Ключ да афіцыныub

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Сена для шопа, а што ў ледніку?

/i/content/pi/cult/311/5397/14-2.jpg

Шляхецкае жыллё беларускіх зямель часоў Рэчы Паспалітай - вялікі комплекс, які ўключаў не толькі ўласна сядзібу ці палац, але далучаў службовыя і гаспадарчыя будынкі, тыпы якіх выкарыстоўваліся цягам стагоддзяў. На жаль, большасць з іх былі драўляныя і не пакінулі ніякіх матэрыяльных рэшткаў, захаваўшыся толькі ў шматлікіх інвентарных вопісах ХVII - ХVIII стагоддзяў.

Першапачаткова ў Сярэднявеччы большасць службовых, гаспадарчых збудаванняў групаваліся каля двара (дзядзінца) шляхецкага дома, непадалёк ад якога знаходзілася і гумно. Аднак з пашырэннем фальваркаў, пачынаючы з апошняга дзесяцігоддзя ХVІ ст., асноўная колькасць гаспадарчых будынкаў пачала перамяшчацца воддаль ад жылога дома, утвараючы асобны гаспадарчы комплекс з сядзібай у цэнтры. У прыватнасці, прыкладна з другой паловы ХVIII ст. па двух баках шляхецкага дома стаялі толькі два флігелі, "афіцыны", а астатнія будынкі былі вынесены ў тыл дома. І хоць па назвах асноўныя будынкі гаспадарчага комплексу шляхецкага маёнтка былі блізкія да сялянскіх (клець, свіран, хлеў са стайняй, аборай, гуменны комплекс, пуня, плеўнік, лазня, пераплоты), аднак вылучаліся сваёй разнастайнасцю.

Гаспадарчыя і службовыя будынкі рабіліся ў асноўным з дрэва, і толькі ў сядзібах заможнай шляхты, магнатэрыі яны часткова ці цалкам былі каменныя, цагляныя. Цікава, што да канца ХVIII ст. у якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваўся хрост, пляценне - пляцёнай была звычайна частка будынка.

Яшчэ адным старажытным будаўнічым матэрыялам, які паступова знікаў, былі дылі- паловы распілаваных ці рассечаных (пераважна - дубовых) бярвенняў. З дыляў рабілі загароды, масткі, столі, падлогі ў гаспадарчых будынках і нават невялікія збудаванні. Да прыкладу, у фальварках Драгічынскага графства Пінскага павета на 1779 год дылі выкарыстоўваліся досыць актыўна: у Ровенскім фальварку з дыляў былі зроблены "масткі" з поручнямі да сяней, столь у пякарні, дзве лавы ў ёй, а ў фальварку Астраўкі з дыляў былі зроблены каморка і столь. Яшчэ адна архаічная канструкцыйная рыса гаспадарчых будынкаў - наяўнасць падклетаў, "падізбішчаў" - невялікіх нежылых першых паверхаў, на якіх стаялі жылыя дамы, свіраны, іншыя будынкі, што паступова зніклі да першай паловы ХVIII ст. Увогуле, жылыя дамы на высокіх падклетах - характэрная рыса старажытнага рускага дома, якая стала праіснавала да ХІХ ст. Да таго ж, на падклетах рабіліся і вялікія гаспадарчыя пабудовы. У прыватнасці, яшчэ ў 1623 г. у фальварку Усвяцкага замка пякарня, пры якой былі сенцы, камора, стаяла менавіта на падклеце. На працягу XVII - XVIII ст. існаваў устойлівы комплекс асноўных гаспадарчых будынкаў шляхецкай сядзібы. Пры гэтым выкарыстанне шэрагу будынкаў было шматмэтавым. Так, у лямусе - двухпавярховым будынку - захоўвалі рэчы і жылі, маштарня была прызначана для рамонту экіпажаў, а таксама для жылля конюхаў./i/content/pi/cult/311/5397/14-1.jpg

Вядома, што шляхецкая сядзіба- гэта вялікае сховішча разнастайных рэчаў: ад прадуктаў да мастацкіх каштоўнасцей. І зразумела, што найбольш каштоўныя рэчы заможны паніч захоўваў непасрэдна ў доме, часам у спецыяльным памяшканні- скарбцы, у вялікіх жалезных куфрах.

 Як сведчаць архівы, скарбцы пры палацах уяўлялі з сябе высокія гмахі з каменнай кладкай. Гэта былі выбітныя, з пункта гледжання архітэктуры, пабудовы, што падкрэслівалася іх размяшчэннем наводдаль ад іншых будынкаў. Вялікі двухпавярховы скарбец з галерэяй стаяў пасярэдзіне дзядзінца ў маёнтку Чарнаўчыцы, што на Брэстчыне, яго першы паверх быў зроблены з вялікіх каменняў (што адпавядае беларускай традыцыі), другі - з брусаванага дрэва, а ўнізе размяшчаўся яшчэ і склеп. Менш каштоўныя рэчы (вопратку, палатно, прадметы гаспадарчага ўжытку, зерне) трымалі ў клецях - вялікіх двух'ярусных будынках, квадратных ці прамавугольных у плане, з абходнай галярэяй на другім узроўні. А вось прадукты харчавання захоўвалі ў склепах, вялікіх піўніцах, ледніках, дзе яны маглі зберагаць сваю якасць нават у летнюю спёку.

З цягам часу і пашырэннем еўрапейскай моды ў жылым доме ўзнікалі гардэробныя, аптэкі, спецыяльныя пакоі для слуг. Сярэднезаможны шляхціч звычайна меў дзве карэты, якія захоўваліся і рамантаваліся ў адмыслова зробленых маштарнях.

Але нягледзячы на зменлівую моду, беларуская шляхта пры маёнтку абавязкова мела лазню - з сенцамі, печкай, палаткамі, якая магла размяшчацца як на дзядзінцы, так і за яго межамі. Часам лазні ставіліся пры броварах. Як можна меркаваць, асноўныя элементы шляхецкай лазні мала адрозніваліся ад сялянскай. У прыватнасці, у Чаравачыцкім маёнтку на Кобрыншчыне ў 1597 годзе "лазенка" размяшчалася каля саладоўні, была з сенцамі і ўключала печ ды палаткі.

Значная колькасць будынкаў сядзібы была прызначана для захавання збожжа і прадуктаў, звязаных з яго выпрацоўкай. Для захавання збожжа выкарыстоўваліся спецыяльныя будынкі з засекамі- свіраны ці спіхлежы. Сена захоўвалі ў шопах, салому - у адрынах ці пунях, радзей- пад абарогамі на чатырох слупах. Жывёлу трымалі ў размешчаных за межамі дзядзінца хлявах, кароў - у аборах, коней - у стайнях. Папулярнай для шляхецкага комплексу была наяўнасць галубятні, якая размяшчалася на дзядзінцы.

Да таго ж, сядзіба з'яўлялася і значным харчовым вытворчым комплексам з адпаведнымі будынкамі па вырабе і апрацоўцы прадуктаў. Хлеб пяклі ў пякарнях, сыры выраблялі ў сырніцах, піва - у броварах, гарэлку - у вінніцах, броварах. Звычайна бровары ўяўлялі з сябе адносна вялікія комплексы з будынкамі для вырабу соладу, яго захоўвання. Сам па сабе бровар мог быць цэнтрам функцыянальна звязаных з ім корчмаў. Напрыклад, у радзівілаўскім маёнтку "Ключ Вілянаўскі", што адносіўся да Нясвіжскай ардынарыі, у 1682 г. да бровара былі далучаны карчма са стайнямі, піўніцай і крамніцай, а таксама яшчэ пяць корчмаў у розных мясцовасцях./i/content/pi/cult/311/5397/14-3.jpg

Сёння можа здавацца неверагодным, але ў другой палове ХVIII ст. пры адносна буйных гаспадарчых комплексах з паташнямі, лесапілкамі, цагельнямі, мануфактурамі таксама атрымалі распаўсюджванне аранжарэі, дзе вырошчваліся цытрусавыя, вінаград, садавіна і нават не характэрныя для нашых шырот кветкі. У XVIII ст. прыйшла мода і на выбітнае афармленне агародаў: там пачалі рабіцца паркавыя баскеты, садова-паркавыя зоны, бяседкі для адпачынку, гульнёвыя пляцоўкі.

 А вось сярод гаспадарчых збудаванняў значнае месца займала гумно, якое ў інвентарах згадваецца ці ў сістэме фальварка, ці каля шляхецкага дома - у выглядзе агароджанага, з варотамі, комплексу - "гумнішка", які зрэдку называлі "дзядзінец гуменны". Пры гэтым гаспадарчыя, службовыя будынкі крыліся драніцамі, дорам, саломай, якая часта клалася на драўляную аснову. Гумны крыліся саломай, часта - "пад лапату", такоўня магла, як і пуні, крыцца драніцамі. Абгароджваўся гаспадарчы комплекс, гумно дыляваннем, вастраколам, плотам, альбо парканам.

Відавочна, што шляхецкі гаспадарчы комплекс, як і сядзіба ў цэлым, - неад'емная частка этнакультурнага ландшафту Беларусі ў старадаўнія часы і адзін з найбольш яскравых здабыткаў нашай спадчыны. А таму пры аднаўленні сядзібаў і палацаў варта звяртаць асаблівую ўвагу не толькі на іх унутраны дэкор, але і на ўвесь шляхецкі комплекс у цэлым.

 Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук