Гастрольны тур Вялікага

№ 29 (795) 21.07.2007 - 27.07.2007 г

Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі “Лебядзінае возера” будзе прадстаўлены на Міжнародным фестывалі класічнага мастацтва ў Германіі.

Цікава, што беларуская трупа будзе танцаваць на адкрытай пляцоўцы ля сцен старадаўняга замка ў горадзе Маншау. Паездка ў Германію адкрые гастрольны тур тэатра.
У жніўні калектыў адправіцца ў сталіцу Сірыі — Дамаск, дзе выступіць са спектаклямі “Спартак” і “Кармэн-сюіта”. А ў снежні беларускую трупу чакаюць у Паўночнай Карэі — тут тэатр прадставіць балет “Шчаўкунок”. Пастаноўка настолькі палюбілася гледачу, што наш тэатр ужо пяць гадоў запар запрашаюць у гэтую краіну менавіта з гэтым спектаклем.
Па словах загадчыцы літаратурнай часткі Вялікага тэатра балета РБ Таццяны Аляксандравай, мінулы сезон быў адзначаны яркімі акцёрскімі работамі салістаў балета, паспяховымі выступленнямі калектыву ў Тайландзе, Паўднёвай Карэі і Егіпце.
Плануецца, што новы тэатральны сезон Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Беларусі адкрые на сцэне Вялікай залы Палаца Рэспублікі 6 верасня спектаклем “Баядэрка”. А 28 верасня аматараў балетнага мастацтва чакаепершая прэм’ера сезона — “Бахчысарайскі фантан”.
“Мы лічым, што гэта спектакль для ўсёй сям’і, так што дарослыя са сваімі дзецьмі змогуць атрымаць асалоду ад прагляду гэтага спектакля і раніцай 30 верасня”, — дадала Таццяна Аляксандрава.

Паводле матэрыялаў БелТА