Сталічныя жыхары сёння могуць пазнаёміцца з творчасцю літоўскіх і беларускіх майстроў на выстаўцы "Казюкі" ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яе дапамагло арганізаваць Пасольства Літвы ў нашай краіне. У экспазіцыі прадстаўлены работы прызнаных у Літве майстроў Рэнаты Краус, Інгі Самушэнэ, Данаты Думчувэнэ ды іншых.
А пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Беларусі Гуніла Пэтаў-Шоберг адкрыла выстаўку "Аспекты жыцця" ўжо ў трэцім горадзе краіны - Магілёве. Спачатку быў Мінск, пасля Віцебск. Мастачка падарожнічае па розных краінах і вывучае гэты від творчасці, не забываючыся распавядаць пра свае назіранні.
Днямі адбылася яе лекцыя ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы на тэму "Мастацтва валення: гісторыя і сучаснасць", якая сабрала стваральнікаў і аматараў вырабаў з лямцу. А вядомыя шапавалы з Магілёўшчыны прадэманстравалі сваю выстаўку-кірмаш.