Імя гэта ў краіне даволі вядомае. Выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча і БДТМІ, ён з 1976 года ўдзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Уладзімір Ісачанка з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, а таксама ў кніжнай графіцы.
Адно з галоўных імкненняў мастака заключаецца ў выяўленні складаных праблем узаемасувязі прыроды і чалавека як аднаго непадзельнага арганізма. У экспазіцыі прадстаўлена звыш 30 алейных твораў, выкананых аўтарам на працягу апошніх трыццаці гадоў. Гэта пейзажы былых мінскіх ваколіц, якія сёння ўжо паглынуў горад. Цішыня і прахалода ўтульных вясковых вулачак застаецца ў мінулым.
Майстэрства пейзажыста раскрываецца не толькі праз гармонію колеру і дакладна пабудаваную кампазіцыю. Кожны твор - гэта сапраўдны лірычны аповед пра гісторыю вёскі, парку, сядзібы, будынка або лёс канкрэтнага чалавека. Людзі на карцінах У.Ісачанкі не прыдуманыя персанажы, а рэальныя жыхары тых самых мінскіх ваколіц. Ад гэтага творы жывапісца здаюцца адушаўлёнымі і напоўненымі подыхам мінулага, што асабліва моцна адчуваецца ў такіх работах, як "Так было. Сухарава", "Апошняя зіма. Міхалова", "Восеньскі сон", "Лошыцкі сад".
Выстаўка "Вандроўка па былых мінскіх ваколіцах" - своеасаблівая настальгія па тым, што знікае і адыходзіць. Мінскія пейзажы аўтара ператварыліся ў сапраўдны дакумент часу, а таксама аказаліся крыніцай успамінаў для старэйшага пакалення мінчан ды адкрыццём невядомых старонак гісторыі для маладога пакалення гараджан сталіцы.
Юлія КАВАЛЁВА, вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Мінска