Змяненні і дапаўненні

№ 11 (983) 12.03.2011 - 18.03.2011 г

На вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутаты плануюць прыняць у першым чытанні законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”.

 Аб гэтым "К" паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей.

Законапраект распрацаваны ў выкананне Даручэння, прадугледжанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2010 г. № 542 "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў".

Унесеным праектам Закону Рэспублікі Беларусь "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь" ўводзяцца паняцці "культурна-відовішчнае мерапрыемства" і "культурнае мерапрыемства", даюцца іх азначэнні. У новай рэдакцыі выкладаецца артыкул 43 Закону "Правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў", які носіць адсылачны характар, што дазволіць аператыўна, з улікам практыкі прымянення і магчымасцей новых тэхналогій, праводзіць карэкціроўку заканадаўства ў сферы культуры.

Акрамя таго, законапраектам прадугледжваецца ўдакладненне некаторых артыкулаў Закону, што датычацца дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў, якія не з'яўляюцца арганізацыямі культуры (у прыватнасці, вызначаецца дзяржаўны орган, які можа прысвойваць найменні і званні гэтым калектывам), а таксама тэатральна-відовішчных арганізацый у частцы стварэння мастацкага савета (замест абавязковасці прапануецца магчымасць стварэння мастацкага савета).