ТАЛІПАЎ Фларыт Саліхавіч

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

Беларускае тэатральнае мастацтва панесла цяжкую страту: 21 лютага 2011-га на 63-м годзе пайшоў з жыцця вядомы рэжысёр, педагог, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ТАЛІПАЎ Фларыт Саліхавіч.

/i/content/pi/cult/311/5380/3-1.jpg

Таліпаў Ф.С. нарадзіўся ў 1948 годзе ў в. Усманава Старабалтачоўскага раёна (Башкартастан). Вучыўся ў Тэатральным вучылішчы імя Б.Шчукіна (1980 - 1982 гг.), скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (1986 г.).

У 1988-м Таліпаў Ф.С. стварыў тэатрстудыю ў г. Мінску, дзе працаваў да 1994 г. На сцэне тэатра-студыі былі пастаўлены спектаклі, якія атрымалі шырокі грамадскі рэзананс: "Картатэка" Т.Ружэвіча, "Яма" А.Купрына, "Кантрабас" П.Зюскінда і інш.

Пастаноўкі спектакляў "Месяц у вёсцы" І.Тургенева (Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі, 1995 г.), "Чайка" А.Чэхава (Гомельскі абласны драматычны тэатр, 1997 г.), "Стомлены д'ябал" С.Кавалёва (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, 1998 г.) сталі, па меркаванні спецыялістаў і крытыкі, значнай з'явай у тэатральнай культуры Беларусі.

Таліпаў Ф.С. упершыню ўвёў у тэатральную практыку беларускіх тэатраў аўтарскую рэжысуру, якая арганічна аб'ядноўвае сцэнічнае дзейства, акцёрскую прыроду пачуццяў і глядацкае ўспрыманне.

Як рэжысёр еўрапейскага ўзроўню шмат працаваў за мяжой у тэатрах Аўстрыі, Германіі, Польшчы.

Спектаклі Таліпава Ф.С. неаднойчы атрымлівалі самыя высокія прызы на міжнародных і тэатральных фестывалях "Белая вежа", "Славянскія тэатральныя сустрэчы" (Беларусь), на форумах у Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Турцыі.

3 сакавіка 2009 года Таліпаў Ф.С. з'яўляўся мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, з якім плённа працаваў на працягу многіх гадоў. На сцэне Коласаўскага тэатра Таліпавым Ф.С. прадстаўлены спектаклі "Кацярына Іванаўна" Л.Андрэева (2001 г.), "Васа" М.Горкага (2007 г.), "Мудрацы..." А.Астроўскага (2010 г.), "Квартэт" Р.Харвуда (2010 г.).

 Гэтымі днямі грамадскасць рэспублікі развітваецца з выдатным майстрам тэатра. Яго шматгадовая прафесійная дзейнасць - яркая старонка ў нацыянальнай культуры.

 Светлая памяць аб Таліпаве Ф.С. на доўгія гады застанецца ў сэрцах і памяці родных, блізкіх, сяброў, калег, гледачоў.

Латушка П.П., Акружная С.А., Анісенка В.Д., Баразна М.Р., Герасімовіч Э.І., Грыдзюшка У.П., Дудараў А.А., Кавальчык С.М., Карачэўскі У.М., Луцэнка Б.І., Мархель Т.Р., Палякоў П.І., Пінігін М.М., Рылатка У.П., Смольскі Р.Б., Шацько Р.І., Янкоўскі Р.І.