Менеджар, які здольны “заглушыць рухавік”

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Хісткае становішча навуковага кіраўніка

Навуковы кіраўнік аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны сёння часам успрымаецца ў ролі дарадцы або нават "кантралёра". Хаця насамрэч ягоная функцыя куды больш пачэсная: гэта, не раўнуючы, капітан карабля на флоце. Адпаведна, ад яго патрабуецца не толькі кампетэнтнасць і тэарэтычны досвед, але і ўменне прымяняць яго на практыцы.

 На караблі пад час прыняцця рашэняў апошняе слова застаецца менавіта за капітанам. Ён мае ўладу, неабходную для таго, каб вызначаць курс судна - альбо ўвогуле "заглушыць рухавік", калі імклівы рух наперад становіцца небяспечным. Ці мае сёння такія паўнамоцтвы навуковы кіраўнік?

У юрыдычнай плоскасці, адказ - адназначны. Гэтыя правы і абавязкі замацаваны заканадаўствам і спецыяльнай інструкцыяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Але практычная іх рэалізацыя спараджае нямала складанасцей.

Пад час нядаўняга "круглага стала", прысвечанага тэме аховы помнікаў спадчыны, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі адзначыў, што афіцыйны статус навуковага кіраўніка сёння патрабуе прапрацоўкі і канкрэтызацыі. Як выявілася, праблем тут існуе цэлы шэраг. Наш карэспандэнт даследаваў іх разам з практыкамі ў сферы.

Фільтр для некампетэнтнасці

- Навуковы кіраўнік - гэта своеасаблівы менеджар рэстаўрацыйнага праекта, які прызначаецца на пасаду Міністэрствам культ

/i/content/pi/cult/313/5456/5-1.jpg

уры краіны і нясе персанальную адказнасць за захаванне адметных вартасцей аб'екта пад час вядзення работ, - дае сваё вызначэнне архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, які апякуе такія помнікі спадчыны, як мінскі праспект Незалежнасці і гістарычны цэнтр Полацка.

Таму адразу ўзнікае пытанне: якім крытэрыям павінен адпавядаць спецыяліст, каб прэтэндаваць на месца на "капітанскім мастку"?

 Як адзначыла загадчык сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, неабходны для прызначэння навуковага кіраўніка пакет дакументаў павінен утрымліваць копію дыплома і працоўнай кніжкі кандыдыта, а таксама пералік выкананых ім рэстаўрацыйных работ.

Адпаведна, патрабаванні да кандыдатаў з боку Міністэрства культуры краіны можна акрэсліць двума словамі: досвед і адукацыя. Прычым канкрэтныя патрабаванні сфармуляваны менавіта паводле апошняга крытэрыя. Гіпатэтычна, навуковым кіраўніком сёння можа стаць кожны дыпламаваны архітэктар. Але Вадзім Гліннік мяркуе, што такі "адукацыйны цэнз" відавочна недастатковы:

- Я ведаю багата добрых архітэктараў, якія, у той самы час, зусім не валодаюць рэстаўрацыйнай методыкай. Гэтыя прафесіі ў нечым нават супрацьлеглыя паводле сваёй прыроды. Мяркуйце самі: ад архітэктара патрабуецца творчы падыход, а вось рэстаўратар на творчасць папросту не мае права. І таму не дзіўна, што ў некаторых краінах гэтых спецыялістаў нават рыхтуюць у розных навучальных установах.

Адпаведна, узнікае патрэба ў стварэнні дадатковых "фільтраў" для некампетэнтнасці. На думку Вадзіма Глінніка, такую функцыю могуць выконваць рэгулярныя экзамены навуковых кіраўнікоў, прызначаныя для адсеву "выпадковых людзей" у гэтай справе. Але тут немінуўча паўстае пытанне: хто зойме месца "адсеяных"?

- На вялікі жаль, дасведчаных спецыялістаў у сферы рэстаўрацыі на Беларусі можна ледзь не на пальцах пералічыць, - кажа Наталля Хвір. - Таму атрымліваецца, што некаторыя з іх апякуюць адразу 50 аб'ектаў, размешчаных у розных кутках краіны! А многія гісторыка-культурныя каштоўнасці і наогул не маюць сваіх навуковых кіраўнікоў...

