Інкубатар для арт-бізнесу

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Каб трапіць у сферу поўнай самаакупнасці…

/i/content/pi/cult/312/5412/pic_17.jpg2011-ы абвешчаны ў Беларусі Годам прадпрымальнасці. Падаецца, колькі ўжо разоў цягам апошняга месяца мы пачыналі гэткім чынам артыкулы на сацыяльных палосах "К". І з'ява гэтая - заканамерная: сённяшні час наўпрост падпарадкаваны рыначным адносінам. Наша дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для заснавання і развіцця прадпрымальніцтва, якое стане адным з элементаў агульнага бізнес-іміджу краіны і дапаможа выйсці на новы ўзровень ва ўсіх галінах дзейнасці. На гэта накіраваны і Указ Прэзідэнта краіны № 77, што ўнармоўвае пытанні прадастаўлення і выкарыстання спонсарскай дапамогі ў сферы культуры. Ці скарыстаюцца новымі магчымасцямі прадстаўнікі культуры і мастацтва? І ці зможа новае пакаленне прадпрымальнікаў пахіснуць меркаванне, што культура і бізнес - паняцці несумяшчальныя?

 

Пачаць справу з тэорыі

З гэтай нагоды напачатку звернемся да вучэбных планаў творчых ВНУ краіны. Сёння ўжо нікога не здзіўляе наяўнасць у адукацыйных праграмах падрыхтоўкі гуманітарыяў курсаў па менеджменце і маркетынгу. Выкладанне эканамічных асноў для будучых творцаў дае не толькі агульныя ўяўленні аб вытворцах і спажыўцах прадукту (да якога мы па поўным праве можам аднесці і здабыткі культуры), але і вызначаюць для моладзі кірункі эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж імі.

- Мне здаецца, нам патрэбна акуратна, але дастаткова рашуча разбураць стэрэатып, згодна з якім многія ўспрымаюць дзейнасць у сферы культуры толькі як духоўную вытворчасць, якая па вызначэнні не можа быць камерцыялізавана, - падкрэсліў прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Канстанцін Рэмішэўскі. - Эканоміка сапраўды можа ўзбагачаць культуру на практычным узроўні. Адзінае, пры гэтым не трэба забывацца, што камерцыйны падмурак падводзіцца толькі пад пэўны сегмент культурнай індустрыі.

З гэтай мэтай Канстанцінам Рэмішэўскім быў распрацаваны інавацыйны курс "Маркетынг у сферы культуры", які тлумачыць, як можна творчую ідэю рэалізаваць у той ці іншы прадукт або паслугу. Зрэшты, суразмоўца "К" і сам пэўны час быў заснавальнікам рэкламнай кампаніі, таму не па чутках ведае, якім чынам можна ўкараніць у практыку ўстаноў культуры дзяржаўнапрыватнае партнёрства, прадзюсарства і як стварыць спрыяльныя умовы для паўнавартаснага развіцця спонсарства і мецэнацтва.

У чым жа заключаецца спецыфіка бізнесу ў сферы культуры? Каб пазбегнуць падводных камянёў на пачатку шляху, прадпрымальніку-пачаткоўцу трэба памятаць, што ў мастацкай вытворчасці не дзейнічаюць тыповыя правілы - для кожнага прадпрыемства неабходна браць у разлік спецыфіку дадзенай сферы творчасці. Толькі класічны маркетынг зарыентаваны на рэалізацыю таварнай прадукцыі. Канстанцін Рэмішэўскі не стамляецца паўтараць студэнтам, што прынцыповай асаблівасцю дзейнасці на рынку ў сферы культуры становіцца неабходнасць улічваць спецыфіку арганізацый, дзе, наадварот, менавіта канчатковы культурны прадукт ці паслуга фарміруюць густы, перавагі і патрабаванні спажыўца.

 Як бачым, кафедра менеджменту сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ дае сваім студэнтам першыя ўрокі рэальнага бізнесу, навучаючы моладзь эфектыўнаму існаванню ў межах глабальнага маркетынгу нацыянальнай культуры. "Практыка даказвае, што правільна задуманыя і правільна рэалізаваныя праекты могуць знаходзіцца ў сферы поўнай самаакупнасці і прыносіць прыбытак", - зазначыў суразмоўца.

 

Новыя магчымасці малога бізнесу

 Тэарэтычныя асновы распрацаваны, але як ідуць справы з практычным прымяненнем? Што рабіць, калі ўсе эканамічныя тэрміны вывучаны, ды і на паперы выкладзены бізнес-план індывідуальнага прадпрымальніка? Кожнаму, хто аднойчы спрабаваў адкрыць сваю справу, вядома, чаго вымагае толькі этап падрыхтоўкі: знайсці памяшканне, аформіць арэнду, абмеркаваць усе тонкасці з юрыстам, бухгалтарам, кадравіком... Калі ж стартавы капітал даволі абмежаваны, усе памкненні распачаць уласны бізнес могуць так і застацца нерэалізаванымі.

У гэтых абставінах Беларусь звярнулася да вопыту замежных дзяржаў: каб дапамагчы будучым "акулам" бізнесу, якія не маюць неабходнай пачатковай матэрыяльнай базы, пераадолець першыя цяжкасці, у нас таксама пачалі адчыняць бізнес-інкубатары. Першай ластаўкай стаў бізнесінкубатар на базе сталічнага Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Маладзёжная сацыяльная служба".

- У 2009 годзе нашаму прадпрыемству быў прысвоены статус інкубатара малога прадпрымальніцтва, - распавяла намеснік генеральнага дырэктара Ірына Скорына. - У Беларусі прыняты вельмі важны дакумент - Дырэктыва №4. Некалькі з яе пунктаў гавораць аб развіцці інфраструктуры бізнесу і аптымізацыі яе работы, а таксама аб дзелавой адукацыі ў сферы прадпрымальніцтва. Трэба адзначыць, што і адну, і другую функцыю мы паспяхова выконваем.

Каб пераняць досвед стварэння спрыяльнага асяроддзя ў мэтах абароны прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, супрацоўнікі прадпрыемства двойчы выязджалі ў Германію. Там яны вывучалі вопыт стварэння сістэмы мікракрэдытавання, правілы ўзаемадзеяння прадпрымальнікаў і ўлад, магчымасці эфектыўнага існавання інфраструктуры.

За кароткі час, што працуе сталічны бізнес-інкубатар, адчыніліся 24 прадпрыемствы. Іх непасрэдная дзейнасць давяла неабходнасць аб'яднання структур па пэўных галінах. Прыкладам, заказчык прапаноўвае некалькі відаў працы, і калі ты не выканаеш дадатковы, тады страціш і свой непасрэдны заказ. Каб не згубіць тэндар, а гэта значыць і грошы, інкубіраванным прадпрыемствам патрэбна аб'ядноўвацца па сферах дзейнасці. І адным з перспектыўных напрамкаў становіцца мастацтва. Нядзіўна, што ў хуткім часе на не так даўно набытых "Маладзёжнай сацыяльнай службай" дадатковых двухстах квадратных метрах плошчы адчыніцца менавіта арт-інкубатар.

- Арт-напрамак - перспектыўны, - упэўнены выканаўчы дырэктар інкубатара малога прапрымальніцтва Віталь Снітко. - У нас дастаткова творцаў, якія пакуль не могуць рэалізавацца ў бізнесе. Зараз ідзе конкурс на 15 вакантных месцаў у арт-інкубатары. На дадзенай пляцоўцы мы гатовы прыняць розных прадстаўнікоў індустрыі, адчыніўшы салоны фота, жывапісу, студыі дызайну, рамесніцкія майстэрні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рэжысёрскія і акцёрскія курсы. Іншымі словамі, усе, хто адносіцца да творчасці, - калі ласка, да нас. Але, зразумела, з актуальным і рэальным бізнес-праектам.

 

Эканамічная ніша пуставаць не можа

Сапраўды, перспектывы ўражваюць. Але ці дастаткова сярод моладзі творчых спецыяльнасцей знойдзецца ахвотнікаў будаваць уласны бізнес? Аляксандр Кавалеўскі - уласнік інкубіруемага прадпрыемства - сцвярджае, што будзе нямала. Выпускнік мастацкага факультэта (кафедра графікі) Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у 2008 годзе па размеркаванні прыйшоў у адну прыватную кампанію. Аднак у хуткім часе кантора зачынілася і малады спецыяліст застаўся без працы. Калі пошукі новага месца не далі вынікаў, мастак успомніў пра сваё хобі - сувеніры і ўпрыгажэнні з металу і бронзы. Гэтыя вырабы карысталіся папулярнасцю сярод сяброў і знаёмых мастака. Дык чаму не ператварыць захапленне ў асабістую справу?

- Спачатку спрабаваў адчыніць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. У выніку ж прыйшоў сюды, бо самы вялікі "плюс" бізнес-інкубатара ў тым, што ён дапамагае набыць статус юрыдычнай асобы за адносна невялікую плату. Таму шлях ад стварэння бізнесплана да яго рэалізацыі ў разы скарачаецца! - патлумачыў Аляксандр.

Паўтаруся, бізнес-інкубатар - гэта інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва, якая дазваляе мінімізаваць выдаткі на першапачатковым этапе стварэння і развіцця прадпрыемства. Прынамсі, прыходзячы сюды, атрымліваеш магчымасць не набіраць у штат абслугоўваючых прадпрыемства спецыялістаў, а выбіраць неабходны пералік паслуг: пэўную колькасць кансультацый юрыста, сакратарскія і бухгалтарскія паслугі. Бізнесменам прапаноўваюць скарыстацца спецыялізаванымі камп'ютарнымі праграмамі, Інтэрнэтам, офіснай тэхнікай. "Сваёй дзейнасцю мы дабіліся таго, што кошт арэнды квадратнага метра быў зніжаны амаль у два разы і на сёння складае 26 250 рублёў на першы год размяшчэння інкубатара з наступным павелічэннем", - дадае Ірына Скорына. Зразумела, творцу, які на пачатку прадпрымальніцкай дзейнасці будзе эканоміць літаральна на ўсім, падобныя ўмовы сапраўды выгадныя.

- Мастацтва - у пэўнай ступені рамяство, а для рамяства неабходна база. На маю думку, арт-інкубатар стымулюе творчую моладзь заняцца ўласнай справай і дапаможа зрабіць гэта з меншымі грашовымі і нервовымі стратамі, - мяркуе Аляксандр Кавалеўскі. - Вось я "інкубіраваўся" толькі ў лістападзе, але ўжо бачу, што справа ідзе. Таму мяркую пашырацца і ўзяць некалькі мастакоў на працу.

Зрэшты, бізнес-інкубатар становіцца і своеасаблівым адукацыйным цэнтрам, бо яго арганізатары зацікаўлены, каб новае прадпрыемства "стала на ногі". Пачаткоўцам прапануюць шматлікія кансультацыі па праве, прадпрымальніцтве, тактыцы развіцця справы. Ёсць магчымасць праводзіць у канферэнц-зале прэзентацыі для розных мэтавых аўдыторый. На такія мерапрыемствы прадстаўнікі "Маладзёжнай сацыяльнай службы" звычайна запрашаюць буйных бізнесменаў, чыноўнікаў і прадстаўнікоў улады, якія непасрэдна адказваюць за развіццё прадпрымальніцтва, зацікаўленых гасцей з замежжа. Па словах Віталя Снітко, з адкрыццём арт-інкубатара з'явіцца і міні-галерэя, у якой творцы змогуць прэзентаваць сваю прадукцыю. Такім чынам, атрымаюць магчымасць, не выходзячы з бізнес-інкубатара, знайсці тут першых кліентаў і першых партнёраў.

 

Рыначны складнік творчай рэалізацыі

 Існуе Палажэнне аб бізнес-інкубатарах, згодна з якім прадпрыемства можа існаваць на яго пляцоўцы да трох гадоў (для пэўных відаў дзейнасці - да пяці). За гэты час яно павінна вырасці так, што стане цесна ў дадзеных умовах, і таму з'явіцца неабходнасць выйсці на рынак - у самастойнае плаванне, саступіўшы сваё месца чарговаму пачаткоўцу. "Вопыт замежных краін гаворыць, што, канешне ж, не ўсе з іх "выцягнуць" і стануць буйнымі прадпрыемствамі. Пэўны працэнт не зможа развіцца да запланаваных паказчыкаў, але гэта нармальна. Галоўнае, каб ён не дамінаваў. Для гэтага мы тут і працуем", - запэўніла Ірына Скорына.

Магчыма, арт-інкубатар стане выйсцем для тых прагных да творчасці спецыялістаў, што не змаглі пасля заканчэння ВНУ знайсці сабе працоўнае месца. Неаднойчы ўздымалася і пытанне пра незапатрабаваных прафесіяналаў таго ці іншага творчага профілю.

У сённяшніх умовах ад прадстаўніка любой прафесіі патрабуецца актыўнасць і ініцыятыва. Арт-інкубатар дапамагае камерцыялізаваць пэўны сегмент культуры. Што, у сваю чаргу, можа даць большыя магчымасці павялічыць прыцягненне насельніцтва ў культурныя праекты, папулярызаваць нацыянальнае мастацтва ў краіне і вывесці яго на сусветны рынак.

Дакладнае прымяненне рынкавых законаў адкрывае мастакам новыя магчымасці уласным талентам забяспечыць сябе і сваю сям'ю. Не пашкодзіла ж буйная камерцыйная дзейнасць уладальніку фірмы Петэру Фабержэ стаць выбітным майстрам ювелірнага мастацтва, за творамі якога да гэтага часу палююць мастацтвазнаўцы ўсяго свету. І падобных прыкладаў гісторыя ведае нямала. Чаму ж пэўны сегмент беларускай культуры не паставіць на рэйкі бізнесу?

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"