Сувеніры для Аргенціны

№ 9 (981) 26.02.2011 - 04.03.2011 г

У хуткім часе жыхары Аргенціны змогуць пазнаёміцца з традыцыямі нашай краіны.

 

 Новым этапам у міжкультурным супрацоўніцтве стала нядаўняя сустрэча супрацоўнікаў Пасольства Беларусі ў Аргенціне з дырэктарам Галоўнага ўпраўлення інстытуцыйных сувязяў Урада Буэнас-Айрэса Клаўдыё Аўрухам.

У ходзе перамоў была дасягнута дамоўленасць аб запрашэнні прадстаўнікоў беларускай дыяспары для ўдзелу ў праграмах мясцовага тэлевізійнага канала, фестывалях народнай музыкі і танца ды іншых мерапрыемствах. Бакі дамовіліся аб магчымасці правядзення Пасольствам Беларусі ў Аргенціне пры падтрымцы Урада Буэнас-Айрэса мастацкай выстаўкі. У прыватнасці, як адзначыў у размове з карэспандэнтам "К" першы сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны ў Аргенціне Сяргей Лукашэвіч, ужо сёлета плануецца наладзіць экспазіцыю твораў беларускай мастацкай культуры, традыцыйных сувеніраў і народных рамёстваў. Па словах дыпламата, цяпер вядуцца перамовы з айчыннымі галерэямі, абмяркоўваюцца пытанні дастаўкі і экспанавання работ нашых творцаў.

Летась у правінцыі Буэнас-Айрэса пры падтрымцы дыппрадстаўніцтва рэспублікі адкрыўся першы на тэрыторыі Аргенціны Цэнтр беларускай культуры. У ім праводзіцца навучанне па народных спевах, разьбе па дрэве, жывапісе, вышыўцы, гісторыі і культуры нашай зямлі.