Умеў бачыць “побач”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

... З кожным годам, на жаль, застаецца ўсё меней тых, пра каго можна сказаць: знаёмыя з юнацтва. Такім чалавекам быў для мяне Валерый Рубінчык.

/i/content/pi/cult/312/5408/pic_13.jpgСвой шлях у кіно мы з ім з разбежкай у паўгода пачыналі ў карыфея айчыннага кінематографа Уладзіміра Корш-Сабліна ў якасці памочнікаў рэжысёра на стужцы "Чырвонае лісце". З такой жа, адпаведнай узросту, розніцай паступілі на рэжысуру спачатку ў наш інстытут, а потым - у ВГИК. Затым - прыйшлі працаваць у айчынны кінематограф. Разам адзначалі ўсе прэм'еры, сябравалі не на словах, а таму, што адчувалі сапраўдную роднаснасць душ.

Маю аповесць "Іх партрэт з асуджаным імператарам" мы першапачаткова задумвалі зрабіць разам з Валерам, пра што я згадаў у прадмове да яе. Ён жа здымаўся і ў дзвюх маіх стужках: "Эдзі Рознер" і "Другая галгофа Хрыста", якія былі створаныя цягам апошніх трох гадоў. 26 лютага я быў на здымках у Маскве, вельмі позна скончыў працу і вырашыў ужо не тэлефанаваць Валеру. А потым даведаўся, што гэта быў апошні дзень, калі ён быў у прытомнасці - вельмі шкадую, што не набраў яго нумар, не пачуў голасу... І зараз адчуваю непапраўную страту - вырваны велізарны кавалак майго жыцця: Валерый Рубінчык быў адным з самых духоўна блізкіх мне людзей.

Калі казаць пра рэжысёрскі почырк Валерыя Рубінчыка, галоўным адрозненнем усіх яго фільмаў было ўменне шукаць і знаходзіць небанальныя рашэнні для тых ці іншых сцэн і эпізодаў. У матэматыкаў, калі не паддаецца які-небудзь доказ, ёсць такое выслоўе: "Не тыкайцеся ў тэарэму - шукайце побач". Вось і ён умеў бачыць гэтае самае "побач" - знаходзіць такія вобразы і дэталі, якія напаўнялі яго стужкі сапраўдным, поўным жыццём. Рабіў займальна, з густам і смакам. І гэтая небанальнасць рашэнняў - тое, што, на вялікі жаль, адсутнічае сёння ў пераважнай большасці сучасных кінарэжысёраў.

Цягам апошніх гадоў Валерый Рубінчык жыў у Маскве, там у яго была сям'я, праца. Але ж, перакананы, той цёплай і душэўнай сяброўскай атмасферы, якая была ў Мінску, яму там не ставала. Адкрываю даведнік і бачу: Валерый Рубінчык - заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, і званне гэтае ён атрымаў за стужкі, знятыя ў нас, на Беларусі. Што і казаць, гэта цяжкая страта для ўсяго беларускага кінематографа.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр