўсё больш пластычных спектакляў. Пэўна, вашы выпускнікі могуць быць і там запатрабаваны?

 - Вядома, але гэтую нішу паспяхова запаўняюць выхаванцы таго ж Універсітэта культуры. І гэта цудоўна! Кожны павінен займацца сваім: ёсць навука прыкладная, а ёсць - фундаментальная. Прызначэнне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі - доўжыць лепшыя традыцыі, узбагачаючы іх новымі дасягненнямі. І я вельмі рады, што наша кафедра адкрыта менавіта ў гэтай навучальнай установе. Створаны ўсе ўмовы: невялічкая зала, раяль... Але галоўнае - кансерваторыя, як раней называлі Акадэмію, дае грунтоўны навуковы падмурак, такі неабходны для балета. Класічны балет - гэта не толькі пэўны шлях развіцця, але яшчэ і дасягнутая вяршыня. Гэта, калі хочаце, элітнае, элітарнае мастацтва - у найлепшым сэнсе гэтага паняцця. Яму падуладна абстракцыя, філасофія, а не толькі ўласна побытавыя рэчы. Паводле ступені абстрактнасці, балет і музыка вельмі блізкія. Як і сама мова цела і гуку, якой патрэбны веды ў галіне драматургіі, часавага вымярэння. Бачыць свет пластычна, мысліць вобразамі, рухамі - для гэтага патрэбна фантазія і вялікія пласты ведаў, у тым ліку музычных. Увогуле ж, прафесія шукае тых, хто гатовы чымсьці ахвяраваць у жыцці дзеля яе.

- Вы таксама ахвяравалі?

- Я не мог шмат часу аддаваць дзецям - цяпер навёрстваю, на ўнуках. Сын жыве ў Балгарыі, літаральна штодзень звязваемся з ім праз Інтэрнэт, глядзім на малых, назіраем, як яны развіваюцца.

- Старэйшага, - дадае Маргарыта, - хочам узяць на лета да сябе. Яму ўжо тры гады, а ён дрэнна гаворыць па-руску, лепш ведае англійскую мову. Думаем выправіць гэтую сітуацыю: чым больш моў, тым лепш.

- Я свайго Адама ў "Стварэнні свету", - з усмешкай працягвае Майстар, - ляпіў з сына. Трэба ж кагосьці і з унукаў зляпіць!

- Працягваеце мысліць рухамі?

 - Ад гэтага нікуды не падзецца: прафесія не вызначаецца пасадай ці дыпломам - яна ці ёсць, ці яе няма. Мне цікава выкладаць, я імкнуся падзяліцца ўсімі сваімі ведамі, усім назапашаным вопытам. Але ведаю я і тое, што ў творчасці проста ўзяць і навучыць - немагчыма. Можна толькі, як казаў мой выкладчык, дапамагчы. Ён заклікаў нас ставіць як мага больш - у самадзейнасці, мюзік-холе, дзе заўгодна. А потым мы ўсе разам разглядалі тыя пастаноўкі, аналізавалі, абмяркоўвалі. Толькі так і трэба вучыць - праз непасрэдную практыку. Канешне, трэба чытаць адпаведную літаратуру: па кожнай з навуковых дысцыплін існуе безліч падручнікаў, дапаможнікаў, разнастайных даведнікаў. Але чым далей, тым больш прасякаюся павагай да ўсходняй сістэмы перадачы ведаў - толькі з вуснаў у вусны, з рук у рукі, без аніякіх пасрэднікаў, нават у выглядзе пісьмовых крыніц, дзе зносіны настаўніка і вучня выпраменьваюцца толькі ў адзін бок, без зваротных сувязей, а яны, бадай, адзін з самых важных складнікаў у навучанні.

- Няўжо на балет не распаўсюджваецца такое вынаходніцтва чалавецтва, як тэхналогія? Вядома, ёсць прыродная адоранасць, творчая інтуіцыя, але прафесія пачынаецца менавіта з авалодвання адпаведнай тэхналогіяй.

- "Тэхналогія", як вы кажаце, у харэографа-пастаноўшчыка адна. Спачатку цалкам зрабіць "каркас" будучай пластычнай кампазіцыі, а потым нарошчваць на яго тыя або іншыя дэталі, упрыгожанні - гэты працэс можа быць бясконцым. Але калі няма ўнутранага стрыжня, складзенай харэаграфічна-драматургічнай канцэпцыі, ніякія дадаткі не дапамогуць - наадварот, могуць цалкам парушыць задуму.

- А ці змяняецца першасная канцэпцыя пад уздзеяннем новых выканальніцкіх складаў? І, тым больш, - пры пераносе харэаграфічнай пастаноўкі ў іншы тэатр? Да таго ж - на іншую нацыянальную глебу? За гэтыя два гады вы ажыццявілі шмат пастановак у замежжы, прычым гэта былі не толькі разнастайныя канцэртныя нумары, у тым ліку прызначаныя для ўдзелу артыстаў балета ў конкурсах, але і буйнамаштабныя спектаклі. Нават з тых фрагментаў гэтых балетаў, што мне ўдалося паглядзець, відавочна: гэта - іншыя спектаклі, не такія, якімі яны былі на нашых прэм'ерах...

 - Сапраўды, гэта так. Я ніколі не намагаюся слепа перанесці ўсё, што было, на іншых выканаўцаў - быццам "пераставіць" рэч на іншае месца. Кожны артыст мае сваю творчую і чалавечую індывідуальнасць, і я заўсёды гэта ўлічваю. Не толькі абсалютна новая харэаграфічная пастаноўка, але і так званы перанос - гэта абсалютна жывы творчы працэс. Застаюцца нейкія пачатковыя задумы, абрысы, але ўсё далейшае развіццё спектакля і, адпаведна, ягоны ўнутраны сэнс - усё цалкам залежыць ад канкрэтных артыстаў і таго, што ты ім перадаў.

 - У гэтым, - зноў уступае Маргарыта, - заключаецца не толькі ўласна эстэтычная, але і выхаваўчая функцыя пастановак, якія крочаць па свеце. Бо яны без усялякіх ментарскіх павучанняў фарміруюць густ, развіваюць мастацкія далягляды, даюць неацэнны досвед сутыкнення з іншай культурай і "пераапрацоўкі" яе на сваёй нацыянальнай глебе.

- Шмат даюць яны, пэўна, і самому мастаку. Бо калі Майстар на новым этапе звяртаецца да сваёй ранейшай работы, ён заўсёды штосьці ў ёй карэкціруе - і твор набывае калі не новае жыццё, дык новае дыханне. А які гэта гонар для ўсёй краіны! Беларускія спектаклі не проста прадэманстраваны ў замежжы, а "высаджаны" на замежную глебу, "прывіты" на ёй... Ну, а штосьці зусім новае? Як, дарэчы, наконт "Клеапатры"? Бо там ужо была зроблена вялізная праца. Балет, наколькі я разумею, даўно "пастаўлены", але пакуль толькі ў галаве - на музыку Вячаслава Кузняцова, са сцэнаграфіяй Вячаслава Окунева...

 - Я сапраўды хацеў бы ўбачыць, нарэшце, гэты спектакль. Але замежныя тэатры, падлічыўшы грошы, неабходныя на грандыёзную, шыкоўную пастаноўку (а як іначай ставіць такі сюжэт?), крыху "пужаюцца". Таму штосьці новае пакуль сачыняю дома. Ёсць некалькі розных не толькі задумак, а ўжо і "сцэнарыяў". Пішу кнігу: гэта не толькі ўспаміны, прычым з гумарам, але і роздум пра мастацтва балета і, шырэй, пра культуру ўвогуле. Але я не спяшаюся яе завяршаць: жыццё падкідвае штодзень усё новыя ўражанні.

- Вас часта можна бачыць на прэм'ерах, у тэатрах, філармоніі. Гэтыя "міні-рэцэнзіі" таксама знойдуць увасабленне ў кнізе? Можа, для яе напісання вы пачалі весці дзённік?

 - Дзённікаў не вёў ніколі, але штосьці цікавае - занатоўваю. Сапраўды, імкнуся быць у курсе ўсіх культурных падзей, і не толькі Беларусі. Мы з Маргарытай лёгкія на пад'ём.

- А што сярод самых адметных мастацкіх уражанняў апошняга часу?

- Са знакам плюс - выступленне Лонданскага сімфанічнага аркестра, вельмі многія філарманічныя канцэрты, асабліва - нядаўняе выкананне "Рэквіема" Брытэна: сапраўднае мастацкае адкрыццё. А са знакам мінус - гастрольны мюзікл "Рамэа і Джульета". Часам здаецца, што гастралёры папросту не разумеюць, куды едуць...

- На конкурсах, у журы - расчараванняў не бывае?

- Штораз пераконваюся: беларуская харэаграфічная школа, якая з'яўляецца ўдалым сінтэзам маскоўскай і піцерскай школ, - адна з лепшых у свеце. Вялікія поспехі робяць і нашы калектывы сучаснай харэаграфіі, у чым пераканаў леташні Міжнародны фестываль у Віцебску. За перамогі нашых артыстаў мы павінны дзякаваць, найперш, іхнім выкладчыкам - пачынаючы, зразумела, з харэаграфічнага каледжа, дзе закладаюцца асновы ўсяго далейшага развіцця. У тэатры павінны быць высокія прафесіяналы, інтэлігенты. Артысты - заўсёды заложнікі сітуацыі. Ім адведзена вельмі мала часу, каб паспець рэалізаваць свой патэнцыял. Таму тэатральны рэпертуар - гэта яшчэ і іх творчы лёс. І, зразумела, шмат залежыць ад уласных барацьбіцкіх якасцей...

- На выканальніцкім узроўні, - працягвае разважанні Маргарыта Ізворска-Елізар'ева, - таксама дзейнічае дылема Моцарта і Сальеры. Трэба навучыцца не калькаваць час, а быць хаця б крыху наперадзе яго. І пры гэтым не жыць адно мінулым і будучым, успамінамі ды марамі. Мастацкая рэальнасць - не менш рэальная за жыццёвую...

 І тут я, нарэшце, разумею, што тыя архідэі, якія любоўна разводзіць Маргарыта Мікалаеўна, - не яе партрэт, як мне спачатку здалося, а - "водгукі"-прывіды балетных постацей: такія ж гнуткія і грацыёзна-таямнічыя....

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"