Бельканта Беларусі ў Італіі

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Нашых оперных спевакоў, якія скарылі Італію, паболела. Салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аксана Волкава была запрошана ў Палерма, у знакаміты Тэатр Масіма — трэці па велічыні ў Еўропе, пасля Парыжа і Вены. Там яна ўзяла ўдзел у пастаноўцы оперы “Джаконда” Амількарэ Панк’елі, выканаўшы адну з цэнтральных партый — Лауры (мецца-сапрана). У партыі Джаконды (сапрана) выступіла знакамітая італьянская прымадонна Даніэла Дэсі.

/i/content/pi/cult/312/5403/pic_6.jpgЗамежныя тэатры даўно ўжо ўзялі кірунак на інтэрнацыянальны склад салістаў у сваіх прэм'ерах. Таму цяперашняя "Джаконда" не выключэнне. А вось удзел беларусаў у такіх пастаноўках, што адразу становяцца падзеяй усяго культурнага свету, здараецца не так часта. Але апошнім часам - усё часцей. Тая ж Аксана Волкава, удзельнічаючы ў Маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі, спявала ў Маскве Вольгу ў "Яўгеніі Анегіне" П.Чайкоўскага, ездзіла з гэтай партыяй на гастролі ў Каралеўскую оперу "Ковэнт Гардэн" у Лондане, у Тэатр Рэал у Мадрыдзе.

Яшчэ адну нашу салістку, Настассю Масквіну, запрашалі ў прэм'ерныя пастаноўкі Вялікага тэатра Расіі двойчы: спачатку ў аперэту "Лятучая мыш" І.Штраўса, дзе яна спявала Разалінду, а пазней у сучасную французскую оперу "Вішнёвы сад", дзе яна паўстала Ранеўскай. Ну, а выкладчыца Н.Масквіной - загадчыца кафедры вакала, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Людміла Колас (таксама ў свой час салістка нашага Вялікага тэатра) стажыравалася ў Італіі яшчэ ў 1980я - у тэатры "Ля Скала". І навучылася так, што перамагла на тамтэйшым Міжнародным конкурсе саміх італьянцаў...

На здымку: Аксана Волкава ў Тэатры Масіма, што ў Палерма.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"