Прастора для спадчыны

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

Чарговым крокам у справе вяртання ўнікальных каштоўнасцей нацыянальнага значэння стала прэзентацыя віртуальнай рэканструкцыі першага беларускага Музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у Вільні ў першай палове ХХ ст.

 Дэманстрацыя праекта адбылася на пасяджэнні Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Пасяджэнне прайшло 9 сакавіка пад старшынствам намесніка міністра культуры Віктара Кураша і намесніка міністра замежных спраў Сяргея Алейніка. У выніку было прынята рашэнне аб стварэнні канцэпцыі віртуальнай рэканструкцыі музея. Мэтай гэтага праекта стане выхаванне нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванне беларускай прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы праз ідэнтыфікацыю нацыянальных здабыткаў.

 Да таго ж, на пасяджэнні падведзены вынікі рэалізацыі праграмы працы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па размеркаванні каштоўнасцей, затрыманых Дзяржаўнай мытняй, і разгледжаны прапановы па аптымізацыі ў механізме размеркавання культурных каштоўнасцей.

 Сярод найбольш актуальных пытанняў, якія абмяркоўваліся, - і разгляд перспектывы стварэння канцэпцыі аўтаматызаванай базы даных нацыянальных культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі Беларусі.

Ул. інф.