Інтэграл для акадэміі

№ 8 (980) 19.02.2011 - 25.02.2011 г

У сузор’і “Цяльца Панятоўскага”

/i/content/pi/cult/310/5369/14-2.jpg

Сярод выбітных асоб XVIII cт., якія нарадзіліся ў Беларусі, Марцін Пачобут-Адляніцкі займае асаблівае месца. Каталіцкі святар і манах-езуіт, астраном з еўрапейскай славай, асветнік, рэктар Віленскага ўніверсітэта - усё гэта адзін чалавек, якому было наканавана жыць і працаваць у адзін з найскладанейшых перыядаў гісторыі нашай зямлі.

 Святар і астраном

Род Пачобутаў-Адляніцкіх згадваецца ў дакументах XVI- XVII стст. У прыватнасці, у 1536 годзе Мікалай Адляніцкі і яго сын Себасцьян атрымалі за службу пры манаршым двары спадчынную шляхецкую годнасць і герб "Здарбожац". Іхні далёкі нашчадак нарадзіўся 30 кастрычніка 1728 г. у вёсцы Сламянка, якая ўваходзіла ў тагачасны Гродзенскі павет.

 У 1738 - 1745 гг. М.Пачобут-Адляніцкі вучыўся ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме, па заканчэнні якога ўступіў у Таварыства Ісуса. Таксама ён прайшоў і спецыяльны педагагічны курс у Слуцку, вывучаў філасофію ў Полацку, і менавіта ў гэтым старадаўнім беларускім горадзе пачалася яго дзейнасць у якасці настаўніка. Аднак неўзабаве ён быў пераведзены ў Вільню, дзе не толькі выкладаў, але і слухаў матэматычныя лекцыі Т.Жаброўскага, які на той момант лічыўся адным з лепшых вучоных Рэчы Паспалітай у галіне дакладных навук. Апошні заснаваў у 1753 г. астранамічную абсерваторыю, а таксама кардынальна змяніў праграму выкладання матэматыкі ў Віленскай езуіцкай акадэміі, увёўшы ў праграму, да прыкладу, дыферэнцыяльнае і інтэгральнае вылічэнні.

На працягу 1754 - 1764 гг. М.Пачобут-Адляніцкі праходзіць усебаковую падрыхтоўку як вучоны-астраном і працягвае духоўную адукацыю. 18 мая 1760 г. становіцца каталіцкім святаром. Пасля атрымання ступені бакалаўра тэалогіі ён разам з Казімірам Нарушэвічам накіроўваецца за мяжу для далейшага паглыблення ведаў, але - у галіне астраноміі. Планавалася, што маладыя вучоныя будуць працаваць у Марсэльскай астранамічнай абсерваторыі, на чале якой быў каралеўскі гідрограф, сябра-карэспандэнт Парыжскай акадэміі навук, езуіт Э.Пезэн. Ён хутка ўбачыў талент М.Пачобута-Адляніцкага і прызначыў яго асістэнтам і намеснікам. Аднак палітычная сітуацыя ў Францыі для сяброў Таварыства Ісуса імкліва пагаршалася, вынікам чаго стала іх выгнанне ў 1762 г.

Тым часам вынікі даследчай працы Пачобута-Адляніцкага атрымлівалі прызнанне вучоных і знайшлі адлюстраванне ў навуковым друку. Да прыкладу, у кнізе А.-Г.Паліяна "Мірная дамова паміж Дэкартам і Ньютанам" (1763 г.) былі змешчаны вынікі астранамічных назіранняў у Авіньёне, куды М.Пачобут-Адляніцкі быў вымушаны выехаць. Там разам з К.Нарушэвічам 20 ліпеня 1763 г. ён назіраў закрыццё Антарэса - самай яркай зоркі сузор'я Скарпіёна. А.-Г. Паліян паведаміў аб высокай дакладнасці разлікаў маладых астраномаў і адзначыў, што іх Радзіма "можа ганарыцца, маючы такіх мужоў, якія пойдуць па слядах бессмяротнага Каперніка і знакамітага Гевелія".