 На думку Вадзіма Глінніка, вырашыць гэтую праблему можна выключна праз падрыхтоўку новых рэстаўрацыйных кадраў. Ды і ўжо дзеючыя навуковыя кіраўнікі павінны, прынамсі, раз на два гады праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, бо сусветная рэстаўрацыйная навука не стаіць на месцы.

- Такіх спецыялістаў неабходна пастаянна трымаць у добрай інтэлектуальнай форме, - кажа рэстаўратар. - Тым больш, гэта практыкі, якія знаходзяцца "на перадавой" адраджэння спадчыны, і яны далёка не заўсёды маюць час на доўгія штудыі ў бібліятэцы. Таму патрэбную інфармацыю трэба пакласці ім "на стол" у зручным для ўспрыняцця фармаце. Было б добра, каб існаваў, скажам, штоквартальны бюлетэнь, які адлюстроўваў бы найактуальныя навінкі ў сусветнай рэстаўрацыі...

Перспектывы стварэння ўласнай "школы рэстаўратараў" ужо намацоўваюцца - ва ўсялякім выпадку, кіраўніцтва Міністэрства культуры краіны неаднойчы заяўляла пра такія намеры. Але... Гэта перспектывы далёкасяжныя. А ў справе навуковага кіраўніцтва куды больш надзённых праблем.

 Парадокс віны і адказнасці

Паводле беларускага заканадаўства, працы на аб'екце спадчыны не могуць распачынацца без удзелу навуковага кіраўніка. На практыцы ж ён можа даведацца пра іх правядзенне ўжо постфактум.

 У адзін цудоўны дзень навуковы кіраўнік царквы Святога Іллі ў вёсцы Куляшоўка Клімавіцкага раёна раптам даведалася, што гэты помнік спадчыны... бясследна знік! Быццам скрозь зямлю праваліўся. Не раўнуючы, бы ў старадаўніх паданнях.

 Праз нейкі час царква "знайшлася", але ўжо ў Бабруйску. Уласнік помніка спадчыны не палічыў патрэбным паведаміць пра перанос апошняга не толькі навуковаму кіраўніку аб'екта, але і ў Міністэрства культуры краіны, без дазволу якога ніякія работы на гісторыка-культурных каштоўнасцях не маюць законнай асновы./i/content/pi/cult/313/5456/5-3.jpg

- Пасля гэтага інцыдэнту мы мелі сустрэчу з настаяцелем праваслаўнага прыхода, патлумачылі яму заканадаўства ў сферы аховы спадчыны,- распавядае Наталля Хвір. - Нам здавалася, што ўдалося дасягнуць паразумення. Але не так даўно да нас дайшла інфармацыя пра тое, што прыход пачаў рэканструкцыю храма, якая поўнасцю скажае яго гістарычнае аблічча. Зразумела, таксама без удзелу навуковага кіраўніка. А спецыяліст звярнулася да нас са словамі: даруйце, але ж я нясу адказнасць за гэтыя работы!..

Многія іншыя помнікі сакральнага драўлянага дойлідства наогул не маюць навуковых кіраўнікоў, і рамонтныя работы там адбываюцца сіламі саміх прыходаў. Гэты добры пачын спарадзіў ужо нямала драматычных калізій: часам неспецыялісту здаецца, што сайдынгавае пакрыццё можа толькі ўпрыгожыць храм XVIII стагоддзя...

- У выніку некаторыя цэрквы страцілі свае адметныя вартасці, іх статус помніка спадчыны сёння выклікае вялікія пытанні, - кажа Наталля Хвір. - Натуральна, што дасведчаны навуковы кіраўнік ніколі не дазволіў бы такіх парушэнняў...

