Творцы вельмі розныя і па ўзросце, і па светаразуменні. Але іх мастацкая светабудова мае адзін, вельмі важны, фундамент: захапленне прыгажосцю навакольнага свету. Усе ўдзельнікі выстаўкі, незалежна ад тэхнік і матэрыялу, валодаюць выключным дэкаратыўным талентам. Яны ўспрымаюць свет у павышанай эмацыянальнай танальнасці, у вострай характарыстыцы пластычных форм, дзе рэальная прырода ці якіясьці з'явы, нацыянальныя матывы ўспрымаюцца не як сюжэты для літаральнага ўзнаўлення ў тэкстыльным узоры, габеленавай кампазіцыі або керамічнай фактуры - усё праламляецца ў багатай фантазіі і трансфігуруецца ў эмацыянальна-пераканаўчы відовішчны вобраз.
На мой погляд, лідарамі гэтай "сямёркі" з'яўляюцца вопытныя і даўно прызнаныя ў краіне мастакі Наталля Сухаверхава, Ала Непачаловіч і Тамара Васюк, якая, дарэчы, прадставіла ў экспазіцыі сваю новую эксперыментальную серыю паліў з сямі частак "Адсутнасць формы". У прынцыпе, большасць твораў была зроблена ў апошнія гады і раней не выстаўлялася, таму па гэтых работах можна сабе ўявіць, які вялікі патэнцыял маюць нашы майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва! Словам, размовы пра тое, што наша габеленавая і керамічная творчасць апошнім часам пайшла на спад, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Узгадайце хаця б работы, якія сёння ўпрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку, Палац Рэспублікі, Мінскую ратушу, Мірскі замак. Хаця, па вялікім рахунку, безумоўна, сёння не вельмі хапае дзяржаўных заказаў на гэтае ўнікальнае мастацтва, якое ў нашай рэспубліцы лічылася найлепшым у СССР.
Што да назвы выстаўкі, дык на гэты конт добра і цёпла распавяла Ала Непачаловіч, аўтарка такіх цудоўных "народных" габеленаў, як "Святочны вечар", "Жыва", "Яжэ", "Ходнік", "Рытмы на зямлі": -
Хочацца, каб глядач адчуў сваё бачанне прыгажосці, якое ў далёкай старажытнасці мела сваю багіню - Цацу. Нам не засталося яе партрэта ці выявы постаці, але мы добра памятаем з дзяцінства: як толькі нарадзілася немаўля, яму вусна тлумачылі, што сонейка - гэта "цаца", кветачка - гэта "цаца", птушачка - гэта "цаца"...
Таму мы бачым, што мудрыя продкі дбалі аб тым, каб дзіця разумела прыгажосць, інакш яно можа вырасці нядобрым, аднабокім, чэрствым, нечалавечным. Прыгажосць - гэта тая якасць чалавека, якая робіць яго богападобным, чулым, тонкім. Прыгажосць, хараство - гэта цуд і дар Божы. Потым, як дзіця падрастае, яго апякае яшчэ адна багіня - Ляля. Яна тлумачыць яму аб родзе чалавечым, аб яго звычках, аб адносінах адно да аднаго. Дзіця само стварае сваю "лялю" з тэкстыльных палатняных кавалачкаў, надае гэтаму вобразу рысы браціка, сястрычкі, маці. Гэтак было яшчэ ў нашым дзяцінстве. Гэта не "барбі" - гэта сэнсавы, філасафічны і гульнёвы парадак жыцця. А калі вырастае дзяўчына - яна сама становіцца "лялей", прыгажуняй".