Штрых-код у білетных рамках

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Штодня цягам апошняга паўгода пасажыры сталічнага метрапалітэна могуць назіраць рэкламу аднаго з прыватных аператараў па электронным браніраванні і продажы білетаў на культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Самыя ўважлівыя, мусіць, заўважылі і тое, што ледзь не кожны тыдзень рэкламка фармату А4 папаўняецца пералікам новых пунктаў продажу, а таксама тых падзей і пляцовак, куды прапануюцца “запаветныя білеты”. Прычым — і гэта, падаецца, сімтаматычна — у радку навінак электроннай касы з’яўляюцца менавіта нашы тэатры, канцэртныя і кіназалы, а не толькі заезджыя гастралёры ды антрэпрызы. Днямі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю аб змене графіку работы кас, а таксама пра пашырэнне магчымасцей па электронным набыцці і браніраванні білетаў. А праз пэўны час журналісту “К” давялося апынуцца ў чарзе па білет у той самы Оперны, дзе была выпадкова падслухана размова распаўсюджвальніц: маўляў, за апошнія пару дзён новаўвядзенне паказала вынік у тысячу з гакам прададзеных праз Сеціва білетаў. “Рэкорд!” — заключылі суразмоўніцы. “Сапраўды, рэкорд!” — падумалася і нам… Карацей, важкіх інфармацыйных нагод для правядзення семінара-практыкума, прысвечанага актуаліям вядзення білетнай гаспадаркі ў тэатральна-відовішчных арганізацыях і арганізацыях кінематаграфіі рэспубліканскага падпарадкавання, што адбыўся ў Інстытуце культуры Беларусі, аказалася больш чым дастаткова. У цэнтры ўвагі семінара былі сучасныя формы арганізацыі і інавацыйнай сістэмы продажу білетаў.

/i/content/pi/cult/313/5455/4-2.jpg

Дык што ж прадаём?

Актуаліі вядзення білетнай гаспадаркі вымагаюць сёння канкрэтызацыі шэрагу пытанняў, звязаных з падаткаабкладаннем. Пры іх выяўленні акрэсліваюцца таксама і болевыя кропкі ў вызначэнні характару паслуг і тавараў, што рэалізуюць тыя ж арганізацыі культуры.

Як адзначыў галоўны падатковы інспектар упраўлення электронных тэхналогій галоўнага ўпраўлення кантролю падакцызных тавараў і электронных тэхналогій Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Сяргей Калыкін, у дзеючым заканадаўстве на сёння адсутнічае адзіны нарматыўны прававы акт, які рэгулюе ўлік дзейнасці па правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў у рэспубліцы. З гэтай прычыны МПЗ выступіла з ініцыятывай стварэння ў краіне адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку дзейнасці па правядзенні культурна-відовішчных і спартыўных мерапрыемстваў і рэалізацыі білетаў на іх наведванне.

Аднак апошнюю прапанову не падтрымлівае Міністэрства культуры. Пры гэта заявіла пад час сустрэчы начальнік аддзела фінансава-гаспадарчых адносін эканамічнага ўпраўлення Міністэрства Людміла Радчанка. Яна падкрэсліла несвоечасовасць і небяспечнасць увядзення адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку на дадзеным этапе. Асноўным недахопам, па яе словах, з'яўляецца манапалізацыя ў рэспубліцы сферы білетнай гаспадаркі Міністэрствам па падатках і зборах.

Пазіцыю Міністэрства культуры падтрымалі і прадстаўнікі прыватных кампаній - аператараў продажу электронных білетаў. Намеснік дырэктара па юрыдычных пытаннях адной з кампаній - аператараў па продажы электронных білетаў У.Кліменка кажа, што ў свеце такая сістэма ўвогуле не практыкуецца.

Важным крокам па ўдасканаленні сістэмы ўзаемадзеяння паміж органамі дзяржаўнага кіравання мае стаць вызначэнне паняційных рамак для далейшага развіцця білетнай гаспадаркі. У прыватнасці, як падкрэсліла Людміла Радчанка, арганізацыі культуры, па сутнасці, прадаюць не тавар, як гэта класіфікуе МПЗ, а культурную паслугу. Такім чынам, білеты з'яўляюцца фактычна інфармацыйнымі ярлыкамі, а не бланкамі строгай справаздачнасці.

 Пробны шар

 Прадстаўнікі прыватных аператараў выказалі думку аб тым, што існуючыя на сённяшні момант у рэспубліцы формы арганізацыі білетнай гаспадаркі для тэатральна-відовішчных арганізацый з'яўляюцца састарэлымі. Як выйсце, зразумела, - інавацыйныя сістэмы. Прычым іх укараненне паспяхова апрабіруецца якраз на дзяржаўных установах культуры, базіруючыся на шматгадовым сусветным вопыце. Дырэктар аднаго з айчынных аператараў А.Касінскі выказаў спадзяванне, што Міністэрства культуры і надалей стане пільна сачыць за выкарыстаннем у практыцы продажу білетаў у рэспубліцы паслуг прыватных кампаній.

