У чым поспех “Магілёва”?

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Новая Канцэртная зала “Магілёў”, што адкрылася ў абласным цэнтры 5 сакавіка, будзе выкарыстоўвацца ў хуткім часе ці не кожны дзень. Пра гэта паведаміў карэспандэнту “К” начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец.

/i/content/pi/cult/313/5453/3-3.jpg

 - Сёння мы распрацоўваем праграму мерапрыемстваў, якія маем намер ажыццявіць напрыканцы сакавіка, - адзначыў ён. - Гэтая даволі вялікая зала - на 500 месцаў - прызначана для канцэртаў акадэмічнай музыкі. Першым сцэну апрабаваў Аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава. Выступленне калектыву адбылося на адкрыцці пляцоўкі, акурат да 8 Сакавіка.

 Размясцілася зала ў будынку Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі перад афіцыйным адкрыццём адзначыў, што акустыка тут выдатная. А хутка ў ёй выступяць і тэатралы - у межах Міжнароднага маладзёжнага фестывалю "М.@rt.кантакт". Гледачы пабачаць у Канцэртнай зале "Магілёў" тры пластычныя спектаклі ад тэатраў з Берліна, Вільнюса і Мінска.

Гарадскія ўлады ўпэўнены, што пры правядзенні дадзенага форуму будуць патрэбныя яшчэ адна сцэна для арганізатараў і дадатковыя месцы для гледачоў. Па меркаванні Анатоля Сінкаўца, эканоміка фестывалю дзякуючы гэтаму палепшыцца, і кошт білетаў на спектаклі ў новай зале зменшыцца.

 На здымку: Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.