Зрэшты, яго роля не заўсёды акрэслена і ў суплёце прафесіяналаў, якія займаюцца тым або іншым аб'ектам. Выпадкі, калі навуковага кіраўніка, па сутнасці, "адштурхоўвалі ўбок" пад час правядзення работ, неаднойчы "ўсплывалі" на старонках СМІ. Вадзім Гліннік распавёў карэспандэнту "К" яшчэ адзін:

- З 1992 года я з'яўляўся навуковым кіраўніком гістарычнага цэнтра Полацка і да апошняга часу браў чынны ўдзел ва ўсіх горадабудаўнічых праектах, датычных захавання даручанага мне аб'екта. Цягам паўтара дзесяцігоддзя спецыялісты-рэстаўратары разам з горадабудаўнікамі паслядоўна на практыцы рэалізоўвалі адзіныя, узгодненыя між сабою, прынцыпы захавання гістарычнага цэнтра Полацка. Але ў 2007 годзе я даведаўся, што калегі распрацавалі праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра без удзелу навуковага кіраўніка. Пры гэтым я катэгарычна не згодны з некаторымі закладзенымі ў праекце рашэннямі, лічу іх навукова не абгрунтаванымі. Але, паводле закону, нясу за іх персанальную адказнасць. Бачыце, які парадокс!..

Як адзначыла Наталля Хвір, канфліктныя сітуацыі паміж навуковым кіраўніком і заказчыкам альбо праектнай арганізацыяй перыядычна ўзнікаюць, і тады ў ролі "трацейскага суддзі" выступае Міністэрства культуры, спрабуючы неяк прымірыць інтарэсы розных бакоў.

 Аднак у дадзенай сітуацыі без "трацейскага суддзі" было вырашана абысціся - як, падобна, і без навуковага кіраўніка наогул. Але хіба ж можна выкідаць капітана за борт?

 Манаполія на аб'ект

 Паводле цяперашняга заканадаўства, навуковы кіраўнік прызначаецца на аб'ект фактычна бяззменна і ледзь не пажыццёва. На думку Наталлі Хвір, гэтая практыка мае як свае плюсы, так і мінусы: з аднаго боку, займаючыся тым або іншым помнікам спадчыны цягам доўгіх гадоў, рэстаўратар паспявае дасканала яго вывучыць. А з іншага - узнікае своеасаблівая "манаполія на аб'ект". Таму, на думку спецыяліста Міністэрства культуры, дзеючы сёння прынцып патрабуе карэкціроўкі:

- Мы прапануем унесці ў заканадаўства змены, згодна з якімі навуковы кіраўнік будзе прызначацца толькі на канкрэтны перыяд вядзення работ.

- З аднаго боку, гэта правільна, - пагаджаецца Вадзім Гліннік. - Але з іншага... Без сумневу, навуковы кір а ў н і к нават такіх лакальных рамонтных работ, як, скажам, замена вадасцёкаў у полацкім Сафійскім саборы, павінен ведаць складаную будаўнічую гісторыю гэтага помніка спадчыны, улічваць досвед сваіх папярэднікаў. І тут немінуча ўсплывае іншая праблема: сёння ў нас няма сістэмы назапашвання інфармацыі. Таму калі спецыяліст сыходзіць на пенсію, яго наступнік часам мусіць наноў выконваць комплексныя даследаванні, вынікі якіх дазваляюць прымаць навукова абгрунтаваныя рашэнні. А гэта марнаванне часу і рэсурсаў!

Вадзім Гліннік лічыць неабходным узаконіць адзіны дзяржаўны парадак захавання дакументацыі па аб'ектах спадчыны. Яна павінна афармляцца ў адпаведнасці з адзінымі для ўсіх стандартамі, быць адкрытай для даследчыкаў і захоўвацца або непасрэдна на аб'ектах, або ў тых населеных пунктах, дзе яны знаходзяцца.

"Непрадбачаныя затраты"

 Зразумела, што любая праца- асабліва кваліфікаваная - мусіць быць аплачана. Навуковы кіраўнік таксама не абавязаны выконваць свае функцыі на грамадскіх пачатках.

