Пераклады іх твораў узбагацілі айчынную літаратуру. Таму невыпадкова з нагоды 150-годдзя з дня смерці Тараса Шаўчэнкі і 140-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі, ці не самых вядомых класікаў украінскай літаратуры ў свеце, у Мінску адбыўся шэраг творчых імпрэз.
У прыватнасці, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына "Тарас Шаўчэнка, Леся Украінка: паэзія і лёс", у якой прынялі ўдзел беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы, а таксама прадстаўнікі Пасольства краіны-суседкі і ўкраінскай дыяспары ў Беларусі.
У сваю чаргу, Мінскае гарадское грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў "Заповіт" сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і таварыствам дружбы "Беларусь - Україна" ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі правялі літаратурна-музычны вечар, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі. З прывітальным словам выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Раман Бяссмертны. Аздобіла вечарыну выступленне фальклорнага калектыву ўкраінскай песні і абраду "Ватра".