Формула “раскручанага” трэнера

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Іпастасі Фёдара Ястраба

/i/content/pi/cult/312/5429/pic_39.jpgСталічны мастак, галерэйшчык і мастацтвазнаўца Фёдар Ястраб, нягледзячы на пастаянную магчымасць выстаўляцца, сваім становішчам кіраўніка выставачнага комплексу Нацыянальнай бібліятэкі ніколі не злоўжывае. У калектыўных выстаўках работы свае на пярэдні план не вылучае, сціпла займаючы нават ва ўласных праектах месцы "збоку". Таму, нягледзячы на тое, што імя Ястраба сёння - адно з найбольш "раскручаных" сярод беларускіх жывапісцаў, вялікая персанальная выстаўка для сталічных аматараў яго сімвалічнага жывапісу - сапраўдны падарунак.

Найбольш яскравае пацвярджэнне гэтага - перапоўненая гледачамі галерэя Нацыянальнай бібліятэкі "Ракурс", дзе напрыканцы зімы адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Формула міфа". Гэтая экспазіцыя - завяршэнне маштабнага цыкла работ мастака, у якіх ён імкнецца даць сучасную інтэрпрэтацыю вядомых міфаў, у тым ліку - беларускіх.

Трапляючы ў прастору ўвагі цэласнай экспазіцыі, а не паасобку, работы ствараюць калейдаскоп сюжэтаў і матываў, але тэматычна і стылістычна яны вельмі блізкія. Творы жывапісца здзіўляюць адначасова экспрэсіяй і стрыманасцю: так, любімы прыём творцы - стылізацыя, але вельмі мяккая. Яна не даходзіць да арнаментальнасці. Фарбы ў Ястраба вельмі выразныя, яркія, і ў той жа час - у нечым нават прыцішаныя. Аўтарскі почырк і ўласнае стаўленне да рэчаіснасці, умелае валоданне прыёмамі алегорыі і сімвала дазваляюць майстру заняць асаблівае месца на мастацкім Алімпе нашай краіны.

Дарэчы, шлях да свайго месца ў ліку лепшых Фёдар Адамавіч пракладае не толькі мастацкай дзейнасцю. Ужо неаднаразова даводзілася чуць, як яго называюць "гуляючым трэнерам". Ненаўмысна паўстае пытанне: кіраўнік Міжнароднай гільдыі жывапісцаў і галерэйна-выставачнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дацэнт факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў - ці не зашмат гэта для аднаго чалавека, які павінен знаходзіць час яшчэ і на працу над уласнымі палотнамі? Ястраб давёў, што з усім гэтым можа выдатна спраўляцца, а ў якасці доказу прэзентаваў сваю новую кнігу "Мастацтва ў сацыяльнай прасторы". Гэты зборнік артыкулаў стаў вынікам шматгадовай працы Фёдара Адамавіча ў галіне арт-менеджменту. Больш за дзесяць год таму ён стаў заснавальні кам адпаведнай спецыяльнасці ў БДУКіМ. А з улікам таго, што ён яшчэ і галерэйшчык, у чыёй скарбонцы маштабныя праекты мясцовага і міжнароднага ўзроўню, як у тэарэтычным, так і ў практычным падмурку манаграфіі сумнявацца не даводзіцца.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