“Харошкі” на Сардзініі

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Выступленні чатырох салістаў Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” прайшлі на гэтым тыдні ў буйных гарадах Сардзініі. Па словах Ганаровага Консула Рэспублікі Беларусь на Сардзініі Джузэпэ Карбоні, гэты калектыў публіка вельмі любіць і чакае.

 

А артысты ансамбля амаль штогод ездзяць у згаданы італьянскі рэгіён, радуючы мясцовых жыхароў і выхадцаў з Беларусі, Расіі і Украіны, якіх там вельмі шмат. Джузэпэ Карбоні адзначыў, што ўпершыню "Харошкі" наведалі сталіцу Сардзініі - Кальяры - у 2004 годзе. "Сорак артыстаў прадэманстравалі беларускія танцы, музыку, песні, і канцэрт прайшоў на ўра, - дадае консул. - Гледачы вельмі захапіліся і палюбілі творцаў. Калектыў тады даў яшчэ 15 канцэртаў у розных гарадах нашага аўтаномнага рэгіёна. З тых часоў культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сардзініяй толькі пашыраецца, і не абмяжоўваецца адно гэтым ансамблем".

Летась Кальяры наведалі восем артыстаў з "Харошак", а гэтым разам - чацвёра: скрыпачка Таццяна Машанская, гітарыст Сяргей Ясінскі, Андрэй Дзяргай з духавымі інструментамі і Уладзімір Гінько з клавішнымі. Яны выконвалі беларускія народныя песні.

Джузэпэ Карбоні нагадаў, што ў мінулым годзе італьянскія творцы і дзеці прыязджалі ў Беларусь, каб бліжэй пазнаёміцца з краінай, яе культурай і сацыяльнай сферай. Школьнікі правялі некалькі дзён у беларускіх сем'ях.