Незвычайны лямец

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Творы, выкананыя з лямцу, дэманструюць у нашай краіне шведская мастачка Гуніла Пэтаў-Шоберг і група мастакоў з Літвы. З імі ж дзеляцца досведам айчынныя творцы.

 

Сталічныя жыхары сёння могуць пазнаёміцца з творчасцю літоўскіх і беларускіх майстроў на выстаўцы "Казюкі" ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яе дапамагло арганізаваць Пасольства Літвы ў нашай краіне. У экспазіцыі прадстаўлены работы прызнаных у Літве майстроў Рэнаты Краус, Інгі Самушэнэ, Данаты Думчувэнэ ды іншых.

А пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Беларусі Гуніла Пэтаў-Шоберг адкрыла выстаўку "Аспекты жыцця" ўжо ў трэцім горадзе краіны - Магілёве. Спачатку быў Мінск, пасля Віцебск. Мастачка падарожнічае па розных краінах і вывучае гэты від творчасці, не забываючыся распавядаць пра свае назіранні.

Днямі адбылася яе лекцыя ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы на тэму "Мастацтва валення: гісторыя і сучаснасць", якая сабрала стваральнікаў і аматараў вырабаў з лямцу. А вядомыя шапавалы з Магілёўшчыны прадэманстравалі сваю выстаўку-кірмаш.