Гістарычная недакладнасць? Можа, і так. Але ж гэтае выданне не разлічана адно на даследчыкаў. Яно унікальнае яшчэ і тым, што скіравана на самага шырокага слухача, чаго раней у дачыненні да беларускай музыкі практычна не рабілася. Таму прынцыпам адбору музыкі была яе, калі можна так сказаць, “хітовасць”: на дысках сабраны і сапраўдныя хіты ХХ стагоддзя, накшталт “Бывайце здаровы” І.Любана на словы А.Русака (дарэчы, у 2-х варыянтах выканання), і тыя творы, якім, мяркуючы па ўсім, наканавана папулярнасць, бо для гэтага іх дастаткова толькі паслухаць.
Як ні дзіўна, але ідэя такога выдання, даўно ўжо лунаючы ў паветры і ў думках многіх і многіх дзеячаў культуры, нарадзілася ледзь не спантанна.
— Давялося мне працаваць у сваім садзе, — гэтак неафіцыйна распавёў на прэзентацыі старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКО, Пасол па асобых даручэннях МЗС Уладзімір Шчасны. — Я ўключыў радыё FM і быў збянтэжаны: ніводнага класічнага твору, адна “папса”. А наша ж пакаленне выхоўвалася на класіцы, мы, можна сказаць, “раслі” каля радыёпрыёмнікаў пад уздзеяннем высокага мастацтва. Праз нейкі час у мяне адбылася размова з мастацкім кіраўніком Беларускай оперы Маргарытай Ізворскай-Елізар’евай: яна сказала, што ў яе роднай Балгарыі зараз куды больш складанае эканамічнае становішча, але працуюць два нацыянальныя радыёканалы, па якіх пастаянна транслююцца класічныя творы.
А што ёсць наша нацыянальная музычная класіка? Ці ведаем мы яе? Нарадзілася ідэя выпусціць такія дыскі, якія можна было б узяць у бібліятэцы, паслухаць, набыць.
Паслухаць тыя кампакты ў бібліятэцы і сапраўды можна будзе. А таксама пачытаць сціслую інфармацыю пра кампазітараў на беларускай і англійскай мовах (англамоўны пераклад рабіў сам У.Шчасны). А вось набыць — пакуль не.
Праект гэты не камерцыйны, фінансавала яго бюро ЮНЕСКО ў Маскве, тыраж — 300 асобнікаў. Яны будуць накіраваны ў Нацыянальную бібліятэку, у музеі, навучальныя ўстановы. Пачуюць нашу музыку і за мяжой.
— Калі залу музея, прысвечаную музычнай культуры Беларусі ХХ стагоддзя, — дадала дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры РБ Зінаіда Кучар, — наведваюць юнакі і дзяўчаты, у іх з’яўляецца гонар за нашу культуру. Многія, паглядзеўшы экспанаты і фотаздымкі, просяць уключыць саму музыку. Таму роля гэтых CD — даць не толькі візуальнае, але і слыхавое ўяўленне пра нашу музычную спадчыну.
На прэзентацыю дыскаў былі запрошаны кампазітары Сяргей Картэс, Кім Цесакоў, Рыгор Сурус, якія высока ацанілі зроблены ўнёсак у папулярызацыю і захаванне нацыянальнай музычнай спадчыны. Наперадзе — аўдыёвыданне музыкі Беларуі ХІХ ст. Будзе працягнута і серыя кампактаў ХХ ст. Трэба спадзявацца, праект ахопіць і пачатак ХХІ стагоддзя, а галоўнае — для гэтага не давядзецца чакаць, пакуль наступіць ХХІІ-ое.
Надзея БУНЦЭВІЧ