 Скажам, адзін з прадстаўленых у час семінара аператараў з'яўляецца філіялам міжнароднай кампаніі і ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвае тэхналогію і кампетэнцыю замежнага партнёра, які цягам 17 гадоў прафесійна займаецца распаўсюджваннем білетаў на розныя культурна-відовішчныя і спартыўныя мерапрыемствы па ўсім свеце. А на Беларусі філіял кампаніі дзейнічае паўтара года. Кампанію-парнёра ў Літве мае і іншы аператар па продажы е-білетаў, прадстаўлены на семінары.

Схема, якую прапануюць сваім спажыўцам аператары, рэалізуецца праз сайт кампаніі. Пры гэтым кліент сам выбірае мерапрыемства і месца, аплачвае білет праз Інтэрнэт ці мабільны банкінг і атрымлівае квіток, які неабходна раздрукаваць на прынтары, каб злічыць унікальны штрых-код. На ўваходзе раздрукаваны білет сканіруецца спецыяльнымі прыстасаваннямі, заносіцца ў спецыяльную базу, што выключае магчымасць яго выкарыстання двойчы. Для тых жа, хто ставіцца з недаверам да электронных тэхналогій, акрамя інавацыйных, прадугледжаны таксама і традыцыйныя спосабы набыцця білетаў праз гандлёвыя кропкі, якіх у кампаніі налічваецца каля 200 па ўсёй Беларусі, ці па тэлефоне.

 Зразумела, што супрацоўніцтва тэатральна-відовішчных арганізацый з кампаніямі-аператарамі па продажы і браніраванні білетаў дазваляе перагледзець існуючую сёння сістэму вядзення білетнай гаспадаркі. Праз сістэмы электроннага продажу з'яўляецца магчымасць адсочваць увесь цыкл рэалізацыі білетаў і своечасова ўносіць у яго неабходныя карэктывы. Скажам, рабіць ільготныя акцыі-скідкі на асобныя спектаклі ці павялічваць кошт квіткоў на тыя, якія карыстаюцца найбольшым попытам.

На шляху. Інавацыйным

Начальнік упраўлення бухгалтарскага ўліку Міністэрства культуры Тамара Шалупіна агучыла пытанні прававога рэгулявання вядзення білетнай гаспадаркі ў тэатральна-відовішчных арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству. У прыватнасці, уступленне ў сілу з 1 студзеня 2011 г. Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў" унесла значныя змяненні ў прававую прастору.

 Для прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць са згаданым Указам Міністэрства культуры падрыхтавала пастанову аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Інструкцыю па вядзенні білетнай гаспадаркі ў тэатральна-відовішчных арганізацыях, зацверджаную пастановай Міністэрства ад 30 мая 2007 г. № 24. Праект быў накіраваны на аба в я з к о в у ю юрыдычную экспертызу ў Міністэрства юстыцыі, аднак пад час яе выявілася: унясенне змяненняў і дапаўненняў у названую І н с т р у к ц ы ю ўвогуле немагчыма, паколькі ў Міністэрства культуры адсутнічаюць паўнамоцтвы для распрацоўкі і прыняцця пазначанага нарматыўнага прававога акта.

 Улічваючы заўвагі і прапановы Міністэрства юстыцыі наконт згаданай Інструкцыі, прынята рашэнне аб яе скасаванні. Паколькі дзеючае заканадаўства не ў поўнай ступені адлюстроўвае патрэбы галіны і не ўлічвае яе асаблівасці, а таксама зыходзячы з таго, што ў Міністэрства культуры ёсць паўнамоцтвы на прыняцце асобных галіновых нарматыўных прававых актаў па бухгалтарскім уліку, вырашана падрыхтаваць пастанову і аб зацвярджэнні некаторых форм бухгалтарскага ўліку для тэатральна-відовішчных арганізацый.

На заканчэнне выступлення Тамара Шалупіна адзначыла: пазіцыя Міністэрства культуры наконт узнятых пытанняў - адзіная. Сапраўды, існуючая на сёння ў тэатральна-відовішчных арганізацыях білетная гаспадарка - гэта, на сутнасці, дзень учорашні. З цягам часу плануецца ўвогуле ад яе адмовіцца і прыйсці да глыбокага ўкаранення інавацый у сістэму продажу білетаў у рэспубліцы.

Падрыхтаваў Раман ХАРЫТОНЧЫК, метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння інавацыйнага развіцця сферы культуры дзяржаўнай установы адукацыі "Інстытут культуры Беларусі"