Манеты-пераможцы

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Тры памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь сталі пераможцамі ці прызёрамі ў міжнародных нумізматычных конкурсах 2007 года. У прэстыжным конкурсе, арганізаваным амерыканскім выдавецтвам “Краузе Паблікейшнс”, памятная манета “Вялікдзень” перамагла ў намінацыі “Манета з лепшым мастацкім рашэннем” (мастак — Святлана Заскевіч). У гэтым годзе на конкурс было прадстаўлена 77 манет з 34-х краін свету, адбор праходзіў па 10 намінацыях.

Нацыянальны банк упершыню прыняў удзел у міжнародным конкурсе ў г. Вічэнца (Італія). Гэты значны нумізматычны конкурс, які праходзіць ужо чацвёрты раз, узнагароджвае самую прыгожую манету, якая адчаканена манетнымі дварамі ці дзяржаўнымі арганізацыямі. Сёлета 16 краін прадставілі 39 манет. Журы конкурсу прысудзіла другое месца — міжнародны прыз “Вічэнца нумізматыка” Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь за памятную манету “Тысяча і адна ноч” (мастак — Святлана Някрасава) “За ўражальную кампазіцыю характэрных элементаў усходніх казак на рэверсе і рамантычную выразнасць на аверсе манеты”.
Паспяхова для Беларусі завяршыўся і першы конкурс манет краін СНД і Балтыі “Манетнае сузор’е — 2007”. Конкурснай камісіяй разглядалася 47 памятных манет, якія былі выпушчаны цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі краін СНД і Балтыі з 1 студзеня па 31 снежня 2006 года. З дапамогай гэтага конкурсу выдавецтва “Вадзяны знак” (Расія) — арганізатар конкурсу — імкнецца павысіць цікавасць грамадства да рынку памятных манет. Конкурсная камісія, у склад якой увайшлі расійскія спецыялісты ў галіне нумізматыкі з Дзяржаўнага Эрмітажа, Рускага музея, Дзяржаўнага гістарычнага музея, расійскіх аукцыённых дамоў, а таксама з камерцыйных банкаў, якія працуюць з памятнымі манетамі, вызначала пераможцаў у васьмі намінацыях. Памятная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь “Сокал-падарожнік” перамагла ў намінацыі “Залатая манета года” (мастак — Святлана Някрасава). За 10 гадоў, што прайшлі з дня выпуску першай манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, выпушчана ў абарот 90 найменняў памятных манет. Усе гэтыя гады Нацыянальны банк эксперыментаваў у дачыненніда дызайну манет, у выкарыстанні новых тэхналогій, і, як вынік, манеты высока ацанілі на міжнародным узроўні.
У 2005 годзе Нацыянальны банк упершыню прыняў удзел у міжнародным конкурсе, арганізаваным вядомым амерыканскім выдавецтвам “Краўзе Паблікейшнс”. Тытул “Манета года — 2005” заваявала тады срэбраная памятная манета “Беларускі балет”. Яна ж перамагла ў намінацыі “Манета з лепшым мастацкім рашэннем”. Срэбраная памятная манета “Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Лебедзь-шыпун” перамагла ў намінацыі “Каралеўская манета”.
Стаўшы пераможцамі сярод 73-х намініраваных манет ад 37-мі краін, беларускія манеты ўпершыню ў нацыянальнай гісторыі атрымалі статус лепшых манет у свеце. Чарговая перамога беларускіх памятных манет у міжнародных нумізматычных конкурсах сведчыць аб прызнанні міжнароднай грамадскасцю творчай работы спецыялістаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Па матэрыялах упраўлення інфармацыі
Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь