Турнір для канкурэнцыі

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Семінар для рэгіёнаў

Рэдкі бацька так клапоціцца пра сваё дзіця, як Мікола Козенка - пра Рэспубліканскі фестываль дзіцячага фальклорнага мастацтва "Берагіня". 9 сакавіка ён, аўтар і мастацкі кіраўнік гэтага форуму, адзначыць 60-гадовы юбілей, а "Берагіня" ў красавіку - сваё 15-годдзе.

Фестываль вымагае ці не штодзённай працы. Але этнахарэографу, старшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута культуры Беларусі, стае часу і для дапамогі работнікам галіны з ўсёй краіны ладзіць свае мясцовыя, абласныя фестывалі традыцыйнага мастацтва.

- Фальклорны рух у краіне пашыраецца, - упэўнены Мікола Козенка. Пра гэта сведчаць не толькі словы прафесіянала, але і факты. На семінары, што адбыўся на пачатку тыдня ў інстытуце, метадысты абласных цэнтраў народнай творчасці ды іншых устаноў культуры давялі, што працуюць у рэгіёнах над аднаўленнем традыцыйных мастацтваў.

У Гомельскім абласным конкурсе танцавальных пар - выканаўцаў народнага побытавага танца ў гэтым годзе будуць удзельнічаць усе без выключэння раёны рэгіёна: на сёння падалі заяўкі 165 пар у шасці ўзроставых групах. На Гродзеншчыне набірае моц абласны фестываль "Панямоння жыватворныя крыніцы", фінал якога адбудзецца ў лістападзе ў Гродне. Ён скіраваны на вывучэнне мясцовых традыцый. Дзеці ж з усёй Брэстчыны з імпэтам удзельнічаюць у абласным фестывалі "Радавод", а ў сталіцы набываюць папулярнасць маладзёжныя этнадыскатэкі...

Чарговы фестываль "Берагіня", заключныя мерапрыемствы якога распачнуцца ў чэрвені 2012-га, таксама пашырыцца: у ім паўдзельнічаюць калектывы музычных школ, устаноў пазашкольнага выхавання і навучання. Таксама арганізатары маюць намер правесці Турнір танцавальных пар у Брэсце, пераможцы якога накіруюцца на фінал "Берагіні".

- Патрэбна сістэмная праца, якая ахоплівала б усю краіну,- распавядае Мікола Козенка, - а таксама каардынацыя высілкаў з кіраўнікамі калектываў, з метадыстамі, бо інакш складана захаваць тое, што створана, знаходзіць новае, а фальклорным ансамблям - вытрымліваць канкурэнцыю з самадзейнымі калектывамі.

Цяпер Мікола Козенка рыхтуе да выдання зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай юбілею "Берагіні".

А напрыканцы пагутарыла з даўнім сябрам і аднагрупнікам Козенкі Віктарам Паповым, які з'яўляецца мастацкім кіраўніком заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь харэаграфічнага ансамбля "Рунь" з Магілёва.

- Мы скончылі ў свой час харэаграфічнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, - распавёў Віктар Папоў. - Мікола быў старастам групы і размяркоўваў, куды кожны накіруецца на практыку, каб збіраць аўтэнтычныя песні. Мы траплялі ў расійскую глыбінку, і нашы здабыткі былі не вельмі багатыя, часам нават даводзілася самім прыдумваць "матэрыял". А Козенка кожны раз ехаў у беларускія вёскі і вяртаўся з "перлінамі" - безліччу ўнікальных песень. Яго экспедыцыі і па сёння паспяховыя.