“Сканіраваць” Berlinale з вынікам для “Лістапада”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

За кулісамі аднаго кіна”айсберга”

/i/content/pi/cult/311/5385/6-1.jpg

З 10 па 20 лютага прыхільнікі кінематографа з розных краін сачылі за тым, як жа раздзеляць узнагароды ўдзельнікі знакамітага Берлінале - аднаго з найбуйнейшых кінафорумаў свету. Як зазвычай і бывае, знешні, парадны, бок любога мерапрыемства - гэта ўсяго толькі відочная частка арганізацыйнага "айсберга", што рухае ідэю ў абраным кірунку. А як жа хочацца зазірнуць "за кулісы", убачыць і адчуць увесь маштаб імпрэзы! Сёлета гэткая магчымасць прадаставілася беларусам: акурат з мэтай пераймання арганізацыйнага вопыту ў фестывальным кінарынку Берлінале прынялі ўдзел і арганізатары Мінскага міжнароднага кінафестывалю. Мы гутарым з дырэктарам нядаўна створанага Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, дырэктарам сталічнага кінафоруму Анжалікай КРАШЭЎСКАЙ.

- Раскажыце, калі ласка, якія з арганізацыйных момантаў у працы нямецкіх калег вы для сябе адзначылі ў першую чаргу?

- Шэсцьдзясят першы па ліку Берлінале, натуральна ж, з арганізацыйнага пункта гледжання, стаўся цікавым вопытам. Вельмі ўразіла тое, што там іначай, чым у нас, будуюцца ўзаемаадносіны між людзьмі на фестывалі. У нас прынцып запрашэння гасцей палягае ў значнай ступені ў асабістых стасунках. Адпаведна, пад час такога буйнога мерапрыемства, як кінафорум, вельмі складана ўдзяліць кожнаму з гасцей належную ўвагу - для гэтага быў бы патрэбны ўдвая большы штат работнікаў. На Берлінале ж- вельмі дэмакратычная сітуацыя. Безумоўна, існуе невялікая катэгорыя VIP-гасцей, якія знаходзяцца ў цэнтры пастаяннай увагі. Усе ж астатнія - акрэдытаваная прэса, удзельнікі кінарынку, як мы, ды іншыя - прадастаўлены самі сабе. Яны могуць, зыходзячы з уласнага густу і інтарэсаў, выбіраць праграму, будаваць свой рабочы графік, - арганізатары прадастаўляюць усю неабходную інфармацыю, але ніхто персанальна імі не апякуецца. Усе- на роўных.

- Наколькі гэта зручна для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю?

- Такі падыход трымае ў пастаянным тонусе: ты ведаеш, што для таго, каб трапіць на пэўныя мерапрыемствы, неабходна падняцца раніцай, прыйсці да паловы дзевятай у фестывальны цэнтр, каб паспець атрымаць па сваёй акрэдытацыі запрашальнікі на выбраныя табой імпрэзы, адстаяць чаргу... Далёка не заўсёды ўдавалася трапіць на ўсё, што хацелася наведаць, але ж ніводнага разу я не бачыла, каб нехта рваў на сабе кашулю і, патрасаючы ганаровымі рэгаліямі, патрабаваў да сябе асаблівага стаўлення. Для прэсы ўвогуле арганізавана свая асобная праграма з паказамі, запрашэннем гасцей, фестывальным клубам, так што мы фактычна нават і не перасякаліся: у іх быў "свой" форум, у нас - "свой". Уся работа з гасцямі і ўдзельнікамі Берлінале пабудавана на сістэме электроннага сканіравання бэджаў. Разам са здымкам, бэдж утрымлівае індывідуальны штрых-код, так што пры ўваходзе на тую або іншую імпрэзу табе дастаткова толькі прыкласці яго да адпаведнага сканіруючага прыстасавання. Гэтак жа і кожная імпрэза мае свой штрых-код: скарыстаўшыся гэтым прынцыпам, можна адразу ўбачыць, ёсць на яе вольныя білеты ці не.

- Як выглядала цырыманіяльная частка сёлетняга Берлінале?

 - Адкрыццё праходзіла вельмі лаканічна і кансерватыўна. З прывітальным словам выступілі міністр культуры Германіі, мэр Берліна, прэзідэнт фестывалю. Прадставілі журы форуму, удзельнікаў асноўнага конкурсу і тут жа паказалі пазаконкурсную стужку. Ніякай асаблівай "культурнай праграмы" ў выглядзе спеваў ды танцаў не было. Ніхто не страляў з гармат, не запальваў феерверкаў і не сыпаў бліскавак... Затое тэхнічнаму абсталяванню і рабоце тэлебачання можна было толькі зайздросціць! Той, хто не трапіў на цырымонію адкрыцця, мог назіраць яе на шматлікіх плазменных экранах, размешчаных не толькі на фасадзе Берлінпалаца, але і ва ўсёй цэнтральнай частцы горада. Камеры паказвалі гасцей ад таго часу, як яны пад'язджалі на машынах, і да выхаду на сцэну, але кадраў, калі нехта "выпадкова" чухаў патыліцу, проста не было. І калі прадстаўлялі членаў журы або спонсараў фестывалю, аператар не "шукаў" іх - у кадры адразу ж з'яўляўся той самы чалавек, пра якога ішла гаворка. Між іншым, трансляцыі бягучых мерапрыемстваў, прэс-канферэнцый, а ў перапынках - рэкламных ролікаў форуму і яго спонсараў ішлі на вулічных экранах пастаянна. Ну, а самі фестывальныя паказы адбываліся ў розных месцах, але ў асноўным - у мультыплексах. Сярод іх ёсць і тыя, дзе маецца каля 12 кіназалаў! Перад паказамі выходзіла вядучая, якая на некалькіх мовах прадстаўляла стужкі.

- А "чырвоная дарожка"?

 - Берлінале-пляц - тая пляцоўка, дзе штодзённа адбываюцца прэзентацыі фільмаў, што ўдзельнічаюць у конкурснай праграме, а не толькі цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Таму дарожка ляжыць увесь час, пакуль праходзіць фестываль. Вячэрнія паказы Берлінале ідуць з нямецкімі цітрамі- для гледачоў, і кожны вечар па гэтай дарожцы перад пачаткам карціны і пасля яе праходзяць госці- прадстаўнікі стужкі, якая паказваецца. І не важна, што надвор'е, як і ў нас у лістападзе, не летняе; на другі дзень фестывалю нават невялікі дожджык прайшоў. Для форуму гэта не перашкода: над "дарожкай" створана спецыяльная канструкцыя-казырок, і ў большай ступені- для гледачоў. Так што там пастаянна можна ўбачыць прыхільнікаў кіно, якія прыходзяць, каб пабачыць любімых зорак. Ды і сама "чырвоная дарожка" - дываналінавая, прычым уяўляе з сябе не проста яркую пляму, а арганічна ўпісана ў агульнае фестывальнае афармленне: у гэтым колеры яшчэ шмат чаго было зроблена, нават крэслы ў глядзельнай зале - адпаведнага тону! Такая прадуманасць вельмі ўражвае. Адчуваецца, што гэта не проста буйное мерапрыемства, а- сапраўднае свята для ўсяго горада.

- У чым выражаецца гэткая святочнасць?

 - Складваецца адчуванне, што ўвесь горад гэтымі днямі жыве фестывалем. Паўсюль - яго сімволіка, адпаведны дызайн і ненавязлівае афармленне ў стылістыцы форуму. У вынасных касах, якія гандлююць білетамі на фестывальныя паказы, - чэргі, прычым білеты можна купіць толькі на некалькі дзён наперад. У арганізацыі задзейнічана шмат структур, але зусім не адчуваецца, што ў кожнага - свой асобны ўчастак работы, за які ён адказвае: перад табой людзі, што робяць агульную справу.

- Галоўны арыенцір Берлінале - фестывальны глядач або прафесіяналы? Якім чынам вытрымліваецца баланс?

 - Форум найперш для берлінцаў, але ў рамках кінарынку, што адбываецца тымі ж днямі ёсць шэраг падзей для прафесіяналаў. Прыкладам, мы на кінамаркеце ўбачылі мноства прапаноў ад разнастайных дыстрыб'ютарскіх кампаній.

 - Але ж- не ад беларускіх... Што неабходна зрабіць, каб і наша кіно трапіла ў гэтую "абойму"?

 - Найперш неабходны кінапрадукт, адпаведны сусветным стандартам, і прафесійныя менеджэры, якія стануць яго прасоўваць. Але думаю, што неабходна проста займацца гэтым пытаннем, зарэгістравацца "Беларусьфільму" на маркеце як кампаніі, што займаецца кінаіндустрыяй і можа прэзентаваць пэўны прадукт. Была ж на кінарынку расійская кампанія, якая прадстаўляла "Брэсцкую крэпасць". Таму тыя, хто хочуць, знаходзяць магчымасці патрапіць у Берлін і заявіць пра сябе.

- Што з набытага вопыту вы плануеце пераняць і ўкараніць на "Лістападзе"?

 - Па-першае - узровень паліграфічнай прадукцыі, прынцыпы работы з інфармацыяй і яе арганізацыяй: як сабраць разам карты, расклад паказаў, звесткі пра фільмы і спрасціць падачу ўсяго гэтага. Па-другое - арганізацыю фестывальных паказаў. Прыкладам, у конкурсе Берлінале - усяго 16 карцін. Але ж агульная колькасць фільмаў і імпрэз у рамках форуму складае каля пяці соцень! Там існуе мноства праграм, і, як правіла, для кожнай з іх знаходзіцца свой зацікаўлены глядач. Думаю, і нам няма патрэбы гнацца за тым, каб усё "ўвапхнуць" у адну агульную праграму, а больш рацыянальна пайсці акурат гэткім жа шляхам. Прытым, што ў нас, канешне ж, - іншая канцэпцыя, іншая фестывальная гісторыя. Таму наша задача - захаваць сваё індывідуальнае фестывальнае аблічча, узбагаціўшы яго новым вопытам. Зразумела, нельга проста "злізаць" чужы досвед, часам гэта нават і не патрэбна. Але ж не варта і саромецца прызнаваць, што ты ў кагосьці вучышся. Галоўнае ж, што я пераняла б, - імкненне да прастаты і арыгінальнасці творчых рашэнняў.

- Наконт тэмы паліграфіі і іншай рэкламнай прадукцыі, ці з'явяцца на бліжэйшым "Лістападзе" даступныя для гледачоў сувеніры: майкі, кубкі з лагатыпам фестывалю?..

 - Сапраўды, гэта яшчэ адзін аспект, якому мы на сённяшні дзень можам толькі пазайздросціць. Пад час Берлінале побач з касамі працавалі спецыяльныя палаткі, якія гандлявалі адмысловымі сувенірамі з сімволікай фестывалю. Прычым іх асартымент не абмяжоўваўся адно толькі майкамі ды кубкамі- былі там і парасоны, візітоўніцы, мядзведзікі ў фестывальных шаліках, асобна шалікі... Прадаваліся і фестывальныя каталогі, якія, дарэчы, каштавалі не так і мала - 17 еўра. Але людзі з задавальненнем іх куплялі.

- Вы згадалі, што Берлінале традыцыйна мае шмат спонсараў. А як развіваецца супрацоўніцтва са спонсарамі ў "Лістапада"?

 - Калі пачынаеш кантактаваць з імі, усе яны надзвычай добра рэагуюць на прапановы аб супрацоўніцтве, жадаюць далучыцца да нашых імпрэз. Але ж не думаю, што варта мець ілюзіі наконт таго, што ў бліжэйшы час сітуацыя са спонсарскай дапамогай зменіцца кардынальным чынам.

- Пытанне палягае толькі ў сістэме падаткаабкладання?

 - Я думаю, у нас няма такой традыцыі, калі бізнес падтрымлівае культуру. Як няма і пэўнай канкурэнцыі ў самой галіне, каб там так віравалася творчае жыццё, што ўцягвала і людзей, якія займаюцца бізнесам. Хто можа стаць мецэнатам, спонсарам? Толькі той, хто, дасягнуўшы пэўнага фінансавага ўзроўню, разумее, што, у адрозненне ад іх, вечным можа быць толькі мастацтва. На сённяшні ж дзень людзей бізнесу неабходна як бы "падштурхоўваць" у гэты працэс, і для таго, каб сітуацыя змянілася, патрэбны час.

 - Але ж акурат у вас гэтага часу няма: чарговы "Лістапад" мусіць адбыцца ўжо гэтай восенню...

- Што ж, будзем тымі самымі "піянерамі", якія пракладваюць сцяжыну да бізнесу і ад бізнесу - да культуры. Думаю, гэта пытанне духоўнага развіцця ўсёй нацыі. Ужо сёння хочам выказаць падзяку Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Белтэлерадыёкампаніі, РУП "Белтэлеком", кіраўнікам кампаній, што сталі нашымі партнёрамі - Віктару Бабарыку і Сяргею Нечыпурэнку. Упэўнена, рана ці позна людзі прыйдуць да ўсведамлення: хто далучыўся да культуры - той выйграў.

Фота Юрыя ІВАНОВА