Каштарыс для “чорнага кабінета”

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Гаючыя слёзы музейных лялек

/i/content/pi/cult/311/5384/5-1.jpg

 За 72 гады існавання Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек створана безліч пастановак, адзначаных на самых прэстыжных тэатральных фестывалях. Сёння ж тыя лялькі, што да гэтай пары вызначаюць вехі развіцця дадзенай галіны айчыннага тэатральнага мастацтва, апынуліся пад пагрозай знікнення. Справа ў тым, што першы ў краіне Музей лялек пры сталічным тэатры які год не можа знайсці грошай на тэрмінова неабходнае пераабсталяванне і рэстаўрацыйныя работы...

 Уратаваная гісторыя

Першы ў Беларусі тэатр лялек пачаў збіраць гледачоў на свае спектаклі яшчэ ў 1938-м. І амаль адразу мастацтвазнаўцы загаварылі аб асаблівым творчым почырку айчынных мастакоў-лялечнікаў. Так адбывалася з пакалення ў пакаленне, таму цяпер мы можам без сумневу казаць, што такія творцы, як Леанід Быкаў, Аліна Фаміна, Ларыса Герлаван, Валерый Рачкоўскі, Аляксандр Вахрамееў, вызначылі кірунак развіцця нацыянальнага лялечнага мастацтва і прынеслі яму сусветнае прызнанне.

Аднак, няглядзечы на шматгадовую гісторыю, нам у спадчыну засталося не так і шмат унікальных работ тэатральных майстроў. Справа ў тым, што доўгі час дзейнічаў дакумент, згодна з якім пасля спісання спектакля дэкарацыі і лялькі неабходна было знішчаць. У выніку найстарэйшай лялькай у фондах тэатра з'яўляецца трысціначная, "народжаная" ўсяго толькі ў 1960-х! На жаль, выпадае падсумаваць: мы ўжо згубілі два дзесяцігоддзі нашай гісторыі...

Правілы, канешне, правіламі, але...

 Унікальныя работы змаглі захавацца для будучыні толькі дзякуючы высілкам асобных людзей, сярод якіх вялікая заслуга належыць былому галоўнаму мастаку тэатра Аліне Фаміной. Яна змагла зберагчы самыя каштоўныя лялькі, самастойна іх рэстаўравала.

 - Аліна Рыгораўна доўгі час даводзіла кіраўнікам тэатра, што лялькам, якія прывезлі ў краіну прызы шматлікіх прыстыжных фестываляў, неабходна годнае прыстасаванне і пасля зняцця спектакля з рэпертуару, - распавяла музейны наглядчык Яна Агеенка. - Менавіта яна змагла дабіцца таго, што ў 1995-м тэатр выдаткаваў асобную плошчу пад музей...

- Доўгі час наш музей быў адзіным у рэспубліцы, - падкрэсліў дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў. - Калегі з абласцей зазначалі, з якой цікавасцю перад пачаткам спектакля і ў антракце гледачы наведваюцца ў музей. Наша пачынанне было падтрымана калегамі: у новым будынку Гомельскага абласнога тэатра лялек адчыніўся падобны музей. Як бачым, жыццё даказвае неабходнасць існавання пры тэатры падобнай структуры. І вельмі шкада, что першы музей лялек пачынае губляць свае пазіцыі. Прайшло ўжо 16 гадоў з часу адкрыцця, і таму, натуральна, ён патрабуе капітальнай рэканструкцыі.

Штогод тэатр падае ў Мінгарвыканкам, на балансе якога знаходзіцца ўстанова, каштарыс на правядзенне рэканструкцыі музея. Але на жаль, грошы для вельмі важнага для гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва аб'екта пакуль не знаходзяцца. Увосень з праблемамі музея пазнаёмілася кіраўнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава.

- У тэатрах, падпарадкаваных Мінгарвыканкаму, існуе шмат пытанняў, якія патрабуюць значных фінансавых выдаткаў. Упэўнена, праблемы патрэбна вырашаць паступова, у першую чаргу вылучаючы больш набалелыя. Прынамсі, тэатру лялек неабходны новы аўтобус: ён дасць магчымасць выязджаць на гастролі. Таму было вырашана, што мэтазгодна ў 2011-м закупіць аўтатранспарт. Патрэбныя на рэканструкцыю музея грошы плануецца ўнесці ў фінансавую праграму 2012 года, - пракаменціравала карэспандэнту "К" сітуацыю Віталіна Рудзікава.

 Ці цёпла табе, марыянетка?

