РУБІНЧЫК Валерый Давыдавіч

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Валерыя Рубінчыка яго родным і блізкім.

/i/content/pi/cult/312/5407/pic_12.jpg"Жыццё нашага земляка Валерыя Рубінчыка было цалкам прысвечана служэнню мастацтву. Мастацкая спадчына майстра - гэта цудоўныя кінафільмы, якія вызначаюцца сваёй разнажанравасцю, захапляльнай сюжэтнай лініяй, яркасцю вобразаў і глыбінёй пачуццяў. Яны займаюць дастойнае месца ў сучасным кінематографе. У Беларусі творчасць Валерыя Давыдавіча паважаюць і любяць. Для нас асабліва дарагія стужкі, створаныя ім на роднай кінастудыі "Беларусьфільм", якія па праву ўваходзяць у залаты фонд нацыянальнай культуры і захапляюць не адно пакаленне гледачоў", - гаворыцца, у прыватнасці, у спачуванні.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  

 

Беларускае кінамастацтва панесла незаменную страту. Пасля цяжкай, працяглай хваробы пайшоў з жыцця класік беларускага кіно, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, лаўрэат прэміі ЛКСМБ, рэжысёр Валерый Давыдавіч Рубінчык.

З імем Валерыя Рубінчыка звязаны гады самага актыўнага і плённага перыяду працы кінастудыі "Беларусьфільм". Гэты выдатны майстар здолеў аб'яднаць у сваіх стужках вострасюжэтнасць, глыбіннае аўтарскае бачанне і філасофскія расповеды аб навакольным свеце. Прапрацаваўшы на айчыннай кінастудыі дваццаць гадоў, ён ажыццявіў пастаноўку фільмаў, шэраг якіх прызнаны самабытнымі таленавітымі творамі, што складаюць залаты фонд беларускага кінамастацтва - "Апошняе лета дзяцінства", "Вянок санетаў", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Культпаход у тэатр", "Адступнік" і іншыя. Яго працы былі адзначаны на шматлікіх міжнародных кінафестывалях.

Шчырасць, адкрытасць, добрае, уважлівае стаўленне да людзей, высокі прафесіяналізм здабылі яму ў кінематаграфічным асяроддзі непадробную любоў і павагу.

Для шматгадовай і плённай дзейнасці Валерыя Рубінчыка былі характэрныя высокая маральная і творчая патрабавальнасць, у першую чаргу да сябе, актыўная грамадзянская пазіцыя. Багатая палітра выяўленчых сродкаў, яркае эмацыянальнае напаўненне яго фільмаў, патрыятызм і жыццесцвярджальная сіла творчасці дазволілі яму заняць ганаровае месца ў шэрагу знакамітых майстроў экрана, атрымаць заслужанае прызнанне кінагледачоў Беларусі і далёка за яе межамі.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з пачуццём глыбокага смутку выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка.

Светлая памяць аб Валерыю Давыдавічу Рубінчыку назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах.

Латушка П.П., Карачэўскі У.М., Кураш В.І., Стружэцкі Т.І., Сільвановіч А.І., Сухавей С.І, Леановіч С.А., Крывастаненка П.У., Баразна М.Р., Святлоў Б.У., Белякова І.А., Багачоў С.А., Бусел В.Ю., Коктыш В.П., Калбаска І.В., Лаўрыненка А.Л., Чарнаушка Ю.М., Крушынская Л.А., Перагудава Л.І., Карпілава А.А., Красінскі А.В., Фральцова Н.Т., Васільеў В.І., Смольскі Р.Б., Чаргінец М.І., Яфрэмаў А.В., Гасцюхін У.В., Янкоўскі Р.І.