Шлях насустрач зоркам

 Па вяртанні з-за мяжы М.ПачобутаАдляніцкага ўжо чакала пасада кіраўніка астранамічнай абсерваторыі і выкладчыка астраноміі ў акадэміі. Прыбыццё яго і К.Нарушэвіча ў 1764 г. слушна лічыцца важным пунктам у развіцці вышэйшай навучальнай установы ў Вільні. На пасадзе кіраўніка Віленскай астранамічнай абсерваторыі М.Пачобут-Адляніцкі знаходзіўся да 1807 г.

Дзейнасць яго ў цэлым гарманічна спалучала фундаментальныя даследаванні з вырашэннем практычных задач. У межах праграмы па стварэнні карты Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Віленскай астранамічнай абсерваторыі была вызначана геаграфічная шырата Беластока, Брэста, Ліды, Навагрудка, Ашмянаў, Відзаў, Вільні, Ваўкавыска ды іншых гарадоў і мястэчкаў. Пачатак гэтых прац быў адзначаны наданнем абсерваторыі статуса караўлеўскай, а яе кіраўніку- тытула каралеўскага астранома.

З першай паловы 1770-х гг. цікавасць кіраўніка Віленскай астранамічнай абсерваторыі звярнулася на складаны для даследаванняў аб'ект - Меркурый. Становішча бліжэйшай да Сонца планеты вызначала вельмі абмежаваны час для правядзення даследаванняў. Калі верыць легендзе, сам М.Капернік з жалем казаў, што яму ніколі не выпадала назіраць гэтае нябеснае цела. Ды і цяпер не кожны астраном можа сказаць, што ён "бачыў" Меркурый./i/content/pi/cult/310/5369/14-1.jpg

Аднак М.Пачобут-Адляніцкі з характэрнай для яго энергіяй ажыццявіў праграму назіранняў Меркурыя: да прыкладу, у 1786-м іх было праведзена 60, а ў наступным годзе - звыш 120. Выніковыя даныя, атрыманыя ў Вільні, былі выкарыстаны Ж.-Ж.Ф. Лаландам для карэкцыі табліц руху Меркурыя, аб чым ён паведаміў у "Мемуарах" Парыжскай акадэміі навук. Як вядома, шматлікія даследаванні Меркурыя разам з каласальнай абагульняючай працай прывялі да адкрыцця анамалій у яго руху, якія ў XX ст. А. Эйнштэйн выкарыстае для абгрунтавання агульнай тэорыі адноснасці.

Сведчаннем міжнароднага прызнання М.Пачобута-Адляніцкага стала яго абранне ў 1771 г. у склад Лонданскай акадэміі навук, а ў 1778 г. наданне звання сябра-карэспандэнта Парыжскай акадэміі навук.

Варта адзначыць і яшчэ пра адзін цікавы факт з дзейнасці вучонага. У сярэдзіне 1770-х гг. М.Пачобут-Адляніцкі прапанаваў па выніках назіранняў увесці новае сузор'е - Каралеўскі Цялец Панятоўскага. Аснову яго павінны былі скласці некалькі зорак, якія ў "Альмагесце" Пталемея змяшчаліся каля Змеяносца і ўтваралі V-падобную групу. У святле сучасных гісторыкаастранамічных ведаў мы можам упэўнена сцвярджаць, што стварэнне новага зорнага "Цяльца" мела істотныя навуковыя мэты. Гэта перш за ўсё - жаданне прыцягнуць увагу да цікавай часткі зорнага неба. У прысвечаным Каралеўскаму Цяльцу Панятоўскага артыкуле, які быў змешчаны ў чацвёртым томе "Дадатку" да знакамітай энцыклапедыі Д.Дзідро і Д'Аламбера, французскі астраном Ж.-Ж.Ф. Лаланд пісаў: "М.Пачобут прапаноўв а е д а кладна даследаваць размяшчэнне ўсіх зорак, з якіх складаецца яго новае сузор'е, нават тых, што магчыма заўважыць толькі пры дапамозе тэлескопа". Інтуіцыя не падвяла віленскага астранома. У 1916 г. амерыканскі вучоны Э.-Э. Бaрнард адкрыў зорку з найвялікшай уласнай хуткасцю, але вельмі малой бачнай велічынёй. І якраз адна з зорак Цяльца Панятоўскага стала арыенцірам да зоркі Барнарда. Гаворка пра 66 Змеяносца, якая ўваходзіць у склад астэрызму "Цялец Панятоўскага".

"Фізіка нябесная і зямная"

Пачобут-Адляніцкі шмат увагі прысвячаў папулярызацыі навуковых ведаў сярод шырокіх колаў насельніцтва. Да гэтага часу застаецца малавядомым вялікі артыкул кіраўніка Віленскай абсерваторыі "Астранамічныя звесткі аб зорках, Сонцы і планетах", змешчаны ў "Віленскім календары" на 1775 г. У ім Пачобут-Адляніцкі рашуча абвяргае ўсе іншыя сістэмы свету, акрамя геліяцэнтрычнай, паколькі яны супярэчаць "не толькі назіранням і тэорыі, але таксама бясконцай мудрасці, велічы і славе Вялікага Творцы".

Артыкул быў накіраваны перш за ўсё супраць астралагічных забабонаў. Як падкрэслівае сам М.Пачобут-Адляніцкі, шчасце чалавека залежыць не ад становішча нябесных цел, а ад асвечанасці розуму, сардэчнай прастаты і дабрыні спраў. На думку вучонага, астраномія і іншыя навукі, перш за ўсё "фізіка нябесная і зямная", вядуць чалавека праз пазнанне таямніц Сусвету да шанавання Бога. Сярод іншага, у артыкуле М.Пачобута-Адляніцкага падр/i/content/pi/cult/310/5369/14-3.jpgабязна разгледжаны пытанні будовы Сонечнай сістэмы, а Меркурыю, Венеры, Марсу, Юпітэру, Сатурну прысвечаны асобныя раздзелы. Вялікі аб'ём адведзены звесткам аб Зямлі, яе руху.

 Ордэн Белага Арла і брыльянтавы пярсцёнак

Нарэшце ў 1780 г. М. Пачобут-Адляніцкі стаў рэктарам Віленскага ўніверсітэта. Вучонаму давялося ўзначаліць арганізацыю сістэмы асветы ў Вялікім Княстве па прапанаваных Адукацыйнай камісіяй праграмах. І каласальная праца М.Пачобута-Адляніцкага ў гэтай сферы не засталася без увагі. Яшчэ ў 1775-м кароль Рэчы Паспалітай загадаў вырабіць медаль з яго партрэтам, а ў 1785 і 1793 гг. узнагародзіў ордэнамі Святога Станіслава і Белага Арла адпаведна. Прыняцце канстытуцыі 1791 г. ён успрыняў з вялікім энтузіязмам, паспяхова абараняў рэформы ў галіне асветы на гродзенскім сейме 1793 г., пазней падтрымаў паўстанне Т.Касцюшкі, ахвяраваў значныя сродкі на патрэбы войска. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. вядомасць і аўтарытэт дапамаглі М.Пачобуту-Адляніцкаму на пэўны час захаваць без істотных змен становішча ў адукацыйных справах. Але пагаршэнне зносін з царскімі ўладамі прывяло да адстаўкі вучонага з пасады рэктара ў 1799 г.

Апошнія дзесяць гадоў жыцця М.Пачобут-Адляніцкі працягвае навуковую працу, ажыццяўляе праграму назіранняў малых планет Сонечнай сістэмы. Ягоныя веды і вопыт былі запатрабаваны пры ажыццяўленні новай рэарганізацыі Віленскага ўніверсітэта. У 1807 г. куратар Віленскай навучальнай акругі А.-Е. Чартарыйскі і міністр асветы П.Завадоўскі прадставілі хадайніцтва аб спецыяльным павышэнні пенсіі для М.ПачобутаАдляніцкага. Імператар Аляксандр І не толькі пагадзіўся з прапановай аб павышэнні пенсіі, але і падарыў віленскаму астраному брыльянтавы пярсцёнак. У 1807-м М.Пачобут-Адляніцкі паступова адыходзіць ад актыўнай дзейнасці і перадае абсерваторыю Яну Снядэцкаму. У наступным годзе ён пакідае Вільню і да канца жыцця жыве ў Дынабургскім езуіцкім кляштары.

Павел КОСМАЧ, кандыдат гістарычных навук

На здымках: партрэт М.Пачобута-Адляніцкага пэндзля мастака Ю.Аляшкевіча;

выява сузор'я "Цялец Панятоўскага";

 тэлескоп - падарунак Радзівілаў Віленскай абсерваторыі.