“Каб да нас мог спакойна прыляцець Брус Уіліс...”

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

У той час, калі свет абмяркоўвае сем новых цудаў свету, у Беларусі без асаблівага розгаласу нараджаюцца праекты, здольныя прывабіць у нашу краіну і турыстаў, і інвестыцыі, і сяго-таго з сусветных зорак. Гаворка ідзе аб дыпломных работах выпускнікоў архітэктурнага факультэта БНТУ, а ў прыватнасці, аб адной з іх — праекце маладога архітэктара Алены Рэбкавец. Дыпломнай працай маладога архітэктара стаў... Цэнтр беларускай кінематаграфіі, вялікі комплекс, здольны забяспечыць устойлівым заробкам не толькі кінагаліну краіны, але і годна прыняць кінабамонд свету. “У маім праекце прадугледжана і гасцініца для кінематаграфістаў, і вялікая глядзельная зала ў медыяцэнтры, — распавядае Алена, — і пляцоўка для верталёта. Каб, да прыкладу, да нас мог спакойна прыляцець... Брус Уіліс”. Аб кіно, архітэктуры і індывідуальным абліччы гарадоў мы і гутарым з маладым спецыялістам і галоўным раённым архітэктарам горада Мядзеля — Аленай РЭБКАВЕЦ.

 /i/content/pi/cult/125/541/Maxima.jpg
— Алена, што натхніла вас працаваць над гэтым праектам? Гэта была прапанова вашага кіраўніка, выкладчыка?
— Натхніла мяне на працу, па шчырасці, сітуацыя з нашым беларускім кіно. Паўсюдна мы бачым толькі галівудскія карціны, а чаму так адбываецца — незразумела. Я сама абрала тэму дыплома і, адпаведна, пайшла на кафедру архітэктуры прамысловых будынкаў. Мне вельмі пашчасціла і з навуковым кіраўніком — Вольгай Фёдараўнай Санікавай, якая падтрымала мае ідэі. Пабывала я і на кінастудыі “Беларусьфільм”: даведалася пра ўсе этапы кінавытворчасці і — прыдумала, стварыла свой праект.
— Напэўна, экскурсія па нашай кінастудыі пакінула спрэчныя ўражанні...
— Па-першае, кінастудыя не рамантавалася з таго часу, як была пабудавана. Бадай, усё абсталяванне на ёй састарэла, і годных умоў для здымак кіно высокай якасці на кінастудыі няма. Я размаўляла са спецыялістамі розных цэхаў і з “першых вуснаў” уведала, чаго не хапае літаральна кожнаму звяну кінавытворчасці і якім яно мусіць быць у ідэале. У выніку і нарадзіўся мой праект.
— Яго, пэўна, можна назваць грандыёзным, бо ў спраектаваным Цэнтры беларускай кінематаграфіі, бачу, ёсць і тэхнічна абсталяваныя павільёны, і медыя-цэнтр, і гасцініца, і нават басейн...
— Так, але я зусім не збіраюся знішчаць будынак сённяшняй кінастудыі: мой Цэнтр кінематаграфіі будзе размешчаны на перакрыжаванні вуліц Філімонава і Парніковай. Гэта будзе новы комплекс, амаль на аднолькавай адлегласці ад Беларускага тэлебачання і кінастудыі “Беларусьфільм”, і выкарыстоўваць павільёны сучаснага Цэнтра змогуць як кінематаграфісты, так і тэлевізійшчыкі. А што да будынка кінастудыі, на яго конт у мяне свае планы: хацелася б зрабіць з яго каледж па падрыхтоўцы спецыялістаў кінасправы.
— І з чаго канкрэтна складаецца ваш Цэнтр?
— У яго будуць уваходзіць два павільённыя блокі, цэх падрыхтоўкі здымак, цэх дэкарацый, тонстудыя, медыяцэнтр, гасцініца для акцёраў, спецыяльны басейн для кіназдымак. Гэта басейн, які трансфармуецца, і калі рэжысёру спатрэбіцца імітаваць натуральныя сцэны на вадзе, дах басейна прымаецца, і кіназдымка адбываецца на адкрытым паветры. Ёсць розныя варыянты выкарыстоўвання “воднага атракцыёна”: можна здымаць і фільмы-катастрофы, а можна — і рамантычныя меладрамы.
— Ад якіх старых тэхналогій, цэхаў, памяшканняў вы адмовіліся?
 /i/content/pi/cult/125/541/Maxima1.jpg

 Магчымая будучыня беларускай “фабрики грез”.