- Уласнік помніка спадчыны павінен заключыць з ім дамову аб правядзенні работ, - кажа Наталля Хвір. - Але нярэдка здараюцца выпадкі, калі заказчык імкнецца пазбегнуць гэтых выдаткаў.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Аляксандр Лянкоў звяртае ўвагу і на іншую праблему: у каштарысах будаўнічых работ няма асобнага радка, які прадугледжваў бы аплату паслуг навуковага кіраўніцтва. Таму гэтыя выдаткі даводзіцца спісваць, скажам, за кошт непрадбачаных затрат. Няма і вызначаных расцэнак.

- У свой час мы спрабавалі прывязаць гэтыя сумы да аб'ёму выкананых работ, - кажа спецыяліст. - Але такія захады не знайшлі разумення сярод саміх кіраўнікоў, і таму канкрэтных мехаізмаў усталявання расцэнак сёння няма.

І, між іншым, такая сітуацыя зусім не ў інтарэсах заказчыкаў: бываюць выпадкі, калі навуковы кіраўнік нематывавана завышае цану сваіх паслуг. Абмежаваць яго апетыт сёння складана, і гэта прыводзіць да новых канфліктаў.

Зрэшты, як мяркуе Вадзім Гліннік, іх узнікненню спрыяе сам дзейны прынцып аплаты працы: заказчык, які выдаткоўвае сродкі, мае ўласныя прагматычныя інтарэсы, а навуковы кіраўнік павінен моцна іх абмяжоўваць - у тых выпадках, калі яны ідуць уразрэз з заканадаўствам.

- Пакуль у сферы захавання і рэстаўрацыі спадчыны ў нас быў толькі адзін інвестар - дзяр/i/content/pi/cult/313/5456/5-2.jpgжава, праблем не ўзнікала, - кажа рэстаўратар. - Але на пачатку 90-х, калі з'явіўся прыватны інвестар, сітуацыя адразу змянілася. Згадаю такі выпадак. Прыватны заказчык мне кажа: я хачу, каб тут было акно. Я тлумачу: рабіць яго нельга, бо зменіцца гістарычнае аблічча будынка. А бізнесмен здзіўлена абураецца: як ты можаш мне пярэчыць, я ж табе грошы плачу! У тыя вірлівыя часы нават да пагроз фізічнай расправы даходзіла...

 Зразумела, што навуковы кіраўнік не павінен дзейнічаць паводле прынцыпу "Хто плаціць, той і замаўляе". Але як зрабіць спецыяліста фінансава незалежным ад волі заказчыка? Пытанне не з простых. Вадзім Гліннік прапануе стварыць своеасаблівы дзяржаўны фонд захавання спадчыны, які акумуляваў бы адлічэнні ўласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей і аплачваў працу навуковага кіраўніка ўжо "ад свайго імя". Такі парадак выведзе навуковых кіраўнікоў з-пад "інвестыцыйнага ціску". Але зразумела, што рэалізацыя гэтага механізма ў сучаснай сітуацыі даволі складаная - як з юрыдычнага, так і з практычнага пункта гледжання, бо дадатковыя зборы могуць адмоўна паўплываць на інвестыцыйную прыцягальнасць помнікаў спадчыны, якая сёння і без таго пакідае жадаць лепшага.

 Чыста тэарэтычна, найлепшым спосабам вырашэння згаданай праблемы можа быць аплата працы навуковага кіраўніка на аб'екце любой формы ўласнасці за кошт дзяржаўных сродкаў- тым больш, і задача перад гэтым спецыялістам стаіць менавіта дзяржаўная. Але ж гэта - дадатковыя выдаткі для бюджэту, хай сабе ў агульнай масе і не вельмі такія вялікія.

...Як адзначаюць рэстаўратары, для вырашэння розных непаразуменняў важны сістэмны падыход, які ахопліваў бы ўсе аспекты навуковага кіраўніцтва: і адукацыю спецыялістаў, што павінна быць несупыннай, і патрабаванні да іх, і фінансавыя моманты. А ступень кампетэнтнасці, правы і абавязкі спецыяліста павінны быць дэталёва прапісаны ў адпаведных нарматыўных дакументах. Іначай канфліктаў будзе шмат, і яны пойдуць толькі на шкоду агульнай справе.