“…Гербарый” шчаслівага чалавека

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

У галерэі Тызенгаўза ў Гродне адкрылася выстаўка маладой мінскай мастачкі Ірыны Ясюкайць-Дударавай “Гербарый сноў”.

/i/content/pi/cult/311/5387/7-4.jpg

Спыняючы час, творца збірае-"засушвае" на палотнах моманты з асабістых успамінаў, уражанняў, падзей, якія, аддаляючыся ў прасторы, амаль ператвараюцца ў настальгічныя карціны-сны. Гэтыя старонкі сімвалічнага альбома мы можам перагарнуць праз шмат гадоў, узнавіўшы ў памяці былое, часта нават забытае.

Летуценным пераўвасабленнем рэальнасці ўспрымаецца "Гербарый сноў. Ракавіна", калі дзве прыгожыя, вытанчаныя дзяўчыны, прыслухоўваючыся да шуму вялікай ракавіны, як бы пераносяцца ў светлыя мроі, напоўненыя незвычайнымі птушкамі, раслінамі, неабсяжным даляглядам, дзе можна існаваць бясконца і быць шчаслівым. Светлыя постаці жанчыны з дзяўчынкай у творы "Вянок", атуленыя мяккім вячэрнім сонцам, выглядаюць неаддзельна ад цёплай прасторы лета. Фігура жанчыны, пададзеная са спіны, абагулена ўспрымаецца адвечным сцвярджэннем каштоўнасці жыццёвых сіл зямлі, а вянок з траў у руках дзяўчынкі працягвае тэму няспыннасці прыроднага колазвароту.

 Мастачка паслядоўна ўвасабляе на палотнах вобразы дзяцей, кожным разам раскрываючы новыя грані ўнутранага светаразумення маленькага чалавека. Злоўленае імгненне занатоўваецца аўтарам у творы "Адлюстраванне", дзе дзіцячая непасрэднасць маленькай дзяўчынкі спалучаюцца з задуменнай сузіральнасцю і патаемнасцю люстраной магіі. "Сон шчаслівага чалавека" напаўняе палатно радасным пачуццём, што перадаецца, у першую чаргу, праз складаную колеравую экспрэсію пышных кветак, якія своеасаблівай каронай атачаюць дзіцячую галоўку. Увесь жывапісна-вобразны лад твора запэўнівае нас у тым, што такія безабаронныя маленькія істоты сапраўды павінны быць шчаслівымі, і мы, дарослыя, за гэта адказваем.

 І.Ясюкайць-Дударава шукае свой асабісты шлях у мастацтве, у пэўнай ступені эстэтычна апелюючы да лепшых пластычных дасягненняў сусветна вядомых майстроў мінулага, творча пераасэнсоўваючы мастацкую спадчыну, стварае свой асабісты непаўторны духоўны свет. На выстаўцы жанравыя палотны арганічна дапаўняюцца нацюрмортамі: яркімі, кідкімі, дэкаратыўна выразнымі. Асабліва прывабна глядзяцца на стале барвовыя разламаныя гранаты, якія напісаны смачна, сакавіта, імпрэсіўна.

Але ўсё ж лейтматывам гучаць больш філасафічныя ноты, калі павольна плыве праз наш лёс у перавернутым, адбітым у воднай роўнядзі, свеце смешны "Папяровы караблік"- успамін дзяцінства, чагосьці няздзейсненага, страчанага і вельмі дарагога...

 Марына ЗАГІДУЛІНА

 Гродна