Брытэн па-беларуску

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Шыфр з брытанскімі салістамі

/i/content/pi/cult/311/5392/10-3.jpg

 

 З Рэквіемам ледзь не ва ўсіх аматараў музыкі трывала асацыіруецца звышпапулярны твор Моцарта, які гучыць на опернай і філарманічнай сцэнах па некалькі разоў на год. Апошнім часам у нас можна было пачуць і Рэквіемы Вердзі, Брамса. А "Ваенны рэквіем" Брытэна?

 Створаны ў 1961-м, ён выконваўся ў Беларусі толькі аднойчы: больш як 40 гадоў таму, прычым - латвійскім хорам. І цяперашняе з'яўленне на афішах Белдзяржфілармоніі твора англійскага класіка ХХ стагоддзя сталася амаль сенсацыйным, далучыўшыся да многіх іншых, не менш знакавых, падзей, ажыццёўленых маэстра Аляксандрам Анісімавым.

Гэты праект можна ў поўнай меры назваць сумесным. Пры падтрымцы Пасольства Аб'яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь і спонсарскай дапамозе ў выкананні ўдзельнічалі знаныя салісты Робін Трытшлер (тэнар), Нікалас Гарэт (бас-барытон) і дырыжор Джуліян Галант. Прыехала і спявачка Ірына Крыкунова, добра вядомая нашай публіцы па шматлікіх ранейшых праграмах А.Анісімава. Усяго ж сабралася, згодна з аўтарскай партытурай, каля 250 музыкантаў.

На сцэне злева пабудавалі подыум для інструментальнага ансамбля, складзенага з маладых салістаў калектыву . У правай ложы змясцілася Капэла хлопчыкаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ДМШ № 10 імя Я.Глебава пад кіраўніцтвам Уладзіміра Глушакова. Асаблівая адказнасць за збалансаванасць гучання ляжала на Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Р.Шырмы на чале з Людмілай Яфімавай, бо гэтая частка выканаўцаў знаходзілася, паводле традыцыі, у глыбіні сцэны, ззаду аркестра. Нягледзячы на такую "густанаселенасць" канцэртнай пляцоўкі, знайшлося месца і для відэаэкрана з перакладам вершаў англійскага паэта Уілфрыда Оўэна, які ў 25 гадоў загінуў на Першай сусветнай вайне: гэтыя тэксты Бенджамін Брытэн выкарыстаў у Рэквіеме нароўні з кананізаванымі лацінскімі.

 

 

-Як жа каардыніраваць такое дзеянне, размеркаванае ў прасторы? Акрамя галоўнага "кіроўцы" - А.Анісімава, кожная групоўка выканаўцаў мела таксама ўласнага дырыжора для сваіх сола. А чаргаванне аркестра і ансамбля на чале з Дж.Галантам было вырашана не столькі як кантраснае супрацьстаўленне, колькі як складаная дыялектыка індывідуалізаванага і агульнага, асабіста-эмацыйнага і аб'ектыўна заканамернага, непарушнага. Камерныя ўкрапванні ў памінальную месу ўспрымаліся своеасаблівымі стоп-кадрамі, што адкручвалі стужку часу назад, калі забітыя яшчэ былі жывымі, ці рабілі захад у іншае вымярэнне, дзе вядуць нетаропкі расповед душы загінулых. Салісты ўшчэнт разбурылі міфы пра англійскую стрыманасць ды чапурыстасць. Тэнар літаральна зіхацеў сваім бельканта, спяваў з сапраўдным італьянскім запалам і трапяткой вібрацыяй. Барытон уражваў яшчэ больш дэталёва псіхалагізаваным артыстызмам, выканальніцкай разнастайнасцю і выразнасцю кожнай фразы, асабліва- у прытчы пра Аўраама і ягонага сына. Голас І.Крыкуновай найбольш аб'ёмна і глыбока гучаў у кранальнай частцы "Lacrimosa". У спевах хлопчыкаў, якія суправаджала гучанне аргана (Ірына Аўдзеева), чуліся інтанацыі анёлаў. Дый ад усяго твора літаральна патыхала прыгажосцю.

 Калі ў пачатковых частках, на першы погляд, бракавала кантраснай выразнасці асобных фраз, а часам - і моцы вялікага аркестра (асабліва ў "Dies irae" - "Дзень гневу"), дык пазней стала зразумела, што А.Анісімаў наўмысна зберагаў фарбы для фіналу, дзе ўжо сапраўды мурашкі па скуры беглі. А хор хлопчыкаў, перамясціўшыся на левы бельэтаж, гучаў голасам Нябёсаў. Праўда, усё ж крыху не хапала тэмбру вялікага аргана, прадугледжанага кампазітарам у генеральнай кульмінацыі (на пачатку твора ён, наадварот, рэкамендаваў фісгармонію, што і было рэалізавана). Але - галоўнае - музыканты на чале з маэстра дасягнулі амаль немагчымага: не толькі цудоўна выбудавалі найскладаную архітэктурную канструкцыю твора, гарманічна збалансаваўшы рух часу, гучныя і пранікнёна ціхія кульмінацыі (больш як паўтары гадзіны без антракту), але і працягнулі тонкую ды вельмі трывалую нітачку ад Брытэна да Гендэля (той доўгі час жыў і працаваў у Лондане, паспеўшы стаць класікам і англійскай культуры) і нават да Пёрсэла. А яшчэ - да беларускага выканальніцкага мастацтва, ментальныя рысы якога выяўляліся ў незаўважнай стрыманасці тэмпаў, інтэлектуальна-паглыбленым стаўленні да кожнай ноты, імкненні "расшыфраваць" кожную фразу з "беларускамоўным" музычным адценнем. І нават да рэквіема "Паямтайце" Людмілы Шлег.

Заўтра, дарэчы, - чарговы сюрпрыз ад маэстра і яго аркестра. У "Вечары славянскай музыкі" будуць удзельнічаць знакаміты расійскі віяланчэліст Дзяніс Шапавалаў, вядомая сербская піяністка Міра Еўціч, а прагучыць, да ўсяго, новы твор расійскага кампазітара Аляксандра Раскатава, напісаны ў 2005 годзе.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"