— Адмовілася ад цэха апрацоўкі стужкі, які існуе сёння на кінастудыі. Мой Цэнтр разлічаны і будзе працаваць з лічбавымі тэхналогіямі. У медыяцэнтры комплексу размешчаны медыятэатр, інтэрнет-кафе, медыятэка, адпаведна ў ім можна будзе заказаць і атрымаць любую медыя-паслугу. Лічу, што праз пэўны час лічбавыя носьбіты ўвогуле заменяць сабой звычайную кінастужку.
— А як жа выслоўе, што кіно, знятае на стужцы, лічыцца больш...
— Жывым? Праз некалькі гадоў, мяркую, лічбавыя носьбіты дасягнуць такой якасці, што немагчыма будзе адрозніць “жывую стужку” ад кіно, знятага ў лічбавым фармаце.Далучыце яшчэ тое, што “лічба” больш экалагічная, зручная, і, пагадзіцеся, за ёю — будучыня. Прынамсі, каб захаваць памяць пра, так бы мовіць, першакрыніцу, у аснову аб’ёмна-планіровачнага рашэння медыяцэнтра я паклала кінастужку. Будынкі комплексу нагадваюць дзве катушкі, а пераходы паміж імі — уласна стужку. Канешне, гэты сімвал выкарыстоўваецца часта, напрыклад, пры праектаванні кінатэатраў, але мае памкненні былі “ад супрацьлеглага” — сучасны медыя-цэнтр у форме старой-добрай катушкі стужкі.
— Дарэчы, якія ў вас асаблівыя патрабаванні да архітэктурных праектаў, у тым ліку і да ўласнага?
— З вялікай адказнасцю стаўлюся да ландшафтна-архітэктурнага рашэння: наколькі гарманічна размешчаны будынак, наколькі ён спалучаецца з суседнім ансамблем. Напрыклад, мой любімы будынак у Мінску — Тэатр оперы і балета Лангбарда. Ён знаходзіцца на ўзвышшы, у атачэнні парку, і выглядае спакойна і гарманічна. А вось кінатэатр “Кастрычнік”, на маю думку, не спалучаецца з суседнімі будынкамі і падаецца з гэтай прычыны занадта вялікім: ён проста “не чытаецца” з блізкай адлегласці. Гармонія — гэта і ёсць, на маю думку, галоўнае правіла архітэктуры.Такі ж і мой падыход да будучага Цэнтра кіно — як ён будзе глядзецца. Прынамсі, уваход у медыяцэнтр будзе з боку спецыяльна спраектаванай плошчы. Прадугледжана нават спецыяльная дарожка для выхаду V.I.P.-гасцей і месцы для рэпарцёраў.
— Кшталту “чырвонай дарожкі”...
— Толькі ў маёй рабоце яна срэбра-блакітная. Пры праектаванні Цэнтра я “абапіралася” на вопыт многіх краін: на вопыт кінастудыі Барселоны, дзе выкарыстоўваюцца энергазберагальныя фасады (я таксама прапаную ўзяць гэтае “ноў-хаў” дзеля эканоміі сродкаў), на архітэктурнае рашэнне кінастудыі ў Велікабрытаніі, на здабыткі Санкт-Пецярбургскай кінастудыі “Тэма-прадакшн”... Улічваючы вопыт гэтых студый, я стварала свой праект беларускага Цэнтра кінематаграфіі. І, дарэчы, хачу падкрэсліць, што Цэнтр мае і свае “ноў-хаў”: такога сучасна абсталяванага медыяцэнтра і басейна не мае ніводная кінастудыя.
— Алена, уявім, што ваш праект увасобіўся ў жыццё. Што вы будзеце рабіць далей? Якой будзе ваша наступная архітэктурная праца?
— Зараз мне казаць пра гэта цяжка. Бо літаральна ўчора, як малады спецыяліст, я атрымала пасаду галоўнага раённага архітэктара горада Мядзеля. З вялікай цікавасцю стаўлюся да сваіх новых задач. Калі ўлічыць, што Мядзель — гэта курортны горад, дык, мяркую, далейшыя мае праекты будуць звязаны з гэтай тэмай.А наогул, мне хацелася б змяніць, упрыгожыць абліччы нашых малых гарадоў. Да прыкладу, я сама жыву ў Жодзіне, у новым мікрараёне, і мяне, па сутнасці, усе задавальняе. Аднак маё вока радавалася б больш, калі б у горадзе было меней тыповай забудовы. Гарады павінны адрознівацца адзін ад аднаго, як людзі. У кожнага з іх мусіць быць свая індывідуальнасць. А так — прыедзеш у адзін маленькі гарадок, потым у другі, трэці, чацверты, а такое адчуванне, быццам не выязджаў з першага. Архітэктура гарадоў павінна жыць і мяняцца. Напэўна, над гэтым хацелася б працаваць.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота аўтара 

Даведка
Алена РЭБКАВЕЦ нарадзілася ў 1985 годзе ў Жодзіне. Скончыла школу-ліцэй № 8 з архітэктурным ухілам, БНТУ (архітэктурны факультэт). Пасля заканчэння універсітэта размеркавана ў Мядзель на пасаду галоўнага раённага архітэктара горада.  

Анкета “К”

 1. Колер, які натхняе.
Усе колеры.
2.У якую пару года падабаецца працаваць?
Увосень.
3. Любімы мастак.
Сальвадор Далі.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Брус Уіліс, Рэната Літвінава.
5. Творы якіх пісьменнікаў перачытваеш?
Эдгара По, Кастанеды, Павіча...
6. Каго слУхаеш?
Усіх, але раблю свае высновы.
7. Радзіма — гэта што?
Другая маці.
8. ЛюбімАя кветка?
Дзьмухавец.