Зразумела, сёння лялечнікі не сядзяць у чаканні змен. Як могуць яны падтрымліваюць унікальны музей, праводзяць касметычныя рамонты. Аднак гэтым не вырашыць, так бы мовіць, глабальных праблем, самай галоўнай з якіх з'яўляецца пытанне тэхналагічнага переабсталявання памяшкання.

- Узімку да мяне штодня падыходзяць мамы маленькіх гледачоў са скаргамі, што ў музеі вельмі халодна. Улетку ж, наадварот: толькі і размоў, што аб духаце, - прадоўжыла Яна Агеенка. - Але ж дзеці заходзяць сюды на хвілін дзесяць. Цяпер уявіце, як такія ўмовы адбіваюцца на ляльках, што знаходзяцца тут пастаянна! Ад такіх тэмпературных перападаў экспанаты пачалі псавацца. Многія з іх зроблены з паралону, які ў такіх умовах проста расцярушваецца. Пап'е-машэ і дрэва рассыхаюцца і трэскаюцца. Цяпер ужо многім лялькам патрабуецца рэканструкцыя...

Выправіць сітуацыю, зазначаюць спецыялісты, дапамаглі б кандыцыянеры: гэта - добры спосаб стварыць прыдатны тэмпературны рэжым без выкарыстання спецыяльнай і, адпаведна, дарагой апаратуры. Але - справа, зноў-такі, упіраецца ў фінансы.

Не хапае тэатральнай скарбніцы і годнага светлавога абсталявання. Да адкрыцця доўгачаканага музея майстры тэатра прыстасавалі звычайныя побытавыя лямпы, што даюць агульнае асвятленне памяшкання. На жаль, гэты маленькі музей не мае магчымасці набыць хаця б лакальнае святло, каб кожную ляльку паднесці наведвальніку паасобку.

Канцэпцыя - ёсць! Чаго ж не стае?..

Кожны, хто хоць аднойчы быў у гэтым музеі, падцвердзіць, як шыкоўна глядзяцца экспанаты на фоне чорнага аксаміту. Але мала хто ведае, колькі высілкаў прыкладаюць лялечнікі, каб штогод ачышчаць "чорны кабінет" ад пылу і молі, якія, зразумела, таксама вельмі шкодныя для лялек.

- Можна абысціся тым, каб пачысціць паркет, прапыласосіць аксаміт, але для музея ў цэлым - гэта крок назад, - кажа Яна Агеенка. - Не адно пакаленне наведвальнікаў ужо вырасла, а мы не змяняемся. Неабходна новае канцэптуальнае вырашэнне музейнай прасторы...

 І сапраўды, сёння, пагадзіцеся, замала проста развесіць лялькі па пэўных месцах. А с а б л і в а калі ўзяць да ўвагі, ш т о асноўныя наведвальнікі - д з е ц і , "выхаваныя" ўжо на 3D-анім а ц ы і , камп'ютарных спецэфектах. Новае пакаленне вельмі патрабавальна ставіцца да візуалізацыі, і патрэбна апошні факт улічваць.

Тут не магу не згадаць пабачаную ўлетку лялечную экспазіцыю ў СанктПецярбургскім тэатры марыянетак імя Я.С. Дземяні. У першым у Расіі прафесійным тэатры лялек для невялічкай выстаўкі ўнікальных экспанатаў 1930-х гадоў прыдумалі рухомую лесвіцу, што спіраллю ўзвіваецца ад увахода да фае другога паверха. У фае ж аформлены другі стэнд- у выглядзе казачнага замка, з вокнаў якога бачныя галоўныя героі легендарных спектакляў. Вось прыклад даволі простага, але вельмі цікавага сучаснага вырашэння экспазіцыі.

Зрэшты, сталічнаму Музею лялек прапанавалі магчымыя варыянты перапланіроўкі памяшкання. Прынамсі, адзін з вучняў галоўнага мастака тэатра Валерыя Рачкоўскага прадставіў цікавую канцэпцыю, згодна з якой цэнтральная экспазіцыя павінна была стаць своеасаблівым генеалагічным дрэвам. Аднак пытанне зноў "забуксавала" на стадыі фінансавання: мастак справядліва папрасіў грошы за распрацоўку праекта.

З чаго пачынаецца прафесія?

 - Кожны тэатр пачынаецца з вешалкі? А наш - з музея! - зазначае Яна Агеенка. - Сюды трапляе кожны, хто набывае білет на спектакль. Зрэшты, мы, часцяком, - першы музей у жыцці малечы: менавіта ў нас дзеці ўпершыню знаёмяцца з паняццямі "выстаўка", "экспанат", правіламі паводзін...

Асаблівае ж значэнне адыгрывае гэтая невялічкая скарбніца для прафесійных тэатралаў і студэнтаў творчых ВНУ. Для будучых акцёраў і мастакоў экспазіцыя - найлепшы наглядны дапаможнік па гісторыі лялечнага мастацтва. Прынамсі, музей дэманструе ўсе існуючыя цяпер сістэмы лялек, частка з якіх вельмі рэдка выкарыстоўваецца на сучаснай сцэне.

 Прывяду прыклад. Фукцыю адукацыйнага цэнтра як адну з галоўных развівае Музей тэатральных лялек Дзяржаўнага акадэмічнага цэнтральнага тэатра лялек імя С.Абразцова, што ў Маскве. Гэты музей таксама пачынаўся з невялікай экспазіцыі на балконе; сёння ж ён мае больш за 3500 тэатральных лялек і атрыбутаў прадстаўленняў з 60 краін свету. Адны з іх месцяцца ў экспазіцыйнай частцы, астатнія захоўваюцца ў некалькіх асобных спецыяльных фондах.

 Акрамя гэтага, музею належыць бібліятэка, якая прапаноўвае ўсім, каму патрэбна спецыяльная літаратура, кнігі па пытаннях тэатра лялек на 43 мовах і найбагацейшы збор спецыялізаванай драматургіі. А таксама - унікальныя матэрыялы па гісторыі тэатра лялек.

- У штат музея ўваходзіць 15 чалавек, - патлумачыла карэспандэнту "К" галоўны захавальнік музея ДАЦТК Алена Гусева. - Яны займаюцца архівамі: рукапісы, чарцяжы, афішы, плакаты, праграмкі, эскізы дэкарацый і касцюмаў, відэаматэрыялы і кінафільмы, фотаздымкі, негатывы і слайды, асабістыя фонды і архіўныя матэрыялы. Каб музей быў сапраўды жывым, на яго базе мы ставім камерныя спектаклі, а таксама ладзім лекторыі для дзяцей і дарослых...

 Зразумела, што мінскаму Музею лялек аб такім маштабе дзейнасці пакуль казаць не даводзіцца. Ды і пры ўсім жаданні ў невялікім будынку тэатра не знойдзецца свабоднага пакоя пад тую ж бібліятэку ці фота-, кіна-, відэаархівы (скажам, цяпер лялечная драматургія і тэатральны архіў захоўваюцца ў загадчыка літаратурнай часткі).

 Але гэта не замінае музею дзяліцца з тымі ж студэнтамі галоўным багаццем: сакрэтамі майстэрства славутых айчынных мастакоў-лялечнікаў. Тым, каму заўтра ствараць гісторыю мастацтва, сёння гатовы распавесці сакрэты ўнікальных манекенаў з легендарнага "Майстра і Маргарыты": яны так былі падобны на звычайных людзей, што не на жарт пужалі гледачоў, калі раптам падскоквалі ў глядзельнай зале пасярод спектакля і пачыналі размаўляць. Пакажуць і тое, як дабіваліся ад персанажаў "Прыгоды шэвалье д'Артаньяна" па-французску вытанчанага павароту рукі, чым завівалі локаны гэтых лялек, што эфектна трымаюцца ўжо больш за два дзясяткі гадоў. Гэта тыя нюансы прафесіі, якія не атрымаеш з падручнікаў, без якіх не зможаш зрабіць новае адкрыццё ў сучасным лялечным мастацтве.

 Лялькі ў пошуках спонсара

Магчыма, вырашыць праблемы маленькага музея, што захоўвае гісторыю вялікага пласта нацыянальнага мастацтва, дапамаглі б спонсары. Верагодна, сярод прыхільнікаў таленту сталічных лялечнікаў рана ці позна знойдзецца мецэнат, у якога таксама баліць сэрца за лёс знакамітых лялек. Пакуль у тэатра падобнай падтрымкі няма.

Мы прызвычаіліся да таго, што кнігі, карціны, кінаі фотаплёнкі неабходна захоўваць у належным тэмпературным рэжыме, у памяшканнях, абсталяваных спецыяльнай апаратурай, каб наступнае пакаленне змагло імі карыстацца. А вось на тэатральныя лялькі многія забываюцца. Але яны - такая ж неад'емная частка мастацтва. Можна і далей марудзіць з абсталяваннем памяшкання, але можа стацца так, што, калі грошы нарэшце знойдуцца, ужо не будзе чаго захоўваць